Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франак Вячорка будзе размаўляць з вайскоўцамі ў судзе


Старшыня моладзі БНФ Франак Вячорка падрыхтаваў скаргу ў суд на дзеяньні вайскоўцаў. Супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным прыехалі па яго ў шпіталь, дзе Франак праходзіў мэдычнае абсьледаваньне. Потым гвалтоўна прывезьлі ў ваенкамат, дзе абвясьцілі, што ён прыдатны да службы ў войску. Франак заявіў, што не адмаўляецца служыць у войску, але патрабуе захаваньня законнасьці і роўнасьці для ўсіх прызыўнікоў.


Франак Вячорка мае намер зафіксаваць зьбіцьцё і зьвярнуцца са скаргай на дзеяньні прадстаўнікоў улады.

Падставай для звароту стаў сёньняшні інцыдэнт. У палату вайсковага шпіталя, дзе Франак праходзіў мэдычнае абсьледаваньне, уварваліся людзі ў цывільным, якім на выгляд, паводле Франкавых словаў, было каля 40 гадоў.

Гаворыць Франак Вячорка:

“Самае абуральнае, што ў шпіталі, дзе я ляжаў, мяне зьбілі супрацоўнікі невядомых мне спэцслужбаў. Яны нечакана на вачах іншых пацыентаў уварваліся ў маю палату, прыціснулі мяне каленам да ложка і пачалі выкручваць рукі і ногі. Нават спрабавалі надзець кайданкі.

Я крычаў, што магу пайсьці сам. Але ў мяне такое адчуваньне, што ім гэта прыносіла задавальненьне. Вывелі мяне са шпіталя на вачах у мэдсясьцёр і ашалелых пацыентаў”.

Тое, што адбывалася ў палаце, чуў праз тэлефон Франкаў бацька Вінцук Вячорка:

“Мне было вельмі балюча, калі я нічога ня мог зрабіць. Мяне не пускалі на тэрыторыю шпіталя. Я па тэлефоне слухаў крыкі сына, лямант, кайданкі, грукат, удары…

Я разумею, што ўсё робіцца з адной мэтай: запалохаць і паказаць, што ўсе гэтыя гульні ў лібэралізацыю маюць толькі дачасны і скурны характар”.



Франка прывезьлі ў ваенкамат Савецкага раёну Менску, дзе яму паведамілі, што мэдычная камісія прызнала яго прыдатным да службы ў войску. Яго папярэдзілі, што а 16 гадзіне ён павінен быць на прызыўным пункце, каб накіравацца ў вайсковую частку.

Тым часам людзі ў цывільным схапілі ягонага бацьку і маці, выштурхалі іх з будынку ваенкамату і зачынілі за імі дзьверы. Арына Вячорка патрабавала адчыніць дзьверы і так грукала ў іх, што разьбілася шкло.



Гэта стала падставай для затрыманьня. Арыну адвезьлі ў міліцыю Савецкага раёну, каб скласьці пратакол.



Вінцук Вячорка абураны дзеяньнямі прадстаўнікоў улады.

“Яго ж ня выпісалі, яму не прад’явілі дыягназ, яму не прад’явілі абяцаную картку, яму не дазволілі прайсьці абавязковае абсьледаваньне да канца. Прычым вывалаклі яго людзі ў цывільным, ні сваіх дакумэнтаў, ні дакумэнтаў на права яго кудысьці валачы…

Тое, што тыя ж людзі ў цывільным камандавалі армейскімі падпалкоўнікамі ў ваенкамаце, якія па-халуйску выконвалі іхныя загады… Людзі ў цывільным без імёнаў і без абліччаў выставілі мяне з ваенкамату і зачынілі ваенкаматаўскія дзьверы. Гэта паказвае, якая рэальная ўлада ў краіне”.

Франак Вячорка заявіў, што ніколі не хаваўся ад войска:

“Я ніколі не адмаўляўся ад службы ў войску. Я проста патрабую выкананьня законаў. Улады, каб загрэбсьці мяне ў войска, парушылі ўсе магчымыя законы. Мне былі сфабрыкаваныя і сфальсыфікаваныя дыягназы ў шпіталі, дзе я правёў увесь апошні тыдзень. Там няма ні слова пра лічбы замеру ціску, няма ні слова пра тыя праблемы са здароўем, якія ў мяне ёсьць”.

Роўна год таму, 16 студзеня, Франка затрымалі міліцыянты ў судзе Цэнтральнага раёну. Яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і арыштавалі на 15 сутак. За гэта хлопца, які вучыўся на “выдатна”, адлічылі з БДУ. Праз тыдзень пасьля гэтага Франак атрымаў позву ў ваенкамат. Ён намагаўся аднавіцца на вучобе. Яму зрабілі апэрацыю на вачах і далі адтэрміноўку ад службы ў войску. Але супрацоўнікі міліцыі, якімі кіравалі людзі ў цывільным, неаднойчы і пасьля гэтага затрымлівалі Франка на вуліцы і гвалтоўна прывозілі ў ваенкамат.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG