Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзіруюць скаргі на парушэньне закону


За гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі зьявіўся шэраг заканадаўчых актаў, закліканых спрыяць кантакту грамадзянаў зь дзяржаўнымі органамі краіны. Так, у 1996 годзе набыў юрыдычную моц закон “Аб зваротах грамадзян”, у 2006 годзе ўступіла ў дзеяньне прэзыдэнцкая дырэктыва № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату”, а ў 2007 годзе — указ № 498 “Аб дадатковых мерах па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў”. Як гэта паўплывала на выніковасьць працы дзяржаўных чыноўнікаў зь людзьмі?

Найбольшая колькасьць скаргаў і зваротаў жыхароў краіны паступае ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, сьцьвярджаюць спэцыялісты адпаведных службаў дзяржапарату. Дакладных лічбаў ва Ўправе па працы са зваротамі грамадзян Адміністрацыі прэзыдэнта не паведамілі: тэлефоны тут маўчалі некалькі дзён. У адпаведнай управе ўраду краіны заявілі, што летась колькасьць зваротаў сюды зьменшылася. Загадчыца аддзелу Людміла Астроўская мяркуе — гэта вынік дзеяньня адпаведных прэзыдэнцкіх указаў.

Астроўская: “У параўнаньні зь мінулым годам колькасьць зваротаў ва ўрад краіны зьменшылася на 7%. У 2008 годзе нам сюды паступіла 4 882 звароты, а ў 2007 годзе — 5 279, ёсьць зьмяншэньне. Гэта і ўказ № 498, і іншыя распараджэньні — усё гэта, вядома, мела сваё значэньне”.

Жыхар Капыля Віктар Дашкевіч — адзін з тых неабыякавых людзей, якія гадамі настойліва шукаюць справядлівасьць у чыноўніцкіх кабінэтах. Аднак найчасьцей — безвынікова. Такую выснову ён робіць з гісторыі змаганьня за капітальны рамонт свайго жылога дома:

“У Капылі, у пяціпавярховым доме, дзе я пражываю — сырасьць, гніласьць і гэтак далей. Гэтымі пытаньнямі я займаюся цягам пяці гадоў. Аднойчы патрапіў на прыём і ўсё гэта выклаў у прысутнасьці дырэктара камунальнай гаспадаркі, старшыні райвыканкаму. Але гэта не засмуціла ні дырэктара, ні старшыню райвыканкаму.
Яны ўжо звыкліся з тым, каб сьмяяцца зь людзей. Для іх чалавек — гэта нішто.
Для іх гэта звычайнае пытаньне, яны ўжо звыкліся з тым, каб сьмяяцца зь людзей. Для іх чалавек — гэта нішто. Яны распрацоўваюць свае ідэалягічныя хады, кшталту «прамых ліній» ці зваротаў праз газэту, рэжым з-за гэтага квітнее. І мне балюча, шкода, што людзі нашы гэтага не разумеюць”.

Нацыянальны статыстычны камітэт, Палата прадстаўнікоў, Міністэрства юстыцыі і іншыя вышэйшыя дзяржаўныя органы штогод распаўсюджваюць зьвесткі пра колькасьць грамадзянаў, якія вусна ці пісьмова зьвярталіся ў гэтыя ўстановы. Гэта ад дзьвюх да чатырох тысяч за год у кожную ўстанову. Аднак ніколі не ўдакладняецца: колькі сярод гэтых зваротаў было скаргаў і на чыю карысьць спрэчныя пытаньні вырашаліся? Да прыкладу, жыхарка Менску Ніна Загорская на сваю скаргу ў Камітэт аховы здароўя атрымала звычайную адпіску:

“Захварэла мама, выклікалі хуткую дапамогу. Доктар сказаў, што мы павінны лекавацца па месцы жыхарства. Паліклінікі ў нашым раёне няма, ёсьць амбуляторыя — запіс на тыдзень наперад. Пайшлі бяз запісу — доктар праганяе з кабінэту, пагражае адміністрацыйным пратаколам. Дык што рабіць, куды зьвяртацца? Пасьля ўсіх гэтых пакутаў напісала скаргу, а мне адказваюць, што ў вас у раёне будуецца паліклініка. Я тут жыву, хаджу штодня і ніякага будаўніцтва паліклінікі ня бачу. Дык дзе яна будуецца? І што гэта за адказ?”

Ці вераць у выніковасьць вырашэньня сваіх жыцьцёвых праблемаў з дапамогай чыноўніцкай вэртыкалі іншыя людзі, цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах гораду.

Спадарыня: “Аднойчы мне прыйшлося зьвярнуцца з пытаньнем і мне прыйшоў адказ — адпіска, фактычна. Пасьля таго я спыніла ўсялякія звароты. Там, дзе я жыву, ёсьць вельмі засьмечаная тэрыторыя, і я запыталася, хто адказны за яе прыбіраньне? Мне адказалі, што яе прыбіраюць па меры неабходнасьці, а яна ніколі не прыбіралася. Пасьля таго я ні ў кога і нічога не пытаюся”.

Карэспандэнтка: “Ці даводзілася вам зьвяртацца да чыноўнікаў і ці мела гэта вынік?”

Спадарыня: “Зьвярталася так, што і мела, і ня мела”.

Спадар: “Ніколі ў жыцьці, бо нічога не даможасься. Паглядзіце на горад, вакол горада — яны ўсе жывуць толькі дзеля сябе, а ня дзеля людзей”.

Зь вялікім адрывам першынство трымаюць праблемы захаванасьці законнасьці і правапарадку — 18,7%.
Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што скаргі і просьбы людзей у дзяржаўныя структуры найчасьцей зьвязаныя з працай жыльлёва-камунальных службаў і сыстэмай аховы здароўя. Аднак, як паведамілі ва Ўправе лістоў і зваротаў грамадзянаў Ураду краіны, у гэтых пытаньнях звароты складаюць 9% і 6% адпаведна. Зь вялікім адрывам першынство трымаюць праблемы захаванасьці законнасьці і правапарадку — 18,7%.

Сьмерцю праваабаронцы Яны Паляковай завяршылася яе супрацьстаяньне з уладамі Салігорску. Пасьля таго як суд зьвінаваціў яе ў паклёпе на міліцыянта і прыгаварыў да 2,5 гадоў так званай “хіміі”, жанчына зьвяла рахункі з жыцьцём. Яшчэ адзін прыклад — сямігадовая гісторыя змаганьня вернікаў царквы “Новае жыцьцё” за свой будынак: людзі нават трымалі галадоўку, а днямі прайгралі чарговы суд, кажа юрыст царквы Сяргей Луканін:

Сяргей Луканін
“У нас назапасілася чатыры тамы лістоў з адказамі ўладаў. Усе яны адмоўныя і, на жаль, гэтыя адмоўныя адказы не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству. Я ў сваім жыцьці быў юрыстам ня толькі ў царкве «Новае жыцьцё» і ўдзельнічаў у многіх судовых справах. І я дакладна ведаю, што, калі нейкая справа закранае ўнутраную палітыку ўлады і ідэалёгію ўлады, то насамрэч немагчыма спадзявацца ўбачыць нейкую справядлівасьць”.

Анатоль Лябедзька
Не пакідае намаганьняў атрымаць адказ ад вышэйшых дзяржорганаў і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Днямі ён зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру з патрабаваньнем высьветліць законнасьць выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў падчас адпачынку Аляксандра Лукашэнкі ў Сэрбіі. Спадар Лябедзька зьвяртаўся таксама ў суд з пазовам да кіраўніка краіны ў справе абароны свайго гонару і годнасьці. Прадстаўнікі іншых палітычных партыяў і рухаў агулам апэлявалі да ўладаў тысячы разоў, аднак таксама безвынікова, кажа спадар Лябедзька:

“Там, дзе пытаньне закранае палітычныя і эканамічныя інтарэсы людзей пры ўладзе, разгляд пытаньня спыняецца. Але, я думаю, што людзі правільна робяць, што зьвяртаюцца. Калі б не было гэтых зваротаў, то ўлада спэкулявала б на тым, што ніхто не абскарджвае тыя ж вынікі выбараў — значыць, усё там у парадку.
Ніякія законы, ніякія меры супраць дэбюракратызацыі ня маюць ніякага сэнсу па-за рамкамі дэмакратыі.
Альбо брутальны разгон акцыяў — значыць, таксама нічога там страшнага няма. Гэта ўсё роўна захоўваецца ў матэрыялах розных спраў, і гэта неабходна для гісторыі і для справядлівасьці ў будучыні”.

Чаму ў дэмакратычнай краіне ўлада, увасобленая ў дзяржаўных чыноўніках, найчасьцей перамагае чалавека, а не наадварот? Сваю думку выказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

Уладзімер Мацкевіч
“Сёньняшняя дзяржава рэагуе на звароты грамадзян, калі неабходна пагасіць актыўнасьць і незадаволенасьць людзей. Гэта незалежна ад таго, агульнапалітычныя гэта пытаньні ці прыватныя. Ва ўсіх іншых пытаньнях чыноўнікі не рэагуюць, бо не адчуваюць ніякай залежнасьці ад чалавека. Толькі тады зварот грамадзяніна ў дзяржаўныя ўстановы будзе мець вынік, калі людзі, што займаюць дзяржаўныя пасады, будуць залежаць ад меркаваньняў гэтых грамадзянаў. А гэта магчыма толькі, калі існуе выбарнасьць. Ніякія законы, ніякія меры супраць дэбюракратызацыі ня маюць ніякага сэнсу па-за рамкамі дэмакратыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG