Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прынц Гэры хоча ў войска, а Франак Вячорка – не?


Актывіст "Моладзі БНФ" Зьміцер Жалезьнічэнка ў войску
Актывіст "Моладзі БНФ" Зьміцер Жалезьнічэнка ў войску

У Беларусі завяршаецца чарговы прызыў у войска. Па ягоных выніках Мінабароны мяркуе набраць каля 10 тысяч навабранцаў. Маладыя апазыцыйныя палітыкі не жадаюць патрапіць у іх лік. Чаму?

У прэсавай службе Міністэрства абароны кажуць, што колькасьць тых, хто пазьбягае выкананьня ваеннага абавязку, цяпер зьніжаецца:

“Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, больш за 91 працэнт маладых людзей прыходзяць з жаданьнем служыць у войску. Колькасьць тых, хто па тых ці іншых прычынах ухіляецца ад прызыву на тэрміновую службу, службу ў рэзэрве, у нас меней за 1 працэнт ад тых, хто падлягае прызыву”.

У гэты адзін працэнт патрапілі два лідэры апазыцыйных моладзевых арганізацыяў. Франака Вячорку, лідэра “Моладзі БНФ”, днямі пад вартай даставілі ў вайсковы шпіталь з мэтай адправіць яго ўрэшце служыць. Ня ведае, ці зможа аднавіцца ў школе і атрымаць сярэднюю адукацыю і Іван Шыла з Салігорска, намесьнік старшыні незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”. Яго нядаўна таксама пад вартай даставілі ў ваенкамат і прызналі годным да службы ў войску.

Франак Вячорка бачыць сябе ў войску не зараз, а пазьней:

“Усё, чаму вучыць сёньняшняе беларускае войска – гэта лаяцца матам і падпарадкоўвацца начальнікам. А я ні тое, ні другое не хачу. Я мушу ведаць, што ў маёй краіны моцная армія, а для гэтага войска мусіць быць прафэсійным. Калі ісьці ў войска, то ў войска варта ісьці афіцэрам. Скончу, атрымаю адукацыю, з ваеннай катэдрай,– і пайду служыць у войска, у мяне будзе асабовы склад, я ўсіх прывучу служыць на беларускай мове і я ўпэўнены, што тыя вайскоўцы, што будуць у маім падпарадкаваньні як у афіцэра, менавіта яны будуць служыць інтарэсам беларускага народа, што я не магу сказаць пра сёньняшнюю лукашэнкаўскую армію”.

На думку літаратара і мастака Ўладзімера Сьцяпана, нежаданьне актывіста ісьці ў войска моцна псуе ягоны імідж і не спрыяе даверу да яго:

“Войска – гэта інструмэнт палітыкі, па-першае, заўсёды гэтак было. Мастак можа быць без дзяржавы, мастак – анархіст. А палітык завязаны на дзяржаву, а войска – гэта інструмэнт дзяржавы, як тут быць? Тут усё проста, марыш быць у дзяржаве палітыкам – значыць, павінен... Ну, а вось як гэта можа выглядаць? Прыкладам, “адкасіў” Франак ад войска, не пайшоў. Потым стаў палітыкам. Як ён потым, будучы палітыкам, будзе ставіцца да тых, хто мусіць ісьці служыць у войска? Хто яго будзе слухаць? Сьмешная атрымліваецца сытуацыя”.
Мастак можа быць без дзяржавы і войска, а палітык – не.

На думку Уладзімера Сьцяпана, трэба адштурхоўвацца ад той рэальнасьці, у якой мы жывем:

“Англійскі прынц ідзе служыць у войска... Усе, хто ідзе ў палітыку, ідуць у войска і прыходзяць у палітыку з вайсковымі званьнямі. Можна не пайсьці, ну, натуральна можна, але павінна быць пазыцыя ў палітыка! Я асабіста пра сябе кажу – я да такога палітыка даверу мець не змагу. Павінен палітык ісьці ў войска – і якое гэта войска – справа пятая. Такое войска, якое ёсьць! І дзяржава ў нас такая, як ёсьць”.

Франак Вячорка з такімі аргумэнтамі не пагаджаецца:
Спачатку – адукацыя, а потым ужо ўсё астатняе, у тым ліку і войска.

“Самае важнае для палітыка – мець добрую сыстэмную адукацыю. І менавіта адукацыі мяне пазбавілі. У студзені 2008 году мяне выключылі з унівэрсытэту па палітычных матывах. І адразу ж, праз 2 дні, пачалася эпапэя з войскам. Сутнасьць не ў тым, што НЕ ХАЧУ служыць у войску, сутнасьць у тым, што спачатку – адукацыя, а потым ужо ўсё астатняе, у тым ліку і войска”.

Адукацыю ставіць для сябе на першае месца ў біяграфіі і Іван Шыла:

“Для кагосьці войска ёсьць адзінай фактычна надзеяй ці магчымасьцю атрымаць нейкія льготы ці проста ўладкавацца на працу – гледзячы якая праца. Для іншых – гэта безвыходнасьць, вымушаная мера. Для некаторых – магчымасьць выявіць сябе, паказаць ці, тыповымі стэрэатыпамі гаворачы, стаць мужыком.
Я не думаю, што войска адкрывае нейкія новыя магчымасьці.

Я так не лічу. Я не думаю, што войска адкрывае нейкія новыя магчымасьці. Мне часта гавораць, што армія – гэта клясная рыса ў біяграфіі, але ў той жа момант я лічу, што, ня скончыўшы школу, няма пра што думаць у сэнсе біяграфіі, а войска тут з’яўляецца істотнай перашкодай”.

У свой час Уладзімер Сьцяпан адслужыў у пажарных войсках. І досьвед гэты лічыць важнай часткай свайго жыцьця:

“Якое было войска на той час, я ў такое я і трапіў. Магчыма, я таксама хацеў, каб войска было лепшае, каб там лепей кармілі, лепш апраналі, лепшая каб тэхніка там была. Але ў войску я прачытаў усяго Томаса Мана, 12 ці 13 тамоў, усяго Макса Фрыша, Дастаеўскага... Усё гэта я прачытаў у войску, так што войска мне дало шмат”.

Сёньня асаблівых магчымасьцяў чытаць падчас службы вайскоўцы не адзначаюць. Але як жыцьцёвы досьвед ды грамадзянскі абавязак успрымаюць. Мой суразмоўца – вайсковец у рэзэрве, праходзіць цяпер службу ў Печах, што ў Барысаўскім раёне.

“Трэба самому каўнерыкі прышываць, гузікі – што раней мама рабіла. Гэта першапачаткова складана. Потым – рэжым вызначаны, пад’ём у пэўны час, адбой. Таксама нязвыкла. Так, мы цяпер навучаемся на старым абсталяваньні... Але папросту ў дзяржавы не хапае грошай на новае. Новыя рэчы каштуюць шмат. Але і старыя не настолькі маральна састарэлі. А вось калі няма каму будзе служыць,– хто будзе ахоўваць дзяржаву? Тыя ж войскі супрацьпаветранай абароны, тыя ж радары, адсочваньне, усё гэта важна! Інакш мы станем проста слабым месцам, слабой кропкай на мапе”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG