На мінулым тыдні гігант беларускай прамысловасьці — МАЗ — не працаваў два дні, у панядзелак і пятніцу. Сёньня на працу выйшла толькі адміністрацыя. Начальнік упраўленьня маркетынгавых камунікацый прадпрыемства Вольга Ісер адзначыла:
“Сёньняшні дзень таксама адносіцца да прастою. У зьвязку зь неабходнасьцю зьмяншэньня вытворчасьці. Мы хацелі зьменшыць аб’ём вытворчасьці, каб не дапусьціць затаварваньня на складах, і зроблены гэтыя захады. Гэта трэці дзень у гэтым месяцы”.
Карэспандэнт: “На гэтым тыдні толькі адзін дзень?”
Ісер: “Так, а далей будзем глядзець па абставінах”.
За дні прастою рабочыя атрымаюць дзьве траціны ад заробку. Як камэнтуюць сытуацыю ў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі? Прадстаўнік Рэспубліканскага камітэту прафсаюзу работнікаў прамысловасьці Леанід Хаванскі адзначыў:
“Што камэнтаваць, калі такая сытуацыя? Пакуль гэты тыдзень, пра наступны яны ня ведаюць — вось і ўвесь камэнтар. На сёньняшні дзень тым, каму вельмі складана, аказваецца матэрыяльная дапамога за кошт прафсаюзаў. Гэта дапамога ў межах адной-дзьвюх базавых. Усім мы ня можам даць. У асноўным гэта малазабясьпечаныя”.
На пашыраным паседжаньні Савету міністраў віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў прызнаў, што ўжо напрыканцы мінулага году ў прамысловасьці пачалі выяўляцца нэгатыўныя наступствы крызісу. У іх ліку — зьмяншэньне аб’ёмаў экспарту, а значыць, і прытоку ў краіну валютнай выручкі, павелічэньне затаварваньня складоў, а таксама дэбіторскай запазычанасьці за экспартаваную прадукцыю. Паводле спадара Кабякова, цяпер надзвычай важна “разьвязаць складаны вузел неплацяжоў у гандлі з асноўным партнэрам — Расеяй”.
Кіраўнік цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка мяркуе, што прастой — гэта першае, што можа рабіць прадпрыемства пры падзеньні попыту на прадукцыю.
“Паводле маіх разьлікаў, у першыя месяцы гэтага году экспарт Беларусі ў цэлым павінен упасьці на 40%. За студзень пакуль няма дадзеных. Гэта супадае са становішчам на МАЗе. Гэтая сытуацыя характэрная для беларускага экспарту ў цэлым. Калі б урад, як і МАЗ, пайшоў на трохдзённы тыдзень, то было б лепей. Яны проста падскокваюць на месцы і выконваюць функцыю пажарнай каманды. Крызіс будзе праходзіць урачыста і пышна да 2012 году. Трэба рэфармаваць і дэфарматаваць у цэлым эканоміку”.