Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жывем ад зарплаты да зарплаты, грошай у банках не трымаем”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 19 лістапада 2008 году


Зьвесткі пра цяжкія эканамічныя выпрабаваньні, якія могуць напаткаць Беларусь і яе насельніцтва ў недалёкай будучыні, непакояць многіх нашых слухачоў. На тэму сусьветнага фінансавага крызісу і яго наступстваў — шматлікія лісты ў сьвежай пошце “Свабоды”.

З аднаго з такіх допісаў пачну сёньняшнюю размову. Нам піша Вольга Бутрымовіч зь Мядзельскага раёну:

“Пасьля таго, што мы перажылі на пачатку 90-х гадоў, нам ужо ніякі крызіс ня страшны. Рубель нічога не каштаваў, большасьць прадуктаў (масла, цукар, алей) — па талёнах... А згадайце так званыя “візытныя карткі”, безь якіх немагчыма было купіць ні адзеньне, ні мэблю, ні посуд, ні тэлевізар... Грошай ва ўсіх было — поўныя кішэні, а на паліцах у крамах — шаром пакаці.

І нічога, неяк жа перажылі. У параўнаньні з тым часам цяперашні выглядае як пара дастатку і сытасьці.

Кажуць, што пацярпяць банкі. Але нам з таго якая бяда? Большасьць простага народу вялікіх грошай у банках не трымае, жыве ад зарплаты да зарплаты. Праблемы багаценькіх нас ня надта турбуюць. Збанкрутуюць банкі — туды ім і дарога. Можа, такой вялікай іх колькасьці нашай маленькай краіне і ня трэба?” —
напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Вольга Бутрымовіч зь Мядзельскага раёну.

Аднымі банкамі гэты крызіс, на жаль, не абмяжоўваецца, спадарыня Вольга. У сучаснай гаспадарцы ўсё вельмі цесна зьвязана. Выпадзе ў гэтым ланцужку адно зьвяно — і адразу праблему адчуваюць усе, хто ад гэтага зьвяна залежаў. Не атрымае ад нейкага банку прадпрыемства крэдыт, на які разьлічвала — зьнізіць вытворчасьць — адмовіцца ад прадукцыі свайго пастаўшчыка — і гэта адчуюць тысячы людзей на розных прадпрыемствах. Зьнізяцца заказы, меней стане працы, пачнуцца звальненьні альбо зьніжэньні заробкаў...

І ўсё гэта немінуча адаб’ецца і на грамадзкіх настроях, і на палітычнай устойлівасьці ўлады. Згадайце, якімі хісткімі былі пазыцыі ўлады на пачатку 90-х. Параза Вячаслава Кебіча на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году шмат у чым было абумоўлена якраз тым бязладзьдзем, што панавала тады ў эканоміцы, а як вынік — і на спажывецкім рынку Беларусі.

Пра сёньняшнія беларускія рэаліі, пра тое, як улада вырашае эканамічныя і сацыяльныя праблемы, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Нялоўны з Полацку. Ён піша:

“Сьвет вельмі зьмяніўся за апошні час. Расейска-грузінская вайна, эканамічны крызіс, выбары новага прэзыдэнта ЗША — усё гэта адбіваецца на сытуацыі ва ўсіх краінах. Лукашэнка так ці інакш пачынае наладжваць стасункі з Захадам. Нехта спадзяецца, што ён распачне лібэралізацыю. Але я думаю, што дзяліцца ўладай ён ні з кім ня будзе. Гэта добра бачна хоць бы на прыкладзе будаўніцтва так званай “саюзнай дзяржавы”.

Прызнаньне Лукашэнкам дванаццаці прапаноў Эўразьвязу, па сутнасьці, было б ягонай капітуляцыяй перад апазыцыяй.

У Беларусі ўвогуле спэцыфічнае становішча. Як бы сьлёзна ні галасілі тыя, хто спадзяецца на нацыянальнае адраджэньне, трэба прызнаць: народы нараджаюцца, жывуць і паміраюць... Зьніклі некалі магутныя імпэрыі — старажытныя Рым, Грэцыя, Эгіпет... Праўда, ад іх многае засталося. А што застанецца ад беларусаў? Спроба падперці нашу слабую самасьвядомасьць старажытнай мовай — спроба памылковая. У нашых людзей (зрэшты, як і ў людзей увогуле) — кароткая памяць. Не, я не пэсыміст. На нашых вачах фармуецца новая беларуская ідэнтычнасьць — паводле праекту Лукашэнкі і кампаніі. Нічога іншага пакуль быць ня можа.

А вось манархічная сыстэма спадчыннасьці ўлады ў Беларусі наўрад ці прыжывецца. Харызма правадыра ў спадчыну не перадаецца. Пра гэта сьведчыць лёс абсалютна ўсіх эўрапейскіх манархіяў”
, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Нялоўны з Полацку.

Харызма грае вызначальную ролю тады, калі прэтэндэнты на высокую пасаду ўдзельнічаюць у справядлівай канкурэнтнай барацьбе. Ва ўмовах аўтарытарнага ладу, калі дэмакратычных выбараў няма, асабістыя якасьці і палітычны талент той асобы, якую дыктатар захоча бачыць сваім пераемнікам, выключнага значэньня ня маюць.

Што да лёсу мовы, то ён, сапраўды, у руках самой нацыі. Іншая справа, што і будучыня беларускай дзяржавы ў значнай ступені залежыць ад таго, як будзе складацца моўная сытуацыя. У асяродку тых, хто сёньня кіруе Беларусьсю, усьведамленьня гэтай ісьціны, выглядае, няма. Татальная русыфікацыя грамадзкага жыцьця працягваецца, і гэта толькі ўзмацняе пагрозу дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.

Наш даўні сябар Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску ў сваім новым лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, якое маральнае выхаваньне атрымлівае сёньняшняя беларуская моладзь. Слухач піша:

“Колькі на кожнае дзіця прыпадае алькаголю, тытуню, гвалту з тэлеэкрана і з інтэрнэту... Якімі ж у такім разе вырастуць тыя, хто павінен будзе заўтра кіраваць краінай? Асабліва актуальная для моладзі праблема алькагалізму і залежнасьці ад паленьня. На мой погляд, гэтае пытаньне найбольш глыбока разумеў у свой час савецкі генсек Андропаў. Што было пасьля яго — вядома ўсім...

Я не па імпэрыі сумую, а заклікаю задумацца: колькі страціла за гэты час грамадзтва на постсавецкай прасторы...

А тут яшчэ са школы забралі нават тое, што было ў эстэтычным выхаваньні... Такое ўражаньне, што рэформу робяць учорашнія двоечнікі... Што, выхаваньне — гэта гарлапанства?.. Гарлапанствам можна накіраваць натоўп на бойню, але нельга існаваць гарманічна ў прыродзе і грамадзтве, ісьці крок у крок з цывілізацыяй... Каб зьберагчы прыгажосьць, трэба гэтаму вучыцца, вучыцца ствараць яе. І чым больш, тым лепш... Сёньняшні “гома беларусікус”, як саранча, зьнішчае ўсё, ня думаючы нават пра сябе і сваіх нашчадкаў... І не апошняя віна тут улады і КДБ”
, — гэтак лічыць Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску.

Юры Андропаў, які кіраваў Савецкім Саюзам на працягу 15 месяцаў пасьля сьмерці Леаніда Брэжнева, многім запомніўся спробамі навядзеньня парадку. Напрыклад, у некаторых буйных гарадах у працоўны час тады, у 1983 годзе, праводзіліся міліцэйскія аблавы ў кінатэатрах ды гандлёвых цэнтрах, падчас якіх выяўлялі прагульшчыкаў, у тым ліку школьнікаў, якія ўцяклі з урокаў. Барацьба з п’янствам у СССР пачалася пазьней — у першыя гады кіраваньня Міхаіла Гарбачова. У далейшым той пэрыяд шмат хто высьмейваў. Хоць, скасаваўшы ўсе абмежаваньні на продаж алькаголю і тытуню, новыя постсавецкія дзяржавы вельмі хутка вярнуліся да той жа рэальнасьці, якой спрабаваў супрацьстаяць Гарбачоў. П’янства ў Расеі (як, зрэшты, і ў Беларусі) зноў стала агульнанацыянальнай праблемай.

Міхась Чылек з пасёлку Бярозаўка Лідзкага раёну ў сваім лісьце на “Свабоду” разважае пра асаблівасьці беларускай палітычнай сыстэмы, параўноўвае яе зь дзяржаўным ладам у заходнеэўрапейскіх краінах. Слухач піша:

“Некалькі год таму да нас у Ліду прыяжджалі прадстаўнікі швэдзкага парлямэнту. Нам, сябрам ініцыятыўнай групы аднаго з апазыцыйных кандыдатаў на беларускіх парлямэнцкіх выбарах, хацелася як мага больш даведацца пра швэдзкую выбарчую сыстэму. Дэпутат парлямэнту Швэцыі спадарыня Марыям адказала на ўсе нашы пытаньні. Праводзіць выбары народ Швэцыі не давярае ні ўладзе, ні апазыцыі. Дзеля гэтага там існуе адмысловы Інстытут у справе выбараў, які дзейнічае паводле адпаведнага закону. А ўсе выбарчыя камісіі (ад участковай да цэнтральнай) ствараюцца на парытэтнай аснове палітычнымі партыямі. Прычым кожная партыя, незалежна ад таго, пры ўладзе яна альбо ў апазыцыі, мае аднолькавую квоту ва ўсіх выбарчых камісіях.

У Швэцыі па-сапраўднаму незалежная судовая сыстэма. Гэта значыць, выканаўчая ўлада ня можа ўзьдзейнічаць на судзьдзяў так, як гэта адбываецца, да прыкладу, у Беларусі, Расеі, Лівіі. Натуральна, за ўсімі палітычнымі працэсамі пільна сочыць незалежная прэса. Усё гэта забясьпечвае спакой і парадак у грамадзтве і дзяржаве, стварае найлепшыя ўмовы для творчай дзейнасьці людзей. Таму ня дзіва, што ў Швэцыі такі высокі ўзровень жыцьця. Да таго ж яна — адна з самых экалягічных краін у сьвеце. Там нават прэм’ер-міністар езьдзіць на працу на ровары”
, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхась Чылек з пасёлку Бярозаўка Лідзкага раёну.

Беларускія кіраўнікі сьцьвярджаюць, што парадак і стабільнасьць у дзяржаве забясьпечвае якраз тая палітычная сыстэма, што створана ў Беларусі: жорсткая “вэртыкаль” выканаўчай улады, абмежаваньні свабоды слова, залежнасьць парлямэнту і судоў... І ў той жа час беларускае грамадзтва жахнулася, калі днямі прэзыдэнт Лукашэнка расказаў пра дзейнасьць некаторых кіраўнікоў пракуратуры і міліцыі, а таксама судзьдзяў, на якіх фактычна і трымаецца ўся гэта жорсткая сыстэма. Хабарніцтва, маральная разбэшчанасьць і ўсёдазволенасьць, “тэлефоннае права” пры вынясеньні прысудаў... Прэзыдэнт назваў толькі дзясятак прозьвішчаў, хоць мала хто сумняецца, што іх — дзясяткі і сотні. Сыстэма, за якой няма грамадзкага кантролю і кантролю незалежных мэдыяў, якая ігнаруе грамадзкую думку — міжволі спараджае ўнутры сябе спрыяльнае асяродзьдзе для такіх дзеячаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG