Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў манэўруе паміж Масквой і Брусэлем


Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

Сёньня Аляксандар Лукашэнка правядзе ў Маскве перамовы з прэзыдэнтам Расеі. Паводле афіцыйных крыніцаў, падчас перамоваў найперш плянуецца абмеркаваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і сумесныя меры ў пераадоленьні ўсясьветнага фінансава-эканамічнага крызісу. Аднак некаторыя аналітыкі ўжо назвалі гэты візыт нечаканым. Апошняя сустрэча А.Лукашэнкі і Дз.Мядзьведзева адбылася 3 лютага сёлета падчас Вышэйшага дзяржсавету “саюзнай дзяржавы”. Чым жа выкліканы цяперашні візыт у Расею? Алесь Дашчынскі гутарыць з палітолягам Кірылам Коктышам.

Дашчынскі: Згадаем, што беларускія ўлады запрасілі ў Расеі крэдыт у 100 мільярдаў расейскіх рублёў у абмен на пераход на разьлікі ў рублях ва ўзаемным гандлі. Гэтую ідэю беларускія ўлады не пакідаюць, пра яе згадвалі апошнім часам і нават прыводзілі ў прыклад дамоўленасьці з Кітаем. Дык ці магчыма, што А.Лукашэнка зноў тэрмінова едзе ў Маскву па грошы?

Коктыш: “Мне здаецца, што грошы, канечне ж, маюць галоўную ролю. Калі анансавалася, што беларускі бок плянуе ўзгадаць на гэтай сустрэчы два пытаньні: прызнаньне Паўднёвай Асэтыі ды Абхазіі і пытаньне пра гэты крэдыт на 100 мільярдаў – гэта азначае, што Менск так ці інакш плянуе гандляваць гэтымі пытаньнямі і атрымаць нейкую кампэнсацыю за тое, што ён прыме гэта рашэньне, якое далей, магчыма, проста ўжо цяжка адкладаць. Якраз гэта будзе пытаньне аб тым, на якіх умовах Беларусь будзе згодная прызнаць гэтыя краіны, і гэта значыць, што Лукашэнку далей вельмі цяжка гэтае пытаньне адсоўваць. Ці будзе гэта прызнаньне – гэта пакажа сустрэча. Але тое, што Менск хоча, яшчэ не азначае, што на гэта пагадзіцца Масква”.

Дашчынскі:
Ці гатовая Расея зноў даць грошы афіцыйнаму Менску: вядома, што яна сама перажывае значны эканамічны крызіс?

Коктыш: “Складанае становішча зараз будзе ва ўсіх краінах. І Расея ня будзе выключэньнем. Але, канечне ж, нейкія грошы яшчэ засталіся. Гэта трэба быць Кудрыным, каб ведаць, наколькі становішча з грашыма цяпер дрэннае ці добрае. Крызіс моцна б’е па Расеі, але яшчэ мацней па Беларусі, дзе экспарт ужо скараціўся на 55%, а залежнасьць ад экспарту Беларусі недзе каля 70%. Маскве будзе таньней, калі становішча будзе вельмі крытычным, даваць грошы, каб не дапусьціць дэстабілізацыі ў Беларусі, чым потым даваць грошы на барацьбу з наступствамі гэтай дэстабілізацыі”.
Манэўруючы паміж Масквой і Брусэлем, беларускі прэзыдэнт сапраўды можа шукаць і знаходзіць нейкія шанцы, каб здабыць грошы на падтрыманьне Беларусі.

Дашчынскі: Вядома, што Брусэль якраз папярэдзіў афіцыйны Менск адносна таго, што прызнаньне Паўднёвай Асэтыі ды Абхазіі можа мець нэгатыўныя наступствы для дачыненьняў з Эўропай. Таксама сёньня ж пачынаецца саміт рады Эўразьвязу, на якім плянуецца абмеркаваць пытаньне аб запрашэньні Лукашэнкі на саміт у Прагу? Ці можа кіраўніцтва Беларусі пайсьці на нейкія крокі, нявыгадныя для Эўропы?

Коктыш: “Невыгодных крокаў, канечне ж, рабіцца ня будзе. Беларусь пакуль не зрабіла аніводнага кроку, які быў бы выгодны выключна Маскве ці выключна Эўропе. Канечне, гэта частка нейкага гандлю.

Брусэль плаціць грошы ня будзе, але нешта рабіць будзе. Будзе рабіць нейкія саступкі каб прадэманстраваць, што Беларусь імкнецца да Брусэлю. А Масква таксама нейкія грошы плаціць будзе, але па другіх рэзонах. Не з палітычных, а эканом-палітычных. Бо для Масквы, насамрэч, катастрофай была б нейкая дэстабілізацыя ў Беларусі, якая адбудзецца, калі Масква праігнаруе запыт Менску аб дапамозе. У гэтым становішчы, манэўруючы паміж Масквой і Брусэлем, беларускі прэзыдэнт сапраўды можа шукаць і знаходзіць нейкія шанцы, каб здабыць грошы на падтрыманьне Беларусі.

Справа ў тым, што Беларусь – краіна, празь якую транспартуецца 80% расейскай нафты на Захад. І гэта адзіны рэзон, бо нафтавай альтэрнатывы проста няма. І таму для Эўропы і для Расеі таньней падтрымліваць існуючы шлях, чым потым несьці тыя выдаткі, на якія яны зусім не гатовыя ў гэтым становішчы.

Але ж галоўная праблема, што гэтыя ўсе гульні ідуць не за максымізацыю прыбытку, а за мінімізацыю стратаў. І гэта ж галоўная праблема, якая не дае падставы для аптымізму. Бо сапраўды ўзровень жыцьця скарачаецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG