Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крымінальны артыкул, які ганьбіць Беларусь”


Грамадзкія актывісты Асамблеі няўрадавых арганізацый пачалі кампанію за адмену артыкула Крымінальнага кодэксу 193-1, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.


Праваабаронцы заяўляюць, што гэты артыкул супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным абавязкам Беларусі ў галіне правоў чалавека. Старшыня аргкамітэту незарэгістраванай Асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргей Мацкевіч паведаміў журналістам пра пачатак грамадзкай кампаніі за скасаваньне артыкула 193-1:

Сяргей Мацкевіч
“Мы абвяшчаем грамадзкую кампанію за адмену артыкула 193-1, які ганьбіць Беларусь. Мэта кампаніі — ня проста дамагчыся адмены артыкула, а ўвогуле дамагчыся адмены забароны на дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ў розных заканадаўчых актах Беларусі. Нашы актывісты будуць інфармаваць грамадзтва пра гэтую праблему праз мэдыі і інтэрнэт, аказваць пэўны ціск на ўлады, праводзіць публічныя акцыі. Дарэчы, адначасова гэтым паспрабуем умацаваць адзінства ў трэцім сэктары. Таксама будзем выкарыстоўваць звароты да дэпутатаў”.

Паводле Сяргея Мацкевіча, падчас грамадзянскай кампаніі будуць падрыхтаваныя звароты ў ААН і Вэнэцыянскую камісію, дзе вядомыя экспэрты вывучаюць адпаведнасьць нацыянальных законаў міжнародным нормам. Актывісты Асамблеі няўрадавых арганізацый кажуць, што змогуць даказаць, што пэўныя беларускія законы не адпавядаюць Дэклярацыі правоў чалавека.

Аднымі зь першых да кампаніі далучыліся праваабаронцы з “Нашай вясны”, якая днямі атрымала зь Мін’юсту паведамленьне, што яе зноў не зарэгістравалі. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч заявіў з гэтай нагоды, што актывісты “Нашай вясны” больш ня будуць падаваць дакумэнтаў на рэгістрацыю, але сваёй дзейнасьці ня спыняць:

Валянцін Стэфановіч
“Для нас ёсьць пагроза — у наяўнасьці артыкула 193-1. І мы нездарма заяўляем дзяржаўным чыноўнікам: вы ня хочаце нас рэгістраваць, мы будзем працаваць без рэгістрацыі. Мы ня лічым, што парушаем закон, ня бачым у гэтым злачынства. Калі дзяржава бачыць у гэтым злачынства, хай гэта будзе яе праблема”, — заявілі праваабаронцы з “Нашай вясны” Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Ўладзімер Лабковіч.

У заяве для прэсы праваабаронцы назвалі чарговую адмову ў рэгістрацыі “Нашай вясны” “сыстэматычнай дыскрымінацыяй” заяўнікаў арганізацыі і сьведчаньнем таго, што “беларускія ўлады не гатовыя да правядзеньня дэмакратычных зьменаў”.



Нагадаем, пасьля скасаваньня рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі “Вясна” ў 2004 годзе актывісты спрабавалі зарэгістравацца пад новай назвай “Наша вясна” ў 2007 годзе, потым у лютым і сакавіку 2009 году — і ўсё марна. Артыкул 193-1 аб крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі не адзін раз ужываўся супроць дэмакратычных актывістаў. У прыватнасьці, паводле гэтага артыкула ў 2006 годзе былі асуджаныя 4 актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG