Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзе чамадан з кампраматамі, што быў перад выбарамі?”


У “Званках на Свабоду” слухачы гавораць пра карупцыю, згадваюць пра паэтку Яўгенію Янішчыц, якая трагічна загінула дваццаць год таму.


20 лістапада споўнілася б 60 гадоў беларускай паэтцы Яўгеніі Янішчыц.

Спадарыня: “Прысьвячэньне Жэні Янішчыц.

І магіяй, і містыкай, нясьцерпным прадчуваньнем —
Яна была паклікана любоўю і каханьнем.
Ёсьць словы, быццам аксаміт, і, як ільдзінкі, ёсьць.
Ня будзе вечнае вясны, і сыдзе прыгажосьць.
Таму што столькі ў парастку нязводнае тугі,
Таму што над абшарамі ляцяць, мятуць сьнягі”.

Слухачы “Свабоды” працягваюць выказвацца на тэму карупцыі. 13 лістапада Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй, запатрабаваў прыцягнуць да адказнасьці шэраг высокіх службовых асобаў: пракурораў, судзьдзяў і двух намесьнікаў міністра ўнутраных спраў. Аднак абвінавачаныя па-ранейшаму застаюцца на сваіх пасадах.

Спадарыня: “Цікава ведаць, дзе той чамадан з кампраматамі, што быў перад выбарамі прэзыдэнта першы раз? Ён абяцаў, што карупцыянэры сядуць на лаву. Вось яны і сядзяць, прызначаныя на вэртыкальныя пасады. Каб іх выбіраў народ, прэзыдэнту ня трэба было б рваць і псаваць нэрвы”.

Андрэй, Пінск: “Дзіўныя ў нас законы ў дачыненьні да вышэйшых пасадаў, вартаўнікоў закону і служак народу. Напрыклад, з вашай перадачы я пачуў, што выяўленым карупцыянэрам сьвеціць тэрмін усяго ад двух да шасьці гадоў. Па-першае, у нас у калёніях заўсёды было шмат асуджаных за крадзеж, напрыклад, калгаснага мяшка бульбы, жыта ці камбікорму. Па-другое, нават калі яны атрымаюць максымальны тэрмін, яны, дзякуючы сваім сувязям і той самай карупцыі, характэрнай для вышэйшых эшалёнаў улады, выйдуць раней за тэрмін. Па-трэцяе, яны працягваюць выконваць свае абавязкі, хаця даўно ўжо павінны былі быць пазбаўлены сваіх пасадаў. Гэта, відаць, зроблена для таго, каб яны схавалі канцы ў ваду, то бок перапісалі сваю маёмасьць і рахункі на падстаўных і няісных асоб. Па-чацьвертае, дзіва і глупства ў тым, што крымінальныя справы ўзбуджаюцца па распараджэньні прэзыдэнта. Атрымліваецца, усе ведаюць і чакаюць, пакуль прэзыдэнт не дазволіць узбудзіць крымінальную справу. Дзіўныя і бязглуздыя законы. Думаю, простыя людзі ўжо гэта зразумелі і ўсіх гэта абурае”.

Зіноўеў: “Я думаю, што карупцыю, зьвязаную з Расеяй, прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі не чапае”.

Наш слухач цікавіцца:

Спадар: “Засталося прыкладна 2 гады да выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Адшумелі ўжо восеньскія выбары ў палату прадстаўнікоў. Па Беларусі я чуў такія зьвесткі, што ўсе назіральнікі не маглі закрыць 6 тысяч выбарчых участкаў. Можа, сабрацца ўсім гэтым незалежным назіральнікам і выпусьціць дапаможнік “Як стаць назіральнікам”, якія трэба дакумэнты... І рассылаць усім ахвотным. Сам жадаю прыняць удзел у якасьці назіральніка на наступных выбарах прэзыдэнта”.

Адказвае юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Зьміцер Маркушэўскі:

“Гэта выдатна, што людзі пачынаюць хвалявацца і цікавяцца тым, каб выбары праходзілі адкрыта і сумленна. БХК вітае такія ініцыятывы, будзем дапамагаць ім станавіцца сапраўднымі назіральнікамі. Што да матэрыялаў пра абавязкі і правы назіральнікаў, БХК ды іншыя праваабарончыя арганізацыі выпускаюць такія матэрыялы. Іх можна ўзяць у офісах БХК. Тэлефон у Менску — 222-48-00. Часам мы іх публікуем на інтэрнэт-сайце”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG