Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У антыкрызісных праграмах ураду і АДС адсутнічае эканамічны аналіз"


Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы працуюць над антыкрызіснай праграмай, якую зьбіраюцца прэзэнтаваць на наступным тыдні. Незалежныя экспэрты прапануюць паўсотні антыкрызісных захадаў і гатовыя агучыць іх на пасяджэньні Грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта. Распрацоўваюць шляхі выхаду з крызісу і дзяржаўныя ведамствы. Эканаміст дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджменту Аляксандар Чубрык браў удзел у некалькіх пасяджэньнях экспэртнай групы АДС.


Карней: “Спадар Аляксандар, існуе меркаваньне, што любую антыкрызісную праграму трэба разглядаць як спробу ўратаваць сытуацыю не ад зьнешняга крызісу, а з гледзішча ўплыву ўнутранага крызісу, які “накрыў” бы Беларусь незалежна ад таго, пачалася б гэтая сусьветная навала ці не. На колькі варта разьмяжоўваць гэтыя паняцьці?”

Чубрык: “Я згодны з тым, што ў Беларусі эканамічная палітыка, якая праводзілася, і тая сыстэма, якая будавалася, зусім не адаптаваная пад тое, каб мякка пераадольваць наступствы крызісу. Але ж выявілася, што амаль ніякая краіна ў рэгіёне не была адаптаваная да такога моцнага крызісу, які адбыўся. Так што я б не казаў, што гэта толькі ўнутраная праблема, і каб не было сусьветнага крызісу, то крызіс у Беларусі ўсё роўна адбыўся б у гэтым ці наступным годзе. Не адбыўся б. Усё было б больш-менш спакойна. Так, быў час, калі мы праблемы ў эканоміцы маглі зьмякчаць прыватызацыяй, вонкавымі пазыкамі і г.д. Зараз гэта ўсё вельмі абмежавана, амаль немагчыма, таму наступствы зьнешняга крызісу – найбольшая праблема. І на дадзены момант ніякая праграма ня здолее вывесьці эканоміку з крызісу. Усе праграмы могуць быць накіраваныя толькі на тое, каб нейкім чынам зьмякчаць наступствы гэтага крызісу”.

Карней: “Вы маеце на ўвазе праграмы і дзяржаўныя, і недзяржаўныя, альтэрнатыўныя?”

Чубрык: “Калі цяпер спрабаваць рабіць тое, што прапануе і праграма Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, і ў пэўнай ступені прапануе афіцыйны плян лібэралізацыйны – тое, што можна назваць рынкавымі рэформамі ў той ці іншай ступені – усё гэта правільна і патрэбна, але ж несвоечасова. На жаль, зараз гэта ўсё ня дасьць ніякага моцнага эфэкту, які б проста адцягнуў эканоміку ад той ямы, у якую яна зараз каціцца. Дакумэнт афіцыйны наогул не ўтрымлівае ніякага аналізу ў эканоміцы. Дакумэнт АДС аналіз утрымлівае, але гэты аналіз можна было б разглядаць як характарыстыку эканомікі і ў канцы 1990-х, і напачатку 2000-х. Іншымі словамі, гэты аналіз зроблены на пэрыяд з 1996-га да 2006 году. Але там няма таго, што ёсьць зараз. Галоўныя рэчы, на мой погляд, не закранутыя: як адраджаць экспарт, што рабіць з банкамі, як пераадолець адмоўныя сацыяльныя наступствы крызісу. Гэтага няма, наколькі я ведаю, ні ў адной, ні ў другой праграме”.

Карней: “Але ж, паводле лёгікі, займаць нейкую чакальную пазыцыю – а што ж здарыцца? – таксама ня вельмі выпадае…”

Чубрык:
“А ведаеце, можа нават і выпадае. Калі ў сучаснай сытуацыі кідаць усё на лібэралізацыю, якая таксама патрабуе пэўных выдаткаў, гэта ўсё правільна, гэта ўсё патрэбна. Але ж зараз існуюць іншыя накірункі эканамічнай палітыкі, якія больш надзённыя і больш істотныя нават у доўгатэрміновым сэнсе. Цяпер нашы тавары не канкурэнтаздольныя ў цане, у выдатках на расейскім рынку. Як зьменшыць выдаткі экспартэраў? Што рабіць з заробкамі людзей? Што рабіць з абменным курсам? Бо відавочна, што цяперашні абменны курс не адпавядае раўнавагаваму значэньню абменнага курсу. Але пра гэта ні ў адной праграме няма ні слова”.

Карней: “Што тычыцца двух праграмаў, дык яны ў нейкай супярэчнасьці паміж сабой ці ўвогуле ні па якіх парамэтрах не супадаюць?”.

Чубрык: “Па асобных парамэтрах яны аднолькавыя нават. У афіцыйнай ёсьць вялізны блёк рэчаў, якія ніякага дачыненьня да лібэралізацыі ня маюць. Што да праграмы АДС, то я б не сказаў, што гэта праграма рынкавых рэформаў, але ж захады ў гэтым кірунку яна прапануе. І ў гэтым сэнсе яна ніяк не супярэчыць афіцыйнай. У сваю чаргу, афіцыйная таксама ніяк не супярэчыць таму, што прапанавана АДС. І там, і там правільныя рэчы, вядомыя рэчы, якія іншыя краіны парабілі шмат гадоў таму. Але ж менавіта зараз, у дадзены момант час рабіць іншыя рэчы, а ня тыя, якія прапануюцца ў гэтых праграмах. Гэта ўсё правільна, можна нейкую мэтафару нават прыдумаць, але ж…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG