Лінкі ўнівэрсальнага доступу

80 гадоў гісторыку Анатолю Грыцкевічу


Анатоль Грыцкевіч,<br/>фота <a href=nn.by target="_blank">«Нашай Нівы»</a>
Анатоль Грыцкевіч,<br/>фота <a href=nn.by target="_blank">«Нашай Нівы»</a>

31&nbsp;студзеня адзначае 80-годзьдзе прафэсар, доктар гістарычных навук, знаўца гісторыі беларускай культуры, рэлігіі, спэцыяліст па&nbsp;генэалёгіі магнацкіх беларускіх родаў, па&nbsp;гісторыі беларускіх татараў, сапраўдны беларускі інтэлігент Анатоль Грыцкевіч.

Першая вышэйшая адукацыя ў Анатоля Грыцкевіча — мэдінстытут (маці яго была дацэнтам мэдінстытуту. І абодва сыны — Анатоль і Валянцін спачатку абралі матчын шлях). Працаваў лекарам. У 1955 скончыў інстытут замежных моў. І маючы ўжо дзьве вышэйшыя адукацыі, скончыў яшчэ і гістфак БДУ (бацька Грыцкевіча быў гісторыкам). З 1959 году працаваў у акадэмічным Інстытуце гісторыі. З 1975 года — загадчык катэдры Ўнівэрсытэту культуры. Аўтар больш за 1150 навуковых публікацый, 6 манаграфій. Першым напісаў праўду пра Слуцкі збройны чын. Ягоныя кнігі па гісторыі цэркваў выдадзеныя ў Рыме. Тройчы ён сустракаўся з Папам Рымскім Янам Паўлам другім. У мінулым годзе спадар Грыцкевіч быў адзначаны ўзнагародай польскага часопіса “Przegląd Wschodni” імя Аляксандра Гейштара, якая штогод уручаецца навукоўцам за пашырэньне ведаў пра гісторыю Ўсходняй Эўропы.

Прынцыповая пазыцыя прафэсара Грыцкевіча не заўсёды супадае з афіцыйным пунктам погляду, кажа гісторык Міхась Чарняўскі:

Міхась Чарняўскі
“У яго беларускія погляды, бо такая чыстая гісторыя, аб’ектыўная гісторыя не існуе. Ёсьць такі афарызм: „Гісторыя — гэта мітатворчасьць у межах верагоднага“. Гэта жартам кажучы… Можна пісаць гісторыю з антыбеларускай пазыцыі, як у часы Савецкага Саюзу (так званая марксісцка-ленінская мэтадалёгія). Пісалася тое, што было добра для Масквы, а ўскраіны быццам бы ня мелі гісторыі самастойнай. Менавіта Грыцкевіч паказваў, што беларуская гісторыя — абсалютна самастойная, і што яна не ў маскоўскім рэчышчы ішла, а ў эўрапейскім рэчышчы. І гэта абсурд Абэцэдарскага, што беларускі народ толькі і марыў ледзь не з часоў маманта, каб злучыцца з братнім расейскім народам. Грыцкевіч якраз паказвае, што нашы адносіны былі абсалютна не такія. Спадару Грыцкевічу дай Бог здароўя, і яшчэ працаваць і працаваць на нашу беларускую ніву”.

Гісторык Павал Лойка адзначае энцыкляпэдычныя веды, інтэлігентнасьць роду Грыцкевічаў (брат Анатоля Валянцін — загадчык катэдры Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту культуры) :

“Постаць братоў Грыцкевічаў сапраўды вельмі яскравая ў гісторыі Беларусі. Гэта дынастыя — працяг нашых беларускіх гісторыкаў, этнографаў, філёлягаў, прозьвішчы якіх заканчваюцца на „віч“ — з братамі Луцкевічамі сапраўды супадзеньне… Спадар Анатоль — фігура, якая застанецца назаўжды ў нашай гісторыі, культуры, усеабдымнай любові тых, хто сапраўды любіць Беларусь”.

Прафэсар Анатоль Грыцкевіч — дзейны сябра Міжнароднай Акадэміі Эўразіі, доўгі час быў старшынём Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, цяпер ён — сябра аргкамітэту па сьвяткаваньні 1000-годзьдзя Літвы.

Аляксей Марачкін
Мастак Аляксей Марачкін кажа пра Анатоля Грыцкевіча:

“Гэта сапраўды чалавек аўтарытэтны. як гісторык, як навуковец. Якраз ён мяне рэкамэндаваў на кіраўніка Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“. Калі ён сам быў на гэтай пасадзе, ён быў прэзыдэнтам, тады гэта пасада так называлася. А цяпер прэзыдэнт у нас адзін, зь вялікай літары трэба пісаць. А для мяне вялікі чалавек, зь вялікай літары — Анатоль Грыцкевіч. Я яму зычу доўгага жыцьця, здароўя, таму што мы зь ім зноў працуем разам у аргкамітэце па сьвяткаваньні 1000-годзьдзя Літвы. У Вялікім княстве Літоўскім не было старэйшага і малодшага брата. Мы былі ўсе вялікія — пра гэта кажа Анатоль Грыцкевіч”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG