Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма валюты – няма працы


У Беларусі ўжо і чыноўнікі прызнаюць, што з-за складанай сытуацыі ў эканоміцы толькі за апошні час 600 тысяч работнікаў па ўсёй краіне часова прыпынілі сваю дзейнасць. 28 красавіка пра гэта заявіў Уладзімер Зіноўскі —старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Хто і як трапляе цяпер у беспрацоўныя? Падрабязнасьці сытуацыі высьвятлялі рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

ВІЦЕБШЧЫНА


На наступны месяц — поўная невядомасьць

На непаразуменьні з валютнымі курсамі першымі адрэагавалі віцебскія фірмы, якія ўсталёўваюць плястыкавыя вокны. Пра гэта распавёў супрацоўнік адной з такіх фірмаў спадар Анатоль, які цяпер у вымушаным адпачынку:

"Некаторыя фірмы па вокнах спынілі сваю працу. Вымушаны адпачынак, можна так сказаць. Імпартнае няма на што закупіць — што было зь Нямеччыны, Турцыі, Аўстрыі… Цэны даводзілася ўздымаць. Адным словам, за ўсё, што куплялі за валюту, няма чым разьлічвацца".

Спадар Анатоль кажа, што з улікам падаражэньня ўсіх імпартных дэталяў кошт аднаго вакна ў сярэднім падвысіўся на 80%. І кліенты перасталі зьвяртацца. Адзінае выйсьце — гэта купляць вокны беларускай вытворчасьці, якія вырабляе магілёўскае прадпрыемства "Манблан". Але яны ніжэйшай якасьці, дый людзі ўжо ня мараць пра грунтоўны рамонт у кватэрах, бо мусяць купляць больш неабходныя рэчы — адзеньне і прадукты.

Зрэшты, у віцебскіх гандлёвых цэнтрах таксама нешматлюдна. Валюту прадпрымальнікі купіць ня могуць, паспрыяў ім толькі надыход цёплага надвор’я.

Гэтак мяркуе прадпрымальніца Ірына Яскевіч, якая працуе ў гандлёвым цэнтры "Эвіком":

"Бяз гэтых магчымасьцяў набыць валюту — складана! Ідзе вясна, і ўсе пераапранаюцца ў вясеньне-летняе адзеньне. Так што крыху ратуе сытуацыю тое, што гэты тавар прадпрымальнікі набылі яшчэ летась. Але, думаю, яшчэ які тыдзень, пакуль усе не набудуць сэзоннае адзеньне, мы пратрымаемся. А потым многія, напэўна, будуць зачыняцца".

Ужо цяпер у гандлёвых цэнтрах ёсьць зачыненыя ралеты -- гаспадары практычна ня маюць працы.

"Дзень пры дні больш кандыдатаў у беспрацоўныя"

Адны віцебскія прадпрымальнікі звычайна езьдзяць па тавар за мяжу, іншыя бяруць прадукцыю імпартнай вытворчасьці ўжо на беларускіх гуртовых базах. Гэтых другіх да беспрацоўя штурхае то, што самі базы спыняюць працу празь немагчымасьць набыць "валютны" тавар, працягвае Ірына Яскевіч:

"Я ведаю, што некаторыя базы сышлі ў адпачынкі без захаваньня заробку, бо па новых коштах імпартныя тавары сталі дарагія і незапатрабаваныя. Да прыкладу, усім вядомыя разрэклямаваныя шампуні, пампэрсы. Нават такія буйныя гандлёвыя фірмы, як "Веста" і "Амега", проста адмаўляюцца ад пэўнага асартымэнту тавараў. А базы — тыя адмаўляюцца працаваць са стратамі".

Таму кандыдатаў у беспрацоўныя з прычыны валютнага крызісу на Віцебшчыне з кожным днём усе больш.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Беспрацоўе маладзее

У Берасьці на некаторых рынках працуюць толькі 5—10% прадпрымальнікаў. Астатнія лічаць, што гандаль губляе сэнс з прычыны нізкай пакупніцкай здольнасьці гараджан. Беспрацоўныя раніцай стаяць у чэргах каля цэнтру занятасьці, спадзеючыся атрымаць любую часовую працу.

Каля цэнтру занятасьці ў Берасьці і раней існавала чарга зь беспрацоўных, гатовых на любую працу. Цягам апошніх дзён яна вырасла ў некалькі разоў. Берасьцейскі прадпрымальнік Уладзімер Катрыч кажа, што сёньня раніцай налічыў тут каля 100 чалавек:

У чэргах ля цэнтру занятасьці — пад 100 чалавек

"Простыя людзі стаяць, я сёньня налічыў 94 чалавекі. Машына прыяжджае, і гаспадар прапаноўвае людзям працу. Яны ж гатовыя на любую: цягаць цэглу, прыбіраць сьмецьце, нават гароды перакопваць. Проста вялізарная чарга. Раней яна была ў два разы меншая. А цяпер проста жах. Усе тратуары, так званая "стомэтроўка" каля цэнтру, занятыя ахвочымі падпрацаваць. Вельмі шмат моладзі ва ўзросьце 18—20 гадоў".

На рынку каля ЦУМу прадпрымальнікі ня бачаць сэнсу ў далейшай працы. Хоць і зьявілася магчымасьць набыць даляры або расейскія рублі ў валютчыкаў, але невядома, як разьлічваць цэны, кажа прадпрымальніца Алена. Фактычна гандляры ўжо беспрацоўныя:

"Праца ў цяперашніх умовах ня мае сэнсу"

"Усе ў шоку ад гэтай сытуацыі. Зь нявызначаным курсам даляра проста невядома, якія цэны ставіць на тавары. Мы працуем сабе на страту. Нясем страты. Калі немагчыма набыць валюту, то робіцца бяз сэнсу наша праца. Мы ў асноўным выяжджаем па тавар у Расею. Нам патрэбныя расейскія рублі. Але ў "таварышаў" валютчыкаў курс проста завоблачны".

Прадпрымальнікі кажуць, што з 1-га траўня гандляроў значна паменее. Шмат хто сыдзе ў вымушаны адпачынак. А вось на Варшаўскім рынку ў Берасьці ўжо ў будзённыя дні гандляры практычна перасталі працаваць. Паводле прадпрымальніка Віктара Чайкоўскага, які сам гандлюе на гэтым рынку, праца ў цяперашніх умовах проста губляе сэнс:

"На Варшаўскім рынку каля 700 ралетаў, але адчыненыя толькі 50, ня больш. Гэта 5—10%. Няма ніякай пакупніцкай актыўнасьці ў гараджан. Прадпрымальнікі нясуць вялізныя страты".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Людзі перастаюць заказваць мэблю

Дробныя фірмы па вытворчасьці мэблі на індывідуальныя заказы адчулі, як апошнім месяцам зьменшыўся попыт на іхную прадукцыю. Некаторыя мусяць прыпыняць працу і адпраўляць калектывы ў адпачынак.

Валютны крызіс, са слоў дырэктаркі мэблевай фірмы ў Горадні спадарыні Алены, найперш паўплываў на цэны — як камплектуючых, якія часткова закупляюцца за мяжой, так і на рэалізацыю гатовай прадукцыі, што прывяло да значнага яе падаражэньня.

"Мы распусьцілі рабочых у неаплочваныя адпачынкі"

Спадарыня: "У нас сытуацыя цяпер ня вельмі добрая, мы распусьцілі рабочых у неаплочваны адпачынак і пакуль не працуем. І гэта ня толькі таму, што ня можам набыць фурнітуру, а таму, што няма заказаў, людзі не прыходзяць і наагул мэбля зараз незапатрабаваная. Вось тыдзень чакалі, раскідалі буклеты па новых дамах, а людзі не прыходзяць".

Спадарыня Алена кажа, што ў насельніцтва рэзка скараціліся даходы, і цяпер грошы людзі трымаюць на больш неабходныя рэчы, а на мэблю нестае.

Яна таксама кажа, што фірмы шукаюць выйсьця, каб неяк выжыць у гэтай сытуацыі, захаваць калектыў, і таму мусяць займацца іншай дзейнасьцю.

Спадарыня: "Думаем зараз заняцца, магчыма, транспартнымі паслугамі альбо чым іншым, бо інакш адназначна давядзецца закрываць фірму. Дамова пазыкі існуе, трэба браць грошы, каб заплаціць падаткі за дырэктара, вадзіцеля, бо ім заробак выплочваецца".

"Заказы сканчаюцца, а на наступны месяц — поўная невядомасьць"

На іншай фірме, якая таксама робіць мэблю па індывідуальных заказах, сытуацыя трошкі лепшая — пакуль усе працуюць. Але гаспадар кажа, што ў сувязі з валютным крызісам тут рэзка адчулі нястачу сродкаў і праблемы з рэалізацыяй.

Спадар: "Продажаў стала меней, людзі баяцца заказваць. Пакуль, каб ужо аж надта, не адчуваецца, але ў наступным месяцы, на маю думку, вытворчасьць яшчэ болей скароціцца. Мы працуем са старымі заказамі, але яны ўжо сканчаюцца, а наступны месяц — поўная невядомасьць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG