Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячоркі ў міліцыі


Сям'я Вячорак каля ваенкамату
Сям'я Вячорак каля ваенкамату

Франку Вячорку ў ваенкамаце ўручылі позву, згодна зь якой ён павінен а 16 гадзіне прыйсьці зноў у ваенкамат, каб накіравацца ў вайсковую частку. Пасьля таго як ён заявіў, што яму патрэбны час для звароту ў суд са скаргай на дзеяньні афіцэраў са службы бясьпекі прэзыдэнта, яго адпусьцілі, даўшы позву на 26 студзеня.


Арыну Вячорку, Франкаву маці, трымаюць у міліцыі Савецкага раёну. Яна бразнула дзьвярыма на ўваходзе ў ваенкамат Савецкага раёну так моцна, што разьбілася шкло. Гэта стала падставай, каб яе затрымаць.




Франак Вячорка накіраваўся ў міліцію Савецкага раёну, каб зьняць зьбіцьцё. Ён паведаміў, што яго зьбівалі людзі ў цывільным, якім на выгляд было гадоў па 40.

***

Сёньня зранку па Франка Вячорку, які праходзіў абсьледаваньне ў рэспубліканскім вайсковым шпіталі, прыехалі супрацоўнікі міліцыі і службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі. Яны патлумачылі хлопцу, што яго павязуць у ваенкамат Савецкага раёну.

Супрацоўнікі службы бясьпекі і міліцыянты ўварваліся ў палату, у якой знаходзіўся Франак Вячорка. Яны пачалі зьбіваць хлопца на вачах суседзяў. Бацька Франка апавёў, што праз тэлефон каля трох хвілінаў слухаў, як зьбівалі ягонага сына. Ён пачуў, як Франак крычаў, што яму баліць, і прасіў, каб яму далі магчымасьць самому пайсьці. Чуў таксама, як нехта казаў, што выконвае загад.

Вінцук Вячорка апавёў, што пасьля гэтага Франка выцягнулі з палаты, а потым са шпіталя і кінулі ў міліцэйскую машыну. Наперадзе паехалі афіцэры службы бясьпекі на джыпе. Вінцук Вячорка назваў ганебнымі дзеяньні прадстаўнікоў улады, якія зьбівалі чалавека ў шпіталі, а таксама мэдыкаў.

Лекары шпіталя не адказалі на пытаньне, ці гатовыя вынікі абсьледаваньня. Хлопцу заявілі, што пра ўсё ён даведаецца ў ваенкамаце. Франак паведаміў "Свабодзе", што мэдыкі не зрабілі ніякага абсьледаваньня па зроку, а менавіта з-за апэрацыі на вачах хлопцу далі адтэрміноўку ад службы ў войску. Франак Вячорка паведаміў, што яго дагэтуль не абсьледавалі артапэд і кардыёляг. Каля шпіталя стаяць міліцэйская машына і аўтамабіль, на якім прыехалі супрацоўнікі службы бясьпекі прэзыдэнта.

Вінцука Вячорку супрацоўнікі службы бясьпекі гвалтоўна вывелі з будынку ваенкамату, пры гэтым у яго адабралі мабільны тэлефон. Празь некалькі хвілін тэлефон сп.Вячорку вярнулі ўжо на вуліцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG