Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпартныя тавары стануць недаступнымі


Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ “Аб часовым усталяваньні ставак увазнога мыта на імпартаваныя тавары”.

СЛУХАЦЬ:


У адпаведнасьці з дакумэнтам, на тэрмін ад паўгода да 9 месяцаў падвышаныя пошліны на вялікі асартымэнт замежных спажывецкіх тавараў, мэблю і некаторыя прадукты харчаваньня. Неабходнасьць такога кроку матывуецца абаронай унутраных вытворцаў і зьмяншэньнем адмоўнага сальда зьнешняга гандлю. На практыцы ж чарговыя захады азначаюць значны рост коштаў на імпартаваную прадукцыю.

Цягам бліжэйшых мінімум 9 месяцаў новае мыта на электратавары будзе складаць 25—40% ад іхнага мытнага кошту. У пераліку найперш тэлевізары, цюнэры, лядоўні, пральныя машыны, пыласосы, мікрахвалевыя печы і г.д. У згаданых межах падвышаныя ўвозныя пошліны на драўляную мэблю, прадукцыю дрэваперапрацоўкі, папяровыя вырабы (уключна са шпалерамі), на асобныя катэгорыі тканіны і вопраткі. На паўгода падвышана мыта на некаторыя прадукты харчаваньня: так, мыта на бульбу, цыбулю, капусту, моркву, буракі зацьверджана ў памеры 180% ад іхнага мытнага кошту.

Лідэр праваабарончага руху “Наша Беларусь” у Каардынацыйнай радзе індывідуальных прадпрымальнікаў Ігар Леднік лічыць, што ўказ цалкам застаецца ў рэчышчы сёньняшняй прамовы Аляксандра Лукашэнкі — ператварыць краіну ў адзінае “міністэрства гандлю”. То бок любым чынам прадаць заляжалы тавар беларускай вытворчасьці:

Ігар Леднік
“Мэханізм барацьбы зь імпартам просты: да ўжо існуючага мыта на згаданы працэнт пошліна будзе яшчэ падвышана. Яны ж і не хаваюць, што гэта захады перадусім у абарону айчынных заводаў”.

Карэспандэнт: “Заводаў — так. Але не пакупнікоў, спажыўцоў…”

“Для ўлады самае галоўнае, як сёньня Лукашэнка і сказаў, — сацыяльная стабільнасьць. Каб людзі працавалі. А пры гэтым у першую чаргу важныя ня столькі правы спажыўцоў, а каб на тле адсутнасьці канкурэнтаў маглі нешта прадаваць такія прадпрыемствы, як “Атлант”, “Гарызонт” ды іншыя”.

Эканаміст Сяргей Балыкін перакананы: такія радыкальныя захады беларускіх уладаў ідуць насуперак інтарэсам ня толькі шараговых спажыўцоў, але і саміх прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасьці. Дырэктарат паступова прызвычайваецца да думкі, што праблемы рана ці позна вырашацца на вышэйшым узроўні — нават калі ня мясцовым узроўні не прыкладаць асаблівых намаганьняў:

Сяргей Балыкін
“Падвышэньне мытных пошлінаў — гэта даволі кепска для ўсіх. Кажуць, што яно абараняе айчыннага вытворцу, але ж за кошт чаго? За кошт спажыўца. І больш за тое, гэта не абараняе вытворцаў у нашых умовах, а робіць іх менш канкурэнтаздольнымі. Таму што яны лічаць, што дзяржава іх будзе заўсёды бараніць і яны ня маюць ніякага стымулу прыстасоўвацца да канкурэнцыі. Але ж насамрэч заўсёды так ня будзе”.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Беларусі Аляксандар Макаеў у нормах указу бачыць пагрозу абвастрэньня беларуска-расейскіх эканамічных дачыненьняў, якія могуць перайсьці і ў палітычнае поле:

“У першую чаргу пад указ трапляюць фірмы, якія пастаўляюць тавар з Расеі. Калі, прыкладам, браць тэкстыль, то гэта абсалютная большасьць такога тавару на нашым рынку. Наўпроставых пастаўшчыкоў у нас зусім няшмат, з Эўразьвязам наўпрост таксама амаль ніхто не працуе. У асноўным усё цягнуць праз Расею. У нас фармальна адзіная мытная прастора: калі “растаможка” ў Расеі, то ня трэба тавар “растаможваць” тут. То бок цяпер фірмы трапляюць пад другую “растаможку”. Фактычна гэта ліквідацыя адзінай мытнай прасторы. Таму ня ведаю, як яшчэ на гэта Расея адрэагуе. Нібыта ўсё робіцца пад маркай пратэкцыянізму сваіх вытворцаў, але насамрэч можа атрымацца чарговы віток гандлёвай вайны з Расеяй”.

У сваю чаргу, Ігар Леднік не выключае: перашкодзіць кіраўніцтву Беларусі змагацца зь імпартным таварам неадэкватнымі мытамі дапаможа якраз Эўропа, куды цяпер так настойліва імкнецца Аляксандар Лукашэнка:

“Магчыма, такая сытуацыя захаваецца толькі да таго часу, пакуль Беларусь ня будзе ўцягнутая ў праграму “Ўсходняга партнэрства”. Бо ўдзел прадугледжвае зону бязмытнага гандлю. Такія, як у нас цяпер, варыянты там не праходзяць. Там ужо будуць зусім іншыя правілы гульні. Але пакуль што Лукашэнка, натуральна, можа ўсталёўваць для Беларусі ўсё што заўгодна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG