Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Тарас: “Гэтая кніга ў Расеі не спадабаецца”


Сёньня ў кнігарні Беларусі паступіць дасьледаваньне Анатоля Тараса (на здымку) пад назвай “Анатомія нянавісьці. Расейска-польскія канфлікты ў XVIII-ХХ стагодзьдзях”. У кнізе разгледжаныя асноўныя войны, паўстаньні, рэпрэсіі, якія мелі месца паміж Расеяй і Польшчай цягам 250 гадоў.

Навукова-папулярная праца з сэрыі “Невядомыя войны” стала працягам іншай кнігі, якая пабачыла сьвет у 2006 годзе -- “Войны Маскоўская Русі зь Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай у XIV-XVIІ стагодзьдзях”. Як кажа аўтар, кніга, хутчэй за ўсё, выкліча “хваравіта-нэгатыўную” рэакцыю ў Расеі, дзе падзеі мінулага трымаюцца не на гістарычнай праўдзе, а на мітах.

Карэспандэнт
: Спадар Анатоль, ці ўдалося вытрымаць нэўтралітэт, апісваючы ўва ўсе часы няпростыя стасункі паміж расейцамі і палякамі?

Тарас: Што тычыцца задумы кнігі. Калі казаць пра яе дух, то яна аб’ектыўна атрымалася антырасейскай -- калі мець на ўвазе пад Расеяй ня рускіх людзей, а Расейскую імпэрыю, савецкую імпэрыю. То бок, яна атрымалася антыімпэрская, і ўжо ў гэтым сэнсе -- антырасейская. Да палякаў я ў ёй таксама стаўлюся дастаткова крытычна. Я цудоўна памятаю, што выраблялі палякі на так званых “крэсах всходніх”. Таму гэта кніга напісаная ня так, каб адмыслова для расейскіх чытачоў, ці для беларускіх чытачоў і ўжо тым больш не для польскіх; я проста думаў аб працягу папярэдняй кнігі. Ну і зноў атрымалася 800 старонак. Адзінае, што тут намнога больш ілюстрацый – там было парадку 200, а тут 340. Таму тэксту як такога крыху меней.

Карэспандэнт: З задумай зразумела. А цяпер што тычыцца зьместу…

Тарас: Разгледжаныя асноўныя пэрыяды. Па-першае, XVIII стагодзьдзе – як Рэч Паспалітая зьнікла з палітычнай мапы сьвету. Паўночная вайна і эпоха Пятра І, вайна за трон Рэчы Паспалітай (эпоха Ганны Іаанаўны і Бэрона); Першы падзел Рэчы Паспалітай, Другі падзел, паўстаньне Касьцюшкі і, адпаведна, Трэці падзел Рэчы Паспалітай. І лягічны канец: Рэч Паспалітая і Вялікае Княства Літоўскае, як яе складаная частка, зьніклі з мапы сьвету.

Другая частка – як на гэта адрэагавалі палякі і палянізаваныя пласты беларускай, украінскай, літоўскай шляхты. Яны змагаліся, як умелі. Разглядаю паўстаньне 1830-1831 гадоў, эмігранцкія і тайныя арганізацыі тут, на тэрыторыі імпэрыі, польскай шляхты, польскай інтэлігенцыі, якія ставілі сваёй мэтай адраджэньне дзяржавы ў межах 1772 году – да Першага падзелу Рэчы Паспалітай. Тут жа падрабязна разглядаю паўстаньне 1863-1864 гадоў.

Трэцяя частка – адраджэньне нацыянальных дзяржаваў на абломках Расейскай імпэрыі: Беларуская Народная Рэспубліка, Украінская Народная Рэспубліка, Польская Рэспубліка (спачатку Каралеўства) і, адпаведна, вайна паміж “чырвонай” Расеяй і “белай” Польшчай за спрэчныя тэрыторыі.

Чацьвёртая частка, самая вялікая – гібель Польшчы ў 1939 годзе. Яе перадумовы: змова Сталіна і Гітлера, і як Польшча стала ахвярай гэтай змовы. Найбольш падрабязна разглядаю вось гэты “ўдар у сьпіну”, як кажуць палякі, ці “вялікі вызвольны паход” -- як дагэтуль называюць у Расеі вызваленьне Заходняй Беларусі і Ўкраіны.

Карэспандэнт: Трагічныя падзеі стыку 1930-1940-х гадоў доўгі час старанна хаваліся нават ад дасьледчыкаў. “Белыя плямы” яшчэ засталіся?

Тарас: Натуральна, тут разглядаецца такое балючае пытаньне, як зьнішчэньне палонных польскіх афіцэраў і чыноўнікаў вясной 1940 году. Тое, што ўмоўна называецца Катыньню, хоць там далёка ня толькі Катынь. Былі тры асноўныя месцы забойстваў; апроч таго, іх расстрэльвалі ў турмах БССР і УССР. Таксама па польскіх крыніцах я апісаў шматлікія безсудовыя расправы над палякамі зь верасьня-кастрычніка 1939 году, што ў расейскамоўнай літаратуры ўвогуле нідзе не адлюстравана. А было па-зьверску забіта афіцэраў, паліцэйскіх і чыноўнікаў блізу 25 тысяч чалавек, то бок, больш чым у Катыні і іншых месцах у 1940 годзе. Палякі ўсё гэта памятаюць, у іх ёсьць Інстытут нацыянальнай памяці, там вялізная колькасьць сьведчаньняў задакумэнтавана. Але ў сучаснай Расеі пра гэта ўвогуле ня хочуць чуць.

Карэспандэнт: На Ваш погляд, што крыецца ў прыродзе напружаных стасункаў паміж геапалітычнымі суседзямі беларусаў?

Тарас: Я ў прадмове кажу, як і ў “Гісторыі імпэрскіх адносінаў…”, што фундамэнтальнай асновай узаемнага расейска-польскага непрыняцьця -- гэта рознасьць этнасаў, якія валодаюць рознай мэнтальнасьцю. Палякі і беларусы – гэта сумесь балтаў і славян, якія сыходзілі пад ударамі германскіх плямёнаў з “палаб’я” – Лабы і Одэра. А сучасны расейцы – сумесь угра-фінскіх плямёнаў з цюрскімі. Гэта абсалютна розныя этнасы; мы розныя антрапалягічна, мы ніякія не браты. Я не кажу, што хтосьці горшы ці лепшы, бо адразу пачнецца гістэрыка – ай-ай, расізм. Які расізм? Ніхто ж ня кажа, што афрыканцы племені басута і арабы браты. І ніхто не кажа, што гэта расізм. Проста розныя этнасы: з рознай рэлігіяй, з рознай гісторыяй, з рознай культурай – матэрыяльнай, духоўнай. І адсюль зразумелае непрыняцьце.

Карэспандэнт: Вы ўжо гатовыя да немалой долі крытыкі на свой адрас?

Тарас: Думаю, што кніга ў Расеі не спадабаецца нікому; выкліча шмат стогнаў, крыкаў, абурэньня. Ну што ж? Гэта іх права. Яны ня хочуць будаваць сваю гісторыю на праўдзе, яны яе хочуць будаваць і будуюць на мітах. У заключэньні я пра гэта сказаў: сучасная расейская ідэалёгія грунтуецца на мітах, на казках Карамзіна і яго пасьлядоўнікаў. Карамзін напісаў цудоўную гісторыю Расеі як літаратурны твор. І ён сам гэта прызнаваў. З праўдай там стасункі вельмі напружаныя. Праўда сама па сабе, казкі Карамзіна – самі па сабе. Твор у вышэйшай ступені таленавіты. Магу сказаць, што я ўсе 12 тамоў прачытаў на адным дыханьні. Ня шмат увогуле людзей, якія прачыталі ўсяго Карамзіна. Паважаю як аўтара, але гэта казкі на гістарычныя тэмы. І гэтыя казкі зьяўляюцца краевугольным каменем афіцыйнай гісторыі і ідэалёгіі Расеі па сёньняшні дзень. Зь некаторымі ўдакладненьнямі, дадаткамі і г.д..

Анатоль Тарас разьлічвае на вялікую цікавасьць да кнігі. Папярэдняе дасьледаваньне “Войны Маскоўская Русі зь Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай у XIV-XVIІ стагодзьдзях” вытрымала тры выданьні агульным накладам каля 10 тысяч асобнікаў, што для 800-старонкавага выданьня, як кажа аўтар, посьпех фантастычны. Тады чытачам быў абяцаны працяг, які атрымаўся падвойны: кніга пад рэдакцыяй Анатоля Тараса “Гісторыя імпэрскіх адносінаў – беларусы і расейцы”, а таксама “Анатомія нянавісьці. Расейска-польскія канфлікты ў XVIII-ХХ стагодзьдзях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG