Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Шалкевіч: “Гарэлку трэба піць культурна”


Летась кожны беларус выпіў у сярэднім 12,4 літра ў пераліку на чысты сьпірт. Плянка, пасьля якой пачынаецца актыўная дэградацыя, — 8 літраў на чалавека за год.

Гэта, натуральна, выклікае занепакоенасьць ва ўлады, і таму вырашана рэгулярна праводзіць так званыя “дні цьвярозасьці”, калі ў крамах не прадаюць алькагольныя напоі і піва.

Час ад часу так званыя “дні цьвярозасьці” абвяшчаліся і раней. Да прыкладу, у дні правядзеньня выпускных баляў у школьнікаў. Зараз вырашана такія дні ў Менскай вобласьці праводзіць кожны месяц. Дарэчы, у лютым яны ўжо прайшлі. У сталіцы ў мінулую суботу, у Дзень сьвятога Валянціна, ці дзень закаханых, сьпіртное не прадавалі. Праўда, абвесткі на крамах віселі некалькі дзён. Прадавачка адной з крамаў у дзень цьвярозасьці распавяла:

“Учора бралі, каму трэба, у два разы больш. Сёньня ў аптэцы глог (баярышнік) купляюць”.

Расклад дзён цьвярозасьці па рэгіёнах у лютым надрукаваны ў газэце “Комсомольская правда” в Белоруссии» за 18 лютага. Што да Менску, гарадзкія ўлады вырашылі надалей пра дакладныя даты не павядамляюць, каб людзі не змаглі зрабіць запасы алькаголю. Хаця ў барах і рэстарацыях ў такія дні наліваюць. Выцьвярозьнік у Магілёве ў дзень цьвярозасьці 19 лютага не пуставаў, паведаміў супрацоўнік:

“У дзень цьвярозасьці ў нас было восем чалавек. Працавалі толькі бары, рэстарацыі, у крамах жа не прадавалі. Яшчэ аптэкі ёсьць –настойка баярышніка і таму падобнае”.

Ці будзе эфэкт ад забароны? Начальнік аддзелу збыту Віцебскага лікёра-гарэлачнага заводу “Прыдзьвіньне” Сьвятлана Ціханава лічыць:

“Мы як вытворцы і прадаўцы гэтай прадукцыі лічым, што нейкія рэпрэсіўныя захады ніколі не дапамогуць. А вось вучыць культуры пітва – гэта іншая справа. Каб ў кафэ пасядзець, каб рэстарацыі даступныя былі – гэта іншая справа”.

Адзін з братоў-заснавальнікаў кампаніі “БелПІ”, якая вырабляе знакамітую “Крамбамбулю”, Зьміцер Дайнека перакананы:

“Эфэкту з такой акцыі ня будзе, мне здаецца. Трэба выхоўваць не раз на месяц ці раз на год, а штодзённа на працягу многіх гадоў. Так гэта ня робіцца – каб за дзень усе піць перасталі. Ня веру ў такія акцыі”.

Бард і шоўмэн Віктар Шалкевіч, што да дзён цьвярозасьці, выказаў такое меркаваньне:

“Нейкая такая дзіўная кампанейшчына. Я памятаю, калі быў у Злучаных Штатах, то ў Масачусэце у суботу – нядзелю нідзе не прадаюць алькаголь у крамах. І ўсе да гэтага прывыклі. А калі ў нас такая будзе кампанейшчына – ну, ня ведаю, ці гэта нешта дасьць. Мне здаецца, перш за ўсё трэба прывучыць людзей да культуры выпіваньня, да культуры закусваньня. Да культуры спажываньня добрых вінаў – сухіх, паўсухіх. Прывучыць, як выпіваць гарэлку культурна. Ну ня ведаю – гэта кампанейшчына задрала ўжо...”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG