Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускі верталёт расстраляў амэрыканскіх пэнсіянэраў


Ігар Карней, Менск 12 верасьня 1995 году некалькі паветраных шароў, якія бралі ўдзел у міжнародны спаборніцтвах паветраплавальнікаў, пасьля старту ў Швэйцарыі накіраваліся на ўсход. Аднак да фінішу экіпажы даляцелі са стратамі: гандола вопытных падарожнікаў, амэрыканскіх пэнсіянэраў Алана Фрэнчэла і Джона Сьцюарта была зьбітая сіламі беларускай супрацьпаветранай абароны.

Сёньня месца падзеньня амэрыканскіх паветраплавальнікаў блізу Бярозы наведалі прадстаўнікі амбасады ЗША ў Беларусі – Марк Норбэрг і Джэймс Лэнд, абодва супрацоўнікі дэпартамэнту інфармацыі, культуры і асьветы. Дыпляматаў суправаджала перакладчыца Ала Віхніна.

Як распавяла нашаму радыё мясцовая журналістка Тамара Шчапёткіна, ля каменю, які паставілі на месцы падзеньня паветранага шара бярозаўскія актывісты, дыпляматы выпадкова сустрэліся са сьведкамі трагедыі дзесяцігадовай даўніны – Валянцінай і Зіновіем Салаўямі.

Як сьцьвярджаюць сьведкі, амэрыканскія пілёты былі жывыя ў момант расстрэлу гандолы – муж і жонка на ўласныя вочы бачылі бартавы часопіс, апошні запіс у якім быў зроблены аб 11-й гадзіне раніцы 12 верасьня. Апоўдні запалены балён пратараніў бліжэйшы ад лецішчаў лясок.

Адрозна ад астатніх сьведкаў, Салаўі кажуць, што бачылі да непазнавальнасьці скарэжаныя целы паветраплавальнікаў. Так, паводле спадарыні Валянціны, кавалак дрэва наскрозь прабіў бок Джона Сьцьарта, а твар Алана Фрэнчэла быў проста зьнесены.

Апроч таго, Салаўі сьцьвярджаюць, што таксама бачылі мапу палёту і дазвол на пралёт празь Беларусь. Потым усе гэтыя сьведчаньні кудысьці зьніклі.

Пасьля 12 верасьня 1995 году паветраплавальнікі не рызыкуюць праводзіць спаборніцтвы побач з Беларусьсю

Наш карэспандэнт з дапамогай сьведкаў аднаўляў храналёгію падзеяў 10-ці гадовай даўніны.

У маляўнічым мястэчку Сігулда ў Латвіі гэтымі днямі праходзяць рэгіянальныя спаборніцтвы на дальнасьць палёту паветраных шароў. Аднак некаторыя замежныя экіпажы адмовіліся браць удзел у фэстывалі: маўляў, Латвія мяжуе зь Беларусьсю, а стаўленьне пільных беларускіх вайскоўцаў да аматараў гэтага віду спорту агульнавядомае. Гаворыць адна з удзельніц спаборніцтваў ад Латвіі Карына Лібека, якая, апроч таго, уваходзіць у аргкамітэт чэмпіянату.

(Лібека: ) “Калі мы пачалі запрашаць да ўдзелу ў спаборніцтвах замежных паветраплавальнікаў, многія адказалі: ды вы што – ад Латвіі да Беларусі толькі некалькі гадзінаў ляцець… Да таго ж, магчыма, гэта і нашая памылка, што фэстываль прызначаны ўвосень, якраз у гадавіну расстрэлу паветранага шару з амэрыканцамі. Таму самы папулярны адказ на запрашэньне быў адзін – мы да вас не паляцім”.

Ад ускраіны Бярозы да дачных каапэратываў маторарамонтнага заводу і пчалярскага таварыства “Пчолка” ня болей за 6 кілямэтраў. Нічым не прыкметныя лецішчы праславіліся дзякуючы цэламу шэрагу трагічных супадзеньняў. 12 верасьня 1995 году ў нейкім дзесятку мэтраў ад крайніх дамоў рухнуў паветраны шар, які перад тым атакаваў ваенны гелікоптэр (гэта бачылі зь зямлі шматлікія сьведкі). З таго супрацьстаяньня можна было б і павесяліцца, але ў “капсуле” аказаліся людзі... Мёртвыя. Спэцыяльна ўтвораная дзяржаўная камісія так і не патлумачыла, чым раззлавалі беларускае вайсковае камандаваньне спартоўцы-экстрымалы. Тагачасны начальнік аддзелу апэратыўнага рэагаваньня Савету бясьпекі, генэрал Юрый Сівакоў з асаблівым напорам паўтараў адно – амэрыканцы памерлі яшчэ да таго, як іх зьбілі. Маўляў, падняліся на небясьпечную вышыню і сканалі ад недахопу кіслароду. Было й альтэрнатыўнае меркаваньне – амэрыканцы ў горшым выпадку маглі знаходзіцца без прытомнасьці, але да зямлі ляцелі жывымі.

Самым нечаканым саўдзельнікам тых падзеяў можна лічыць цяперашняга рэдактара тыднёвіка “Свободные новости-плюс” Васіля Зданюка. На той час спадар Зданюк, апроч таго, што вёў у газэце вайсковую тэматыку, працаваў у рэдакцыі маскоўскага “Военного журнала”, ад якога і атрымаў заданьне зрабіць інтэрвію з камандуючым сіламі супрацьпаветранай абароны Валерыем Кастэнкам.

(Зданюк: ) “12 верасьня 1995 году мы сустрэліся ў ягоным кабінэце. Я ўключыў дыктафон, і ён мне пачаў расказваць пра адзіную расейска-беларускую сыстэму супрацьпаветранай абароны. Гаворка ішла пра розныя паветраныя інцыдэнты. Прыкладам, як над Менскам на вялікай вышыні прайшоў паветраны шар. Папярэдзілі Маскву, там высьветлілі, што гэта мэтэаралягічныя зонд, які заблудзіў. І ў гэты момант на стале сярод кучы тэлефонаў адзін ажыў. Кастэнка здымае слухаўку – наўпроставае злучэньне з камандным пунктам. Я чую, як па гучнай сувязі ён размаўляе з апэратыўным дзяжурным. Палкоўнік дакладае, што зафіксаваны невядомы паветраны аб’ект у зоне адказнасьці такога-то дывізіёну. Ляціць на нізкай вышыні, ні на якія запыты не адказвае, трэба прымаць рашэньне, бо пачынаюцца палёты на аэрадроме ў Бярозе, і вельмі хутка шар даляціць якраз туды. Кастэнка падышоў да мапы, загадаў падняць дзяжурны гелікоптэр – маўляў, няхай паглядзіць, што гэта за шар”.

Паводле Васіля Зданюка, наступныя паўгадзіны іх размова з генэралам Кастэнкам яшчэ некалькі разоў перарывалася сэансамі сувязі з апэратыўным дзяжурным і камандзірам экіпажу гелікоптэру Мі-24. Калі прыйшлі да агульнай высновы, што гэта бесьпілётны апарат, генэрал аддаў загад зьнішчыць аб’ект. Але чаму ніхто не зьвярнуў увагу на гандолу, дзе маглі быць людзі; на выразную эмблему чэмпіянату сьвету, што была на балёне? На думку Васіля Зданюка, каб Кастэнка яшчэ хвілінаў 10 пачакаў з прыняцьцем канчатковага рашэньня, трагедыі можна было пазьбегнуць. Амаль усьлед за зьбітым, як тады думалі, “зондам”, пераляцеў беларускую мяжу наступны, потым яшчэ адзін... Гэта прымусіла б высьветліць прычыну такога актыўнага “паломніцтва”. Яна палягала ў наступным: Швэйцарыя праводзіла 39-ы чэмпіянат сьвету на дальнасьць палётаў, пра што яшчэ за некалькі месяцаў арганізатары папярэдзілі дыспэтчарскія службы Беларусі. Праз некалькі месяцаў кіраўніцтва памежнага камітэту прызналася: яшчэ ў красавіку атрымала той ліст, аднак нібыта арганізатары недакладна акрэсьлілі калідор плаваньня... Адмыслоўцы на гэта кажуць, што калі маеш справу толькі з ветрам, дакладна прагназаваць маршрут амаль немагчыма.

Тым часам, Васіль Зданюк, скончыў размову з генэралам Кастэнкам і накіраваўся ў рэдакцыю.

(Зданюк: ) “Мы зь ім завяршылі гутарку недзе а 12-й. Без усялякай задняй думкі, думаючы пра тое, які цікавы эпізод з паветраным шарам можна ўплесьці у інтэрвію, прыяжджаю ў рэдакцыю, пачынаю гаварыць з Аляксандрам Уліцёнкам, тагачасным рэдактарам. Расказваю: быў у Кастэнкі і стаў сьведкам, як зьбілі паветраны шар. У гэты час працуе радыё і раптам перадаюць: у раёне Бярозы нашая супрацьпаветраная абарона зьбіла амэрыканцаў. І вось тады я зразумеў, што стаў нявольным сьведкам тых трагічных падзеяў: аказалася, што там было двое амэрыканскіх грамадзянаў і слабым суцяшэньнем можа служыць хіба толькі тое, што ў момант расстрэлу знаходзіліся яны нібыта ў непрытомным стане”.

Два гады таму, прыблізна ў гэты ж час, на месца падзеньня зьбітай беларускімі вайскоўцамі гандолы мяне прывёз жыхар Бярозы Іван Цімошык. Тэлефаную яму зараз, пытаюся: мо ў гадавіну трагедыі плянуюцца якія жалобныя мерапрыемствы? На што Іван Паўлавіч нечакана адказаў: падаецца, людзі ўжо згубілі да гэтага ўсялякі інтарэс.

(Цімошык: ) “Не, мусіць, нічога не плянуецца”.

(Карэспандэнт: ) “І вы самі на гэта месца, куды і мяне вазілі, таксама ня езьдзіце?”.

(Цімошык: ) “Шчыра кажучы, ужо неяк забылася гэта ўсё, і я сам нават ня ведаю – бывае там хто ці не. Я, прынамсі, даўно ўжо ня быў”.

(Карэспандэнт: ) “Інтарэс, вы кажыце, зьнік?..”.

(Цімошык: ) “Зьнік інтарэс на гэты конт. Мяркую, асабліва ніхто туды і ня езьдзіць. А можа, і памыляюся. Я, прынамсі, даўно ня быў”.

Аддаленасьць дачных каапэратываў ад цэнтральных дарогаў, з аднаго боку, сапраўды мала спрыяе, каб сюды не зарастала сьцяжынка памяці. Але той, хто хоча на свае вочы ўбачыць – дзе заўчасна скончыўся маршрут Алана Фрэнчэла і Джона Сьцюарта, усё ж мае такую магчымасьць. Узгадвае жыхар Бярозы Сяржук Русецкі.

(Русецкі: ) “Чуткі адразу папаўзьлі, людзі адзін аднаму расказвалі; нехта каровы пасьвіў ці на гародзе быў, як падаў той шар. А што да ідэі помніка, то гэта мой сябра, Васіль Азаранка, прапанаваў камень паставіць. Зрэшты, ён і надпіс, і даты выбіваў. А ўжо потым разам завезьлі і ўсталявалі”.

(Карэспандэнт: ) “Апраўданыя былі, з вашага гледзішча, дзеяньні вайскоўцаў, якія зьбівалі паветраны шар, не пераканаўшыся, ёсьць там хто, ці не?”.

(Русецкі: ) “Ну, у вайскоўцаў усё ж свая сыстэма загадаў. І калі быў загад зьбіць, яны яго і выканалі. Тут яшчэ і рэшткі “халоднай вайны”, савецкіх адносінаў да ўсяго, што можа ляцець, а што не. Напэўна, у тых жа вайскоўцаў засталася ў галаве памяць пра Руста, які сеў на Чырвонай плошчы ў Маскве. Вайскоўцы – гэта людзі, якія не самі часьцяком прымаюць рашэньні, а проста выконваюць вышэйшы загад”.

Як ужо распавёў спадар Русецкі, ініцыятар ушанаваньня амэрыканскіх паветраплавальнікаў – жыхар Бярозы Васіль Азаранка. Сам камень усталявалі на гадавіну трагедыі, аднак спадар Азаранка ўдакладняе: колькі разоў прыяжджаў на тое месца і ў першы год, і пасьля таго, як камень ужо заняў сваё месца, у ляску заўсёды ляжаць жывыя кветкі. Сёньня Васіль Азаранка ўзгадвае, што разам з Сержуком Русецкім прыехалі на месца падзеньне гандолы хутка, але ня першымі.

(Азаранка: ) “Людзі, канечне, там ужо розныя пабывалі. Але сьмецьце нейкае яшчэ валялася, плястмасавыя дэталі нейкія, раскіданыя часткі абсталяваньня. Бачна было, што ўсё ня нашае, тое, што з шару вывалілася, альбо мясцовыя павыцягвалі. Дзеці, натуральна, першыя туды прыбеглі, дык казалі, што значкі нейкія знаходзілі. Але ня бачыў я, каб нейкія рарытэты ці штосьці значнае ў кагосьці было зь іншых людзей. А мы, у сваю чаргу, сьмецьце падгрэблі ды закапалі на тым самым месцы”.

(Карэспандэнт: ) “Але самога балёну, капсулы ўжо не было?”.

(Азаранка: ) “Як казалі, спачатку людзі простыя, канечне, зьбегліся. І хто мог, што тут хаваць, перабраў рэчы, якія там валяліся. А саму гандолу, натуральна, забралі пэўныя органы”.

(Карэспандэнт: ) “Разам з загіблымі…”.

(Азаранка: ) “Так. Дый вымалі іх ня тут. Яна ж была зачыненая, калі людзі зьбегліся пасьля таго, як балён упаў. Гэта ж усё ў іх на вачох здарылася, некаторыя бачылі, як падлятаў гелікоптэр, як кружыў над гандолай, як выбухі былі, стрэлы. І калі ён упаў, пабеглі, канечне, туды. Ну, а што там? Капсула, і ўсё, яна ж зачыненая, яна не разьбілася, корпус вытрымаў. Парашут, уся гэтая канструкцыя за галіны дрэваў чаплялася і троху затармазіла ўдар. І хоць удар быў вельмі моцны, але на часткі кошык не рассыпаўся. Магло і горш скончыцца, каб на хаты ўпаў, запраста мог зваліцца на дахі. А тону, мабыць, тая гандола важыла”.

(Карэспандэнт: ) “Іншы плюнуў бы – маўляў, ня нашы людзі, упала, і няхай сабе. А вось у вас зьявілася думка нават нейкага помніка…”.

(Азаранка: ) “Можа яшчэ ад рамантызму юнацкага не адышоў. Усё ж быў на 10 гадоў маладзейшы. У свой час вельмі захапляўся Жуль Вэрнам, ягонымі паветранымі падарожнікамі. Дый усе мы, мяркую, “перахварэлі” Вэрнам ды іншымі майстрамі прыгодніцкага жанру. Таму, можа нават і гэта”.

Пасьля таго, як у тыднёвіку “Свободные новости” выйшаў матэрыял Васіля Зданюка, які не супадаў у радыкальнасьці высноваў зь іншымі публікацыямі ў незалежных СМІ, у рэдакцыю было шмат цікавых тэлефанаваньняў.

(Зданюк: ) “Як толькі матэрыял быў надрукаваны, некалькі журналістаў з розных выданьняў спрабавалі купіць у мяне стужку. Адна вядомая радыёжурналістка прапаноўвала 150 даляраў, а іншы тэлевізыйшчык, які прадстаўляў ў Беларусі расейскі канал,– 400 даляраў. Я адмовіўся, таму што з майго боку было б нядобра, мякка кажучы, гандляваць такімі рэчамі. І мы гэтую касэту пад бутэльку каньяку зьнішчылі разам з генэралам Кастэнкам. Паслухалі яе спачатку, а потым, калі яна круцілася ў зваротным кірунку на дыктафоне, пад гэтую бутэльку стужку зьнішчылі”.

Ніхто зь беларускіх дзяржаўных асобаў ня ўзяў на сябе адказнасьць за трагічны інцыдэнт. Праўдападобна, першы час трагічную навіну спрабавалі ўвогуле схаваць ад грамадзкасьці – амбасада ЗША ў Менску толькі праз суткі дазналася пра гібель паветраплавальнікаў. Сваякі так і не дачакаліся словаў прабачэньня ад імя кіраўніцтва Беларусі. У Аляксандра Лукашэнкі, дарэчы, была выдатная магчымасьць гэта зрабіць : літаральна праз месяц пасьля здарэньня ён выступаў на юбілейнай сэсіі ААН у Нью-Ёрку і з гледзішча маральнасьці быў абавязаны даць нейкія тлумачэньні на радзіме Фрэнчэла і Сьцюарта. Улады ЗША дагэтуль застаюцца ў перакананьні: зьбіваць паветраны шар не было ніякай неабходнасьці, паколькі яго аб’ектыўна цяжка асацыяваць са зьнішчальнікам ці бамбардзіроўшчыкам... Аднак і празь 10 гадоў кожны застаўся пры сваім.
XS
SM
MD
LG