Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляды, якія мы забываем


7 студзеня праваслаўныя адзначаюць Каляды, Раство Хрыстова. Каталікі, пратэстанты адзначылі Каляды, сьвята Божага нараджэньня два тыдні таму. Чаму так адбываецца, ці памятаюць пра калядныя традыцыі ў гарадах і вёсках, як іх захоўваюць і шануюць?

Старшыня Брацтва сьвятых віленскіх мучанікаў Мікола Матрунчык лічыць розьніцу ў каляндарных стылях другаснай адносна таго пачуцьця, якое чалавек перажывае ў гэтыя дні:

“Усё ж такі каляндар — гэта канвэнцыйная рэч. На жаль, такое адчуваньне, што цяперашняе жыцьцё больш засяроджваецца на гэтых канвэнцыйных рэчах, чым на сутнасных, за штосьці другаснае сьвядомасьць чапляецца.
Я пажадаў бы, каб найперш перажывалася сама сутнасьць гэтых сьвятаў, як рэлігійная, так і традыцыйна культурная.
Таму я пажадаў бы, каб найперш перажывалася сама сутнасьць гэтых сьвятаў, як рэлігійная, так і традыцыйна культурная. Каб людзі паспрабавалі разбудзіць у сабе вось гэтую непаўторную радасьць, якая была ў людзей у гэтыя дні, калі яны хадзілі адзін да аднаго ў госьці. Здаецца, людзі зараз засяроджаныя на больш надзённым, штодзённым. І радасьць, якая звычайна бывала ў людзей у гэтыя непаўторныя дні, на жаль, не заўсёды дагрукваецца”.

Этнограф Лія Салавей, адна з аўтараў двухтомніку “Беларускі фальклёр”, перакананая, што Каляды, як і Купальле, зьвязаныя з сонцастаяньнем. І Каляды правільней адзначаць 25 сьнежня, калі пачынае прыбаўляцца дзень. Ну, а тое, што праваслаўныя сьвяткуюць 7 студзеня, пракамэнтавала так:

Мне вельмі хацелася б, каб прынамсі ў Беларусі ўсе людзі сьвяткавалі разам.
“Для Расеі гэта ня мае значэньня, а для беларусаў гэта непрыемная рэч. Таму што ў нас людзі сьвяткуюць двое Калядаў. Такое разьдзяленьне мне так не падабаецца… Я ўжо больш схільная да атэізму, чым да канфэсійных падзелаў, паверце. Мне непрыемна гэта. Цяпер гэта пытаньне вялікай палітыкі. Мне вельмі хацелася б, каб прынамсі ў Беларусі ўсе людзі сьвяткавалі разам. А гэты падзел і культываваньне гэтага падзелу мне непрыемныя. Нядобра, нядобра…”

І тым ня менш значная частка беларусаў пачынае сьвяткаваць Каляды менавіта 6 студзеня сьвяточнай вячэрай, якая носіць назву “першай”, “поснай”, “беднай”, “галоднай” куцьцi (ад назвы рытуальнай стравы). Калядам папярэднічае саракадзённы Піліпаўскі пост. Ці посьцяць зараз людзі? Вядомы этнограф і фальклярыст Янка Крук гэтыя дні праводзіць на Берасьцейшчыне. Разам са студэнтамі езьдзіць па вёсках, здымае і запісвае, як вяскоўцы захоўваюць традыцыі:

Першы тыждзень і апошні тыждзень мы посту трымаліся, астатні час скароміліся.
“Яны кажуць: „Першы тыждзень і апошні тыждзень мы посту трымаліся, астатні час скароміліся“ (я нават занатаваў гэтае слова — скароміліся). Але першы і апошні тыдзень яны абавязкова посьцяць. Учора нам прапаноўвалі і каўбасы, і чарку віна свайго, але што да сёньняшняга вечара — сказалі, што ўсё будзе толькі поснае на стале”.

Гісторык, аўтар кнігі “Беларуская кухня” Алесь Белы кажа, што страў на стале павінна быць 12:

“Ну, а самая галоўная страва — куцьця. Як правіла, гэта каша зь ячменнай крупы, але і з пшаніцы, і з рысу пазьней варылі. Дарэчы, хто зараз прытрымліваецца традыцыяў, пераважна вараць рысавую. Традыцыйна другая па значнасьці страва — гэта кісель. Не такі вадкі, як цяпер, а густы, як жэле. Ну, і таксама павінна быць шмат рыбных, грыбных страваў. Так званы грыбны квас, чырвоны боршч з вушкамі, юшка”.

Сьвяточная вячэра пачыналася са зьяўленьнем першай зоркі і праходзіла ў строгім маўчаньні. Неад’емным атрыбутам сьвяточнага стала, акрамя традыцыйных страў, лічыцца сена, якое тонка сьцялілі на стале, а потым закрывалі абрусам.
Добра, каб і сена было, і колькасьць страў, і стравы пэўныя былі ў гэты дзень.
У горадзе цяпер так мала хто робіць, але абрады пажадана захоўваць, лічыць Мікола Матрунчык:

“Калі людзі рыхтуюцца да сьвята і хаця б вонкава рытуальнасьць спрабуюць захаваць, добра, каб і сена было, і колькасьць страў, і стравы пэўныя былі ў гэты дзень. Гэта толькі б напоўніла вечар нечым непаўторным”.

Праваслаўны сьвятар, архімандрыт Аляксей Шынкевіч нагадвае, што Раство найперш — гэта момант незвычайнага эмацыйнага стану, сьвяточнага настрою:

“Па-першае, кожны з нас падводзіць вынікі таго, як ён сустракае гэты найсьвяцейшы дзень у жыцьці кожнага хрысьціяніна. Перш за ўсё, ён павінен паглядзець на сябе, як ён пражыў гэтыя 40 дзён каляднага посту, які вынік яго духоўнага жыцьця, што добрага ён зрабіў людзям, ці нарадзіўся ў яго сэрцы Хрыстос. Вынік павінен быць духоўны”.

Забавы, калядаваньне з пераапрананьнем, жартамі, пачастункамі, розыгрышамі — гэта будзе толькі 7 студзеня ўвечары. Мастак Алесь Пушкін да калядаваньня ўжо падрыхтаваўся, дастаў з гарышча ўсе атрыбуты:

“Калядная зорка, маска казы, механошы ў нас ёсьць. Цыганка і цыган у нас адсутнічаюць, але паглядзім, можа, у каго-небудзь будзе жаданьне апрануць… Ну, а я граю ролю дзеда, які стукаецца кійком. Калядны дзед заходзіць і гаворыць: “Добры дзень вам у хату. Сёньня — сьвяты вечар, шчодры вечар. Ці дазволіце нам казу папускаці, вас павіншаваці з Божым нараджэньнем?”

Ну, а ў гарадах аддзелы культуры спрабуюць таксама адрадзіць некаторыя калядныя традыцыі. 7 студзеня ў сталічным парку імя Горкага, на плошчах адбудуцца масавыя гуляньні. Што да адраджэньня народных традыцыяў, так бы мовіць, на асфальце, Мікола Матрунчык выказаў такое меркаваньне:

“Ой, ну, гэта, відаць, зьява такой новай гарадзкой культуры. Спрабуюць рабіць нейкія паўторы той традыцыі, якая існавала заўжды. Сам я больш у гэтыя дні перабываю на вёсцы і магу толькі сказаць, што людзі на вёсцы таксама падзабылі традыцыі. Але калі да іх заходзіш вось так, раптоўна, са сваімі дзецьмі, сьпяваеш калядныя песьні, бачыш, як на падсьвядомым узроўні ўсе абуджаюцца, як яны мяняюцца ў тварах, як душа іх мяняецца. Ня ведаю, калі гэтага ў людзей зусім не засталося ў сьвядомасьці і ім хочуць штучна прышчапіць традыцыйнасьць такую — відаць, гэта няпростая задача”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG