Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як працьверазіць п’яных кіроўцаў?


Паводле зьвестак Дзяржаўтаінспэкцыі (ДАІ), кожнае дзясятае дарожна-транспартнае здарэньне ў Беларусі адбываецца з удзелам нецьвярозых кіроўцаў. Штогод каля 80 тысяч чалавек затрымліваюць за рулём у стане алькагольнага ап’яненьня. Але шмат хто нават пасьля пазбаўленьня права на кіраваньне аўтамабілем трапляе ў прыцэл да даішнікаў па 2-3 разы за год. Так, летась за паўторнае кіраваньне ў п’яным выглядзе затрымана амаль 5 тысяч чалавек. Міліцыя ініцыюе перад заканадаўцамі ўсё больш жорсткае пакараньне кіроўцаў “пад мухай” — з канфіскацыяй транспартнага сродку, завоблачнымі штрафамі і пазбаўленьнем волі. Ці будуць мець эфэкт такія радыкальныя захады?

Летась п’яныя кіроўцы спрычыніліся амаль да тысячы аўтамабільных аварый. У выніку загінулі 235 чалавек, паранена 1092. Колькасьць аварый па віне нецьвярозых аўтамабілістаў за 2008 год вырасла на 20%, загінула ў іх больш на 40%. Міліцыя перакананая, што спыніць гэткую тэндэнцыю можна толькі радыкальнымі захадамі.

Нягледзячы на тое, што самае жорсткае пакараньне прадугледжваецца менавіта за кіраваньне ў стане ап’яненьня, п’яных за рулём ня менее. Першым разам парушальнік плаціць да 40 базавых велічынь штрафу, у паўторным выпадку памер спагнаньня рэзка павялічваецца — да 1000 базавых велічынь. Ва ўсіх выпадках затрыманых пазбаўляюць права кіраваць машынай. Сёлета Вярхоўны суд рэкамэндаваў падпарадкаваным яму структурам арыштоўваць аўтамабілі, каб выплачваць непад’ёмныя штрафы.

Разам з тым Дзяржаўтаінспэкцыя ініцыюе новыя зьмены ў заканадаўстве і ў Правілах дарожнага руху. На думку спэцыялістаў, за паўторную цягам году язду ў стане алькагольнага ап’яненьня варта пазбаўляць волі. Вось аргумэнты начальніка аддзелу навукова-мэтадычнага і прававога забесьпячэньня ўпраўленьня Дзяржаўтаінспэкцыі МУС Беларусі Анатоля Сушко:

Калі такі чалавек яшчэ раз паспрабуе выпрабаваць лёс, то, на наш погляд, ён павінен быць пазбаўлены волі.
“Паўторна цягам 2008 году 4600 чалавек селі за руль у нецьвярозым стане. Падкрэсьліваю — паўторна! Калі такі чалавек яшчэ раз паспрабуе выпрабаваць лёс, то, на наш погляд, ён павінен быць пазбаўлены волі. Калі, вядома, заканадаўцы нашу ініцыятыву ўхваляць. Санкцыі ў такім выпадку прадугледжваюць стасаваньне да вінаватага абмежаваньня волі тэрмінам да двух гадоў”.

Год таму са спазьненьнем у часе набыткам галоснасьці стала гісторыя з “жывым шчытом”. Каб злавіць п’янага гамельчука Рамана Менцюка, даішнікі перагарадзілі трасу машынамі, не дазволіўшы кіроўцам і пасажырам выйсьці з салёнаў. “Эфэктыўнасьць” такога спосабу змаганьня з п’янымі аўтааматарамі абмяркоўвалася далёка за межамі Беларусі, хоць міліцэйскае кіраўніцтва доўга намагалася абяліць арганізатараў “жывога шчыта”. І толькі пасьля разьвязкі гучнай гісторыі, калі Мянцюк атрымаў тэрмін зьняволеньня, міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў заявіў пра неабходнасьць жорсткіх карных захадаў адносна п’яніцаў, якія падстаўляюць ня толькі сябе, але і рызыкуюць жыцьцём іншых людзей:

Уладзімер Навумаў
“Я б канфіскоўваў і транспарт, і да адказнасьці больш жорсткай прыцягваў бы, і яшчэ нейкія захады прыдумаў бы. Бо ўсе навокал хочуць жыць у спакойных, прадказальных абставінах. Але знаходзяцца белыя вароны. Многія памятаюць выпадак, калі на плошчы Бангалор падлетак учыніў аварыю. Трэці раз у непаўналетнім узросьце яго затрымалі ў нецьвярозым выглядзе! А два хлопцы, якія толькі-толькі пачыналі жыць, загінулі. Так не павінна быць”.

У нетрах ДАІ абмяркоўваецца яшчэ адзін спосаб абуджэньня грамадзкай сьвядомасьці. Гаворка ідзе пра магчымасьць арганізаваць “тэлефон даверу”, па якім пільныя грамадзяне маглі б паведамляць пра нецьвярозых кіроўцаў. Кіраўніцтва Дзяржаўтаінспэкцыі спадзяецца на пэўны плён ад такіх захадаў, паколькі былі выпадкі, калі людзі званілі на агульны міліцэйскі нумар 102 і здавалі кіроўцаў падшафэ.

Людзі званілі на агульны міліцэйскі нумар 102 і здавалі кіроўцаў падшафэ.
Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, спажываньне алькаголю ў Беларусі дасягнула найвышэйшай плянкі за ўсю гісторыю — 12 літраў на кожнага жыхара краіны. Пры тым, што дэградацыя грамадзтва, як сьведчаць міжнародныя нормы, наступае пры паказьніку ў 8 літраў. Але вытворчасьць алькагольных напояў з году ў год павялічваецца. Ці адчуваюць вытворцы алькаголю ўскосную адказнасьць за тое, што нацыя сьпіваецца? Зьвяртаюся да першага намесьніка генэральнага дырэктара менскага лікёра-гарэлачнага заводу “Крышталь” Сяргея Машкова:

“Тут справа ня ў нас, не вытворцы вінаватыя. Складаецца памылковае ўражаньне, што мы нібыта прымушаем піць. Мы ж ня ловім людзей, не заліваем ім у горла, правільна? Па сутнасьці, рэкляма алькаголю ў Беларусі забароненая, моцна рэклямавацца магчымасьці мы ня маем. Значыць, што прымушае людзей піць? Нешта іншае. Але ніяк ня мы, вытворцы напояў. Мы тут, па вялікім рахунку, увогуле ні пры чым”.

Каб адцягнуць людзей ад бутэлькі, на розных уладных узроўнях абвяшчаюцца дні цьвярозасьці. Праўда, апроч раздражненьня пакупнікоў, якія пра такія акцыі даведваюцца пераважна, апынуўшыся перад зачыненымі віна-гарэлачнымі аддзеламі, пра іншыя рэакцыі на такія ініцыятывы не чуваць. Кіраўнікі Менскай вобласьці ўвогуле прапануюць не прадаваць алькаголь у дні выплаты авансу і заробку. Прадстаўніца Віцебскага лікёра-гарэлачнага заводу “Прыдзьвіньне” Сьвятлана Ціханава сумняецца, што людзям можна прышчапіць цьвярозы лад жыцьця шляхам загаду:

“У нас па Віцебскай вобласьці вось літаральна нядаўна праводзіўся дзень цьвярозасьці. Але мы як вытворцы і прадаўцы гэтай прадукцыі лічым, што ў нашых рэаліях якіясьці рэпрэсіўныя захады наўрад ці дапамогуць. А вось вучыць людзей культуры піцьця — гэта іншая справа. Да такога ўзроўню трэба ісьці вельмі доўга, гэта не за адзін дзень робіцца”.

На думку кіраўніка Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алега Маркевіча, узровень культуры кіроўцы трэба закладаць у аўташколах. Аднак там шмат “грузяць” курсантаў непатрэбным балястам, а пра наступствы п’янства за рулём — ні слова.
Улада фактычна капітулявала перад праблемай і робіць усё насуперак лёгіцы.
Няма антыалькагольных матываў і на курсах мэдычнай падрыхтоўкі — накладаць шыну вучаць, а ўплыў алькаголю на арганізм замоўчваюць. Уратаваць сытуацыю карнымі захадамі, як кажа спадар Маркевіч, маларэальна. Досьвед паказвае, што пагрозы, агучаныя нават вышэйшым кіраўніцтвам краіны, нядзейсныя:

“Людзі, якія шмат крычаць, выступаюць з рознымі карнымі ініцыятывамі, папросту ў сабе ня ўпэўненыя. Тое самае і цяпер: яны намагаюцца брацца за працу, якая на такім узроўні ня робіцца. Тут патрэбна зусім іншая адукацыйная праграма. Улада, якую нам з усіх каналаў тэлебачаньня даводзяць такой моцнай і магутнай, якая ўвогуле нікога і нічога не баіцца, фактычна капітулявала перад праблемай. І насамрэч робіць усё насуперак лёгіцы — не змагаецца з прычынамі, а карае па факце”.

На думку Алега Маркевіча, варта больш увагі аддаць такой паслузе, як эскорт кіроўцаў, якім нельга самім сядаць за руль пасьля гасьцей ці вечарынкі. Па ўсёй Эўропе існуе надзвычай разгалінаваная сетка фірмаў, супрацоўнікі якіх давязуць вас дадому на вашай жа машыне. Па сутнасьці, такія праекты маюць статус сацыяльных, у немалой ступені вырашаючы праблему п’янства за рулём. У Беларусі ж пра існаваньне такой паслугі ведаюць адзінкі аўтааматараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG