Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў чарзе па лепшую долю


Чэргі за квіткамі на футбольны матч Лігі Чэмпіёнаў “БАТЭ” – “Рэал”
Чэргі за квіткамі на футбольны матч Лігі Чэмпіёнаў “БАТЭ” – “Рэал”
Чэргі — адзін з атрыбутаў савецкага жыцьця, складнік штодзённага побыту большасьці савецкіх грамадзянаў. Што зьмянілася за апошнія дзесяцігодзьдзі? Ці засталася звычка стаяць у чарзе і вырашаць пытаньні па-за чаргою?

“А для тых, хто па-за чаргою, у нас — асобная чарга”, — так казалі героі аднаго з папулярных савецкіх фільмаў. І гэтая фраза відавочна ілюстравала савецкі побыт. Дэфіцытам было ўсё, — ад прадуктаў да вопраткі.

Галіна, колішняя супрацоўніца музэю, сёньня жыве ў Варшаве. З тых часоў найбольш запомніліся чэргі па боты, распавядае яна:

“Чамусьці, менавіта чаргу па боты запомніла найлепш. Натоўп гэткі, што ня бачыш, што менавіта „даюць“. Той, хто толькі падышоў, пытаецца, што там. І калі чуе, што зімовыя боты, моўчкі становіцца. Неістотны колер, мадэль, неістотны нават памер!!! А было яшчэ чароўнае слова „імпартны“. Гэта аўтаматычна павялічвала чаргу ў некалькі разоў і азначала, што стаяць трэба, забыўшыся на працу, справы, сям’ю… Стаяць трэба насьмерць”!

Тыпова мужчынскія чэргі ўтвараліся перад 8 сакавіка, згадвае беларускі паэт-бард Віктар Шалкевіч:

“Ідзеш, прыкладам, па вуліцы Савецкай у Горадні, і каля адзінай кветкавай крамы стаіць чарга мужыкоў вялізная — мэтраў 300. А там, у краме, прадаюць адзіны від кветак — нешта такое сьмешнае, чырвонае, брыдкае… Гэта нават ня кветка, а куст”.

Кватэрнае пытаньне востра стаяла як у савецкія гады, так і цяпер.

Паводле тагачаснай тэрміналёгіі, кватэры “атрымлівалі”. Хаця сэнс гэтае слова магло мець разнастайны, згадвае Галіна:

“Чарга на кватэру цягнулася ў мяне 7 гадоў. І гэта было не стаяць у чарзе, а бегаць. Бегаць і даказваць, што ты маеш права жыць у нейкім памяшканьні. У выніку — атрымала. Гэта так называлася — атрымала кватэру. Хаця насамрэч гэта быў каапэратыў — то бок я яе набыла. Але называлася, што атрымала, прычым мне пашанцавала. Зазвычай людзі стаялі ў чарзе 9 -10 гадоў”.

А цяпер чакаюць чаргі “атрымаць кватэру” і 20 гадоў, і болей. “Атрымаць” кватэру азначае сёньня некаторую палёгку ў кошце кватэры, распавядае загадчыца аддзелу жыльлёвай палітыкі адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску:

“Калі 2 чалавекі будуюць сёньня двухпакаёвую кватэру — няважна, муж з жонкай ці бацькі зь дзецьмі — у іх будуць крэдытаваць толькі 36 квадратных мэтраў. Усё астатняе — свае ўласныя грошы. І вось 60 мэтраў двухпакаёвая. Застаецца 24 за свой кошт. Палічым прыкладна па вельмі добрай цане — па мільён трыста за мэтар. Атрымліваецца 31 мільён беларускіх рублёў трэба выплаціць цягам году”.

Атрымаць жытло за такія грошы гатовыя ня ўсе, працягвае мая суразмоўца:

“Год на год не прыходзіцца. Бывае рознае. Летась, падаецца, была найбольшая колькасьць кватэр выдзеленая, 800 прыкладна. А так… Шмат хто адмаўляўся, калі чарга падышла. Ну, грошай няма ў людзей… Можа, чакаюць, пакуль дзеці пажэняцца…”

Таксама актуальным для сёньняшняга дня застаўся дэфіцыт месцаў у дзіцячым садку, расказвае Хрысьціна Сідун, рэдактар-мадэратар сайту dzetki.org:

“Вельмі актуальная праблема: чэргі ёсьць і яны павялічваюцца. Нягледзячы на тое, што зрабілі працэдуру аднаго акна, у садочак папярэдне трэба станавіцца на чаргу за некалькі гадоў да плянаванага паходу ў сад. І гэты папярэдні запіс усё адно не гарантуе, што месца будзе. Бацькі кіруюцца рознымі матывамі: каму трэба бліжэй да хаты, каму — беларускамоўныя групы… Дык вось гарантыі, што ён атрымае тое, што хоча, няма…”

Але чалавечы фактар ува ўсе часы застаецца моцным аргумэнтам, гаворыць маладая мама Вольга:

“Калі я сказала, што муж займаецца кампутарамі, загадчыца вельмі ўзрадвалася і заўважыла, што, хутчэй за ўсё, месцы знойдуцца, бо ў іх акурат зламаўся прынтэр, потым яшчэ зламаўся кампутар. Муж гэтыя пытаньні вырашыў, і загадчыца сказала, што мы — апошнія, хто трапіў у гэтым сэзоне ў яе садок…”

Шмат чэргаў чакаюць беларусаў, якія стаміліся ад постсавецкай рэчаіснасьці і хочуць адпачыць ад яе, да прыкладу, у Заходняй Эўропе. Чэргі па візы каля польскага консульства сталі звыклым відовішчам для жыхароў вакольных раёнаў. Ад заяўнікаў можна пачуць разнастайныя гісторыі пра цяжкасьці атрыманьня візы:

“Жанчына падавала дакумэнты, мела факсавае пацьверджаньне браніраваньня гатэлю. Ёй кажуць: факсавае паведамленьне мы за дакумэнт не прымаем, патрэбны арыгінал. Яна пытаецца: “Дык як я вам арыгінал атрымаю, калі я выехаць не магу?” Ёй кажуць: “А квіткі вашыя дзе?” Яна: “Яшчэ не набывала”. “Ну дык набудзьце”. Яна так і зрабіла, прыходзіць празь дзень з квіткамі, а ёй кажуць: “Нашто вы набывалі квіткі? Можа, вам яшчэ візы не адкрыюць…”

На адным з інтэрнэт-форумаў знайшлося меркаваньне, што для беларусаў чарга — гэта архетып:

“Калі Бог долю раздаваў, беларус у чарзе па цярплівасьць стаяў. Таму чэргі па шчасьце — нашая доля”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG