Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Кучынскі ставіцца да паразы па-філязофску


Як ацэньваюць перадвыбарную кампанію, вынікі выбараў ды іх празрыстасьць “праўладныя” палітыкі ды палітолягі?

Дзейны пакуль дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Кучынскі працуе ў камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце. На шостых у сваім жыцьці выбарах ён пацярпеў паразу. Ставіцца да гэтага па-філязофску:
“Усё добрае калі-небудзь сканчаецца, і трэба вельмі спакойна глядзець на працэсы, якія адбываюцца. Палітыкі прыходзяць і сыходзяць, а людзі – застаюцца. І вельмі важна, каб чалавек быў задаволены рэчаіснасьцю і сваім жыцьцём, і тым, што адбываецца ня толькі ў дзяржаве, але і на ягонай вуліцы, у ягоным доме і нават у ягонай сям’і...”
Аналізуючы пройгрыш на парлямэнцкіх выбарах, Віктар Кучынскі ня бачыць асаблівых памылак у выбарчай кампаніі. Кажа, яна была клясычнай. Што да якасьці працы на пасадзе дэпутата, дык пра тое, кажа ён, меркаваць людзям:
“Якую адзнаку я магу сабе паставіць? Я ня ведаю... Я працаваў адказна, добрасумленна і думаю, што вынікі маёй працы бачныя наглядна. Я прыняў 1936 чалавек толькі па акрузе, дапамагаў людзям, зьяўляўся актыўным палітыкам, дэпутатам, быў нераўнадушным да канкрэтных лёсаў канкрэтных людзей...”
Намесьнік старшыні камісіі ў Палаце прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязям з СНД Сяргей Касьцян таксама плянаваў удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Прайшоў рэгістрацыю як кандыдат, але зьняўся – кажа, паводле асабістых прычын. І максымальна абстрагаваўся ад выбарчай кампаніі ды ўласна выбараў у парлямэнт. Узяў адпачынак і паехаў на лецішча:
“Сам я прагаласаваў у першы ж дзень датэрміновага галасаваньня. Аб 11-й гадзіне мы з жонкай прагаласавалі, і пасьля гэтага я нідзе на публіцы не паказваўся, быў на лецішчы, нідзе не зьяўляўся. Каб мяне ні ў чым не абвінавацілі, сядзеў ціха, як мыш пад венікам. Ацэнак выбарам яшчэ ніякіх ня ведаю, толькі прыехаў у Менск. Дый ня трэба, мабыць, мне гэтыя ацэнкі рабіць – былі наглядальнікі, яны няхай і ацэньваюць”.
А вось на думку палітоляга Юрыя Шаўцова, ацэнку выбарам можна было даць яшчэ раней, чым яны адбыліся. Маўляў, расстаноўка сіл на палітычным полі Беларусі вельмі стабільная:
“Гледзячы па лічбах, якія падае наш ЦВК, апазыцыйныя кандыдаты ўзялі 10-20, часам 25 працэнтаў галасоў на сваіх участках. Гэтая лічба цалкам супадае з тымі дадзенымі сацыёлягаў па падтрымцы беларускай апазыцыі ў беларускім грамадзтве, якія звычайна фігуруюць апошнія 15 год”.
На думку Юрыя Шаўцова, у апазыцыйных кандыдатаў не было ніякіх шанцаў:
“Пакуль у нас існуе мажарытарная сыстэма, патрапіць празь яе альгарытм у парлямэнт магчымасьцяў у апазыцыі няма. Апроч нейкай ілюзорнай надзеі на фальсыфікацыі з боку ўладаў на карысьць некаторых беларускіх апазыцыйных кандыдатаў, ніякай іншай магчымасьці аказацца ў парлямэнце ў іх не было”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG