Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі калядных зьніжак можна і не заўважыць


Ва ўсім сьвеце праводзяцца традыцыйныя сьвяточныя распродажы. На перадкалядныя і пераднавагоднія дні прыпадае да чвэрці гадавой гандлёвай выручкі. Якімі зьніжкамі і распродажамі парадуе беларусаў перадсьвяточны гандаль.


Сёлета беларускім прамысловым прадпрыемствам і гандлю “рэкамэндавана” рабіць зьніжкі. Магчыма, ня столькі ў зьвязку з Калядамі, колькі ў зьвязку з тым, што прамысловасьць працуе фактычна на склад: Беларусь з-за крызісу страціла рынкі збыту. Начальнік упраўленьня гандлю і паслугаў Менгарвыканкаму Людміла Петракоўская распавяла:

“Плянуецца правесьці больш за 1 тысячу калядных распродажаў па зьніжаных коштах. Тут будуць прадавацца тавары са зьніжкамі ня толькі з боку гандлю, але і з боку прамысловасьці. Чым больш дасьць прамысловасьць, тым больш, натуральна, зьнізіцца адпускная цана, зьменшыцца гандлёвая надбаўка і зьнімецца яшчэ больш для насельніцтва”.

“Гандлёвы дом на Нямізе” зьвярнуўся да ўсіх пастаўшчыкоў з просьбай дазволіць зьнізіць кошты. Да таго ж сам унівэрмаг пайшоў на зьніжэньне гандлёвай надбаўкі. Супрацоўніца службы маркетынгу распавяла:
“Элема” дала зьніжкі ад 20 да 50%, але на ня вельмі хадавыя мадэлі

“Ня ўсе пайшлі нам насустрач, вельмі многія адмовіліся, патлумачыўшы гэта дрэнным эканамічным станам, а некаторыя наагул нашы звароты праігнаравалі. Адгукнуліся сапраўды буйныя пастаўшчыкі. Да прыкладу, “Элема” дала зьніжкі ад 20 да 50%, але на ня вельмі хадавыя мадэлі”.

Карэспандэнтка: “А ці адчуваеце вы перадкалядны, пераднавагодні ажыятаж?”

“Ажыятажу не адчуваецца: ці то сапраўды крызіс паўплываў, ці то пакуль яшчэ няма такога сьвяточнага настрою. Застаецца спадзявацца, што бліжэй да Новага году (бо Новы год у нас больш сьвяткуюць, чым Каляды) пакупнікоў будзе больш”.

Такім чынам, на шмат якія тавары, на якія адмовілася рабіць зьніжкі прамысловасьць, зрабілі толькі гандлёвую зьніжку — а гэта 5, максымум 10%.

Супрацоўнік Упраўленьня гандлю Менгарвыканкаму Ігар Лагойка прызнаецца:

“Гэта, магчыма, ня вельмі заўважна, але вы гэта ўбачыце, калі будзе перакрэсьленая старая цана і побач напісаная новая”.

Ня вельмі заўважныя зьніжкі і на прадукты — таксама ў сярэднім на 5%. Выключэньне — хіба што перадсьвяточныя кірмашы, якія ў сталіцы адбываліся 25 сьнежня. На гарадзкіх плошчах быў разгорнуты выязны гандаль, і харчовыя прадпрыемствы з рэгіёнаў прадавалі сыры і вяндліну, мяса і каўбасы ў сярэднім на 20—30% таньней, чым у менскіх унівэрсамах.

Гнутчэйшымі выявіліся камэрцыйныя структуры, для якіх вельмі важны абарот, кажа Ігар Лагойка:

“Вельмі ахвотна адгукнуліся на распродажы камэрцыйныя структуры, якія даюць вельмі вялікія зьніжкі”.

Сапраўды, прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, прыватныя прадпрымальнікі істотна зьнізілі кошты. Імпартны абутак вытворчасьці вядомых нямецкіх, аўстрыйскіх, фінскіх вытворцаў “Gabor”, “Hogl”, “Rieсker”, “Каiser”, “Vito” ў галерэях “Люстэрка”, “Эўропа”, “Купалаўскі”, “Падземны горад” можна набыць са зьніжкай да 55%.

Ну, а ў суседніх краінах — Літве, Польшчы — перадкалядныя і пераднавагоднія зьніжкі не параўнаць зь беларускімі, распавяла спадарыня Ірына, якая працуе ў Варшаве:
У Польшчы ў сярэднім ва ўсіх крамах — зьніжкі да 50%

“Напрыклад, у “Галерэі Цэнтрум“ дзейнічаюць зьніжкі да 90%. Зь мінулай суботы пачаўся распродаж упрыгожаньняў для ялінак — зьніжкі да 50%. У сярэднім ва ўсіх крамах — зьніжкі да 50% на абутак, зімовае адзеньне, восеньскі асартымэнт”.

Так што хто мае шэнгенскую візу, імкнуцца на перадсьвяточныя закупы ў Літву, Польшчу, Украіну. Нават з так званымі “растаможкамі” складаную бытавую тэхніку, адзеньне, абутак, ня кажучы ўжо пра харчы, там можна набыць значна таньней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG