Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новы бюджэт без рэальнага росту заробкаў”


Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

Прыбыткі і выдаткі кансалідаванага бюджэту Беларусі на гэты год будуць зьменшаныя да 62,8 трыльёнаў рублёў. Паводле афіцыйных крыніцаў, ураду ўдалося сфармаваць бездэфіцытны бюджэт дзякуючы скарачэньню і эканоміі фінансавых рэсурсаў. (Раней прыбыткі былі заплянаваныя ў аб'ёме 73,9 трыльёна, выдаткі — 76,7 трыльёна, дэфіцыт — 2,8 трыльёна рублёў). У выніку сёлетні бюджэт будзе паводле сваіх аб’ёмных паказьнікаў роўны бюджэту 2008 году — як па выдатках, так і прыбытках. Чаго чакаць ад новага бюджэту? Алесь Дашчынскі гутарыць з эканамістам Леанідам Злотнікавым.

Дашчынскі: “Параўнальна з раней плянаванымі лічбамі, прыбыткі скароцяцца больш як на 11 трыльёнаў рублёў, а выдаткі — амаль на 14 трыльёнаў. Што азначаюць новыя лічбы бюджэту на гэты год? Маўляў, паводле аб’ёму ён будзе такі, як і ў мінулым годзе...”

Злотнікаў: “Паводле аб’ёму, але ж трэба ўлічваць і цэны. Калі індэкс спажывецкіх цэнаў склаў летась прыкладна 15%, то намінальныя велічыні — тыя ж самыя, што і ў 2008 годзе, а рэальныя будуць значна меншыя — на велічыню інфляцыі, якая будзе ў гэтым годзе. Яна, як і летась, будзе, відаць, ня меншая. Таму хоць лічбы і аднолькавыя, але ж рэальнае іх напаўненьне прыкладна на 15% меншае, чым было ў 2008 годзе.

Што за гэтымі лічбамі — мы ведаем, бо скараціліся прыбыткі прадпрыемстваў, скараціліся паступленьні ад экспарту, скараціліся паступленьні ў бюджэт. Тут усё зразумела. Але тут паўстае другое, галоўнае пытаньне: ці ўсё ж дзяржава зможа забясьпечыць гэты новы бюджэт?! Тут я скептык, бо скарачэньні бюджэту амаль што на 15—18% — гэта ня так ужо і многа ў гэтай сытуацыі, якая складаецца. А складаецца вельмі дрэнная сытуацыя, што, можа, трэба было і на 25% скарачаць бюджэт. А што яны там парэзалі? Парэзалі капітальнае будаўніцтва, яшчэ, мабыць, выдаткі на абарону”.

Дашчынскі: “Сьцьвярджаецца, што на сацыяльныя мэты выдаткі скарачацца ня будуць. Плянуецца рост рэальнага заробку ў бюджэтнай сфэры ня меншы за 14%, павелічэньне выдаткаў на выплату стыпэндыяў закладзена на ўзроўні 14%. Вырастуць таксама пэнсіі...”
Рэальнага росту прыбыткаў насельніцтва я не чакаю. Інфляцыя можа зьесьці ўсе гэтыя росты заробкаў.

Злотнікаў: “Сацыяльная частка нашага бюджэту складала раней амаль што 60%. І калі там нічога не скарацілася, дык трэба тады рэзаць абарону і дзяржаўныя інвэстыцыі. Ну што там яшчэ застаецца?! Рэальнага росту прыбыткаў насельніцтва я не чакаю. Інфляцыя можа зьесьці ўсе гэтыя росты заробкаў. Тут і ня будзе росту. Гэта будзе ў адным тэмпе зь інфляцыяй. Рэальнага росту ня будзе. Цэны таксама сёлета ўзрастуць на гэтую велічыню”.

Дашчынскі: “Вы сказалі, што нават гэты адкарэктаваны бюджэт на 2009 год ня будзе выкананы. На чым грунтуецца такая выснова?”

Злотнікаў: “Беларусі трэба выплаціць зьнешнія пазыкі недзе ў памеры 4—5 мільярдаў даляраў. Па другое, складаецца бягучы дэфіцыт гандлёвага балянсу таксама недзе на 5 мільярдаў даляраў. Патрабуецца ў цэлым каля 10 мільярдаў даляраў зьнешніх пазыкаў, каб падтрымаць сытуацыю хаця б на ўзроўні канца мінулага года. А тое, што мы маем, тыя пазыкі, якія нам абяцалі, — пакуль што 2—3 мільярды. Свопы ж цяжка разглядаць як пазыкі, гэта не пазыкі. Я ня бачу, каб такія вялікія грошы аднекуль зваліліся на гэтую краіну”.

Дашчынскі: “Аляксандар Лукашэнка прыгразіў: маўляў, хто не выконвае вытворчае заданьне кіраўніка, павінен быць на вуліцы. І гэта тычыцца кожнага, хто працуе. Раней жа ён казаў, што ніводзін не павінен быць звольнены...”

Злотнікаў: “Тут нічога ня зробіш, не прымусіш усясьветную эканоміку працаваць так, як гэтага хацелася б нашым лідэрам. Каб яны куплялі там нашу прадукцыю, якая ідзе на экспарт. Гэтага можа і ня быць, і ніякія тады паказчыкі ня будуць выкананыя. Тут шмат што не залежыць ад беларускага кіраўніцтва. Гэта не паўплывае на тое, што будзе адбывацца. Шмат што не залежыць і ад Лукашэнкі таксама. Таму тое, што ён гаворыць, гэта так, проста сатрасаньне паветра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG