Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз грошай, без вады, без цяпла


Бабруйская абутковая фабрыка на мяжы банкруцтва. Яе работнікі атрымліваюць мізэрныя заробкі, а найбольш кваліфікаваныя звальняюцца. Палова фабрычнай маёмасьці арыштаваная гаспадарчым судом. Абсталяваньне зношанае, і вырабляць якасную прадукцыю на ім немагчыма.


Работнікі фабрыкі цягам усяго мінулага году атрымлівалі заробкі са спазьненьнем на два, а то й на тры месяцы. Пры канцы сьнежня ім выплацілі толькі заробленае за лістапад. У студзені й лютым сытуацыя не зьмянілася:
Трыста шэсьцьдзесят — памер сярэдняга заробку”

“За мінулы год у нас звольніўся пяцьдзесят адзін чалавек. Прыкладна васямнаццаць швачак высокага, пятага разраду сышлі. У нас цяпер працуе трыста шэсьцьдзесят чалавек. Трыста шэсьцьдзесят — памер сярэдняга заробку”, — прызнае прадстаўнік адміністрацыі фабрыкі.

Паводле суразмоўцы, фабрыка фактычна банкрут. Каб хоць неяк яе падтрымаць, гарвыканкам узяў у сваю ўласнасьць фабрычны інтэрнат і цеплавыя камунікацыі:

“Палова маёмасьці арыштаваная гаспадарчым судом. Электрычнасьць ужо некалькі разоў у студзені й лютым адключалі на два, на тры дні. Людзей даводзілася адпускаць дадому, а потым наганяць. Ацяпленьне мы на фабрыку змаглі ўключыць толькі 29 студзеня. Вады на фабрыцы не было паўгода”.

Паратунак для прадпрыемства — інвэстыцыі. Інвэстара нібыта знайшлі, і ён нават пагадзіўся даць бабруйскаму прадпрыемству сыравіну, каб пашыць сямнаццаць тысяч пар абутку:

“Нават гэтая замова на сямнаццаць тысяч для нас складаная ў выкананьні. Працяглы час у абсталяваньне не ўкладаліся грошы — у рамонт і запасныя часткі. Такое абсталяваньне, якое ў нас ёсьць, у прынцыпе ня можа выпускаць якаснай прадукцыі”, — зазначае прадстаўнік адміністрацыі фабрыкі.
бабруйская фабрыка, каб выжыць, пазычае грошы дзе можа ...

Ранейшы інвэстар бабруйскіх абутнікаў, расейскае таварыства “Восток-Сервис”, адмовіўся ад далейшага супрацоўніцтва, спаслаўшыся на праблемы, выкліканыя сусьветным фінансавым крызісам. Новы расейскі інвэстар, кампанія “Модерам”, абяцае ўкласьці дваццаць тысяч эўра ў набыцьцё новага абсталяваньня. Пакуль жа бабруйская фабрыка, каб выжыць, пазычае грошы дзе можа. Паводле прадстаўніка адміністрацыі, у выніку прастояў прадпрыемства страціла як замежныя рынкі збыту сваёй прадукцыі, так і ўнутраны, беларускі.

Бабруйская абутковая фабрыка спэцыялізуецца на вырабе рабочага абутку і абутку спэцыяльнага прызначэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG