Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя шукае партнэраў за рамкамі Эўразьвязу


Будынак нарвэскага парлямэнту – стортынгу
Будынак нарвэскага парлямэнту – стортынгу

Сёньня пачынаецца візыт у Нарвэгію групы беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. Наведаць Осла атрымалі запрашэньне Алесь Бяляцкі, Аляксандар Казулін, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч і Андрэй Саньнікаў. Яны правядуць шэраг кансультацыяў з нарвэскімі палітыкамі. Нарвэгія, хаця і не ўваходзіць у Эўразьвяз, але мае выразна афарбаваную цікавасьць да Беларусі.

Анатоль Лябедзька кажа, што галоўнай тэмай абмеркаваньня стане сытуацыя ў Беларусі і пэрспэктывы яе дэмакратызацыі:

“Нягледзячы на тое, што Нарвэгія не зьяўляецца сябрам Эўразьвязу, яе голас у выпрацоўцы эўрапейскай палітыкі даволі важкі. І традыцыйна афіцыйны Осла праяўляе зацікаўленасьць да сытуацыі ў Беларусі. Нарвэгія не дыстанцыюецца ад справаў нашай краіны: яе палітыкі даволі актыўна робяць заявы адносна Беларусі ў розных міжнародных арганізацыях. І гэта трэба выкарыстаць асабліва цяпер, калі ідзе спроба напоўніць эўрапейскую стратэгію, эўрапейскую палітыку канкрэтным зьместам”.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў лічыць, што беларуская апазыцыя невыпадкова пачынае выходзіць за рамкі Эўразьвязу:

“Паколькі Эўрапейскі Зьвяз пачаў фарсіраваную нармалізацыю адносінаў зь беларускім урадам, трэба шукаць іншыя кірункі працы, іншыя кантакты. І падаецца, што Нарвэгія можа быць адным з такіх кантактаў. Гэта – досыць багатая дзяржава, і яна можа прычыніцца да фінансаваньня беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, праектаў. І да таго ж яна не ўваходзіць у Эўразьвяз, і гэта значыць, што яе замежная палітыка не залежыць ад Брусэлю.

Гэтая краіна досыць даўно спансаравала беларускую грамадзянскую супольнасьць, разнастайныя адукацыйныя праекты. Таму нельга казаць, што гэта зусім новы кірунак. Але паколькі іншыя кірункі перастаюць быць такімі актуальнымі, як былі раней, таму новыя магчымасьці пачынаюць выходзіць на першы плян”.

Анатоль Лябедзька кажа, што краіны Паўночнай Эўропы цяпер могуць стаць для беларускай апазыцыі больш прывабнымі:

“Мы зыходзім з прынцыпу – стукайся ўва ўсе дзьверы, і якія-небудзь адчыняцца. Калі глядзець на эўрапейскую мапу з пункту гледжаньня ня толькі сёньняшняга дня, а нейкай больш далёкай пэрспэктывы, то трэба прызнаць: нашымі партнэрамі найперш могуць быць краіны-суседзі і краіны Паўночнай Эўропы. Гэта адносна невялікія па эўрапейскіх маштабах краіны, але для іх дэмакратычныя каштоўнасьці маюць больш магутную каранёвую сыстэму”.

Для праваабаронцы Алеся Бяляцкага Нарвэгія – наагул надзвычай важная краіна:

“Там традыцыйна надаюць вельмі вялікую ўвагу захаваньню правоў чалавека. І ня толькі ў сваёй краіне, а вельмі пільна назіраюць, што робіцца ўва ўсім сьвеце. Недарэмна там уручаюць Нобэлеўскую прэмію міру.

Мы маем з Нарвэгіяй сумесны праект – Дом правоў чалавека ў Вільні. У ім удзельнічаюць многія беларускія праваабарончыя арганізацыі. І ён падтрымліваецца нарвэскай Фундацыяй дамоў правоў чалавека. А Нарвэскі Хэльсынскі камітэт неаднаразова выказваўся пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і прымаў спэцыяльныя заявы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG