Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шварцнэгера і Маккейна запрасілі ў Менск


Арганізатары ўстаноўчага зьезду Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, які прызначаны на 28 лютага, дагэтуль ня ведаюць, дзе яго праводзіць. У Менску яны так і не могуць знайсьці памяшканьня на 300-400 чалавек.

Сустаршыня аргкамітэту ў стварэньні новай партыі Павал Севярынец лічыць, што застаецца толькі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы сталіцы:

“Мы не зьбіраемся ствараць падпольную партыю. І мы не зьбіраемся хавацца ад кагосьці. Мы адкрыта заяўляем пра тое, што хрысьціянскія дэмакраты аб’ядноўваюцца для таго, каб весьці Беларусь па шляху духоўнага адраджэньня, каб вырашаць праблемы з развалам сям’і, развалам нацыянальнай адукацыі, каб вырашаць пытаньні, якія стаяць перад Беларусьсю: эканамічныя, грамадзкія, палітычныя. І, натуральна, мы гатовы казаць пра гэта на ўвесь голас. Тое, што падчас так званай лібэралізацыі ёсьць загад памяшканьня не прадстаўляць, мы расцэньваем як выклік. А гэта – наша краіна, наша зямля. Мы хавацца на ёй ня будзем. Мы выйдзем на цэнтральную плошчу Менску, правядзем там устаноўчы зьезд. І няхай улада пакажа, якая яна ў нас лібэральная, дэмакратычная”.

Арганізатары сходу накіравалі пісьмовыя заяўкі дырэкцыям 11 сталічных заляў. І ўсе яны адмовілі. Адны прызнаюць: памяшканьні вольныя, але ўладальнікі альбо заснавальнікі не жадаюць іх здаваць на гэтую мэту; другія пішуць, што ў гэты дзень ў залі праходзяць іншыя мерапрыемствы.

З падобнай праблемай сутыкнуліся ня толькі хрысьціянскія дэмакраты. Заяўнікі ўстаноўчага сходу ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за зьмяненьне выбарчага заканадаўства таксама не знайшлі памяшканьня. Урэшце рэшт Менскі гарвыканкам прапанаваў ім сабрацца на плошчы Бангалор.
І старшыня Незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч ніяк не мог сабраць ініцыятыўную групу. А ў яе намеры было зьбіраць подпісы за адмену кантрактнай сыстэмы найму на працу:

“Нам тады не дазволілі правесьці нават сход. Ужо не гаворачы пра тое, дзе мы будзем яго праводзіць”.
(Карэспандэнт) “Нават так? А чаму не дазволілі?”
“Улады лічаць, што гэта непатрэбна. Так яны лічаць”.

На свой зьезд беларускія хрысьціянскія дэмакраты разаслалі запрашэньні ў шэраг краінаў, удакладняе Павал Севярынец:
«Мы запрасілі некалькі дзесяткаў эўрапейскіх і амэрыканскіх палітыкаў. Сярод іх -- прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Ганс-Герт Петэрынг – мы зь ім сустракаліся і ўручалі яму 50 тысячаў подпісаў у абарону сумленьня, старшыня камітэту Эўрапарлямэнту па правах чалавека Лайма Андрыкене, Рональд Пофала – кіраўнік хрысьціянскіх дэмакратаў Нямеччыны, Яцэк Пратасевіч і Яцэк Сарыўш-Вольскі – польскія палітыкі. Мы таксама накіравалі запрашэньні Арнольду Шварцнэгеру і Джону Маккейну – прадстаўнікам роднаснай нам рэспубліканскай партыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG