Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Васіль Якавенка, Алесь Анціпенка, Анатоль Сідарэвіч


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 13 верасьня






ЛІТПРАЦЭС


АЛЕСЬ АНЦІПЕНКА: “НАША ГРАМАДЗТВА ПРАВІНЦЫЙНАЕ, БО НЕ ШАНУЕ СВАІХ ПАЭТАЎ”

15 верасьня мае шанец увайсьці ў гісторыю як Міжнародны дзень дэмакратыі. Так, прынамсі, пазначана ў новым беларускім календары. Ягоны складальнік – вядомы філёзаф і эсэіст, стваральнік і кіраўнік недзяржаўнага Беларускага калегіюму Алесь Анціпенка. Пра гульні з каляндарнымі сьвятамі, філязофскую паэзію і парадоксы беларускай літаратурнай рэчаіснасьці зь ім гутарыць Валянціна Аксак.

Алесь Анціпенка
Валянціна Аксак
: “Спадар Анціпенка, што натхніла вас на складаньне новага календара беларускіх сьвятаў?”

Алесь Анціпенка: “Мы жывем у такі час, калі маем крызу календара. Сапраўдны каляндар, які выбудавала для сябе незалежная беларуская грамада, яшчэ ня ёсьць календаром для ўсяго грамадзтва. А яшчэ я заўважыў, што ў беларускім календары бракуе вясёлых сьвятаў”.

Аксак: “Ваш каляндар прапаноўвае сьпіс сьвятаў, які ёсьць нейкім сымбіёзам агульнапрынятых сьвяточных дзён (Каляды, Новы год), нацыянальных (угодкі БНР, дзень беларускай вайсковай славы) і новых, ці, дакладней, прыдуманых вамі (14 сакавіка – дзень вэгэтарыянцаў, ці 9 верасьня – дзень гаротнага маскаліка). Але чаму ў ім зусім няма народных беларускіх сьвятаў – Купальля, Багача, Пакроваў, Дзядоў?”

Анціпенка: “Народных сьвятаў тут няма таму, што я ня маю сантымэнтаў да іх. Я іх успрымаю як нейкі фон для сучаснага жыцьця. Ужо даўно беларусы зьяўляюцца насельнікамі гарадоў, буйных урбаністычных цэнтраў, таму для мяне, і, я думаю, шмат для каго, народныя сьвяты ня ёсьць нечым такім знакавым”.

Аксак: “І яшчэ пра некалькі недаравальна, на мой погляд, прапушчаных у вашым календары дзён. Вось жа ў ім ёсьць дзень маладой бульбы (30 ліпеня), дзень беларускага грыбніка (15 жніўня), але чаму ў такім разе няма дня, прысьвечанага такой сакральнай беларускай жывёле, як хатні парсючок? Ну, а пра непавагу да бусла я ўжо й не кажу...”

Анціпенка: “Што тычыцца парсючка і бусьліка, то ў мяне на на восень прапанаванае сьвята, якое называецца сусьветны дзень жывёлаў. Так што, я думаю, 4 кастрычніка мы ўпершыню ў Беларусі будзем гэты дзень сьвяткаваць. Ну, а ўвогуле, я хачу сказаць, з чаго пачаўся каляндар. Ужо чатыры гады, як я віншую нашага вядомага пісьменьніка і філёзафа Валянціна Акудовіча зь міжнародным днём састарэлых людзей. Гэтак віншую-віншую, а потым падумаў, што, напэўна, яму і падарунак нейкі трэба купіць да гэтага дня. Вырашыў купіць маленькую пажарную машынку. Рэакцыя Акудовіча была проста выбуховая. Ён настолькі быў узрадаваны і ўсьцешаны! Аказваецца, калі ён быў маленькім хлапчуком у мястэчку Сьвіслач, то дужа марыў, каб бацькі яму купілі маленькую пажарную машынку. Але і грошай не было ў бацькоў, і ў той час у крамах ня толькі ў Сьвіслачы, але і ў Менску немажліва было купіць маленькую чырвоную пажарную машынку. Таму Акудовіч так узрадаваўся цяпер, і так і ўсталявалася сьвята маленькай чырвонай пажарнай машынкі, ці Акудовічаў дзень”.

Аксак: “А цяпер я хацела б папрасіць вас патлумачыць тым, хто прыме прапанаваныя вамі новыя беларускія сьвяты, як іх адзначаць. Ну хоць бы дзень братаньня праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў, юдэяў і мусульманаў, які будзе 30 лістапада”.

Анціпенка: “Ясна, што гэта трэба сьвяткаваць з пачуцьцём любові, вылучаючы зь сябе Хрыстовае сьвятло (гэта для хрысьціянаў). Той, хто юдэй ці мусульманін, мусяць выпраменьваць сьвятло сваіх рэлігій. Так што – гэта такі дзень яднаньня беларусаў розных веравызнаньняў”.

Аксак: “Усе гэтыя досьціпы з новым календаром я так разумею – каб павесяліць сяброў. Але ім вядома, што вы пішаце цудоўныя вершы, якіх чамусьці не відаць у друку. То мо нешта кароткае прачытаеце для нашых слухачоў?”

Анціпенка: “Вось узгадваю кароткі вершык:

Па запрашэньні Сьвятога Пётры
быў учора ў раі –
Акудовіча няма і там.


Нагадваю, што Акудовіч вядомы як аўтар кнігі “Мяне няма”.

Аксак: “А як ацэньваеце стан сучаснай беларускай паэзіі? Вось жа цісьне ўлада мову, забараняе выступы паэтаў у школах, а яны адзін за адным перамагаюць на розных міжнародных фэстах...”

Анціпенка: “Тут сытуацыя парадаксальная. Рэч у тым, што хаця школьніцтва беларускае скарачаецца, сыстэма адукацыі наогул знаходзіцца ў крызысным стане, разам з тым у часткі беларускага грамадзтва статус беларускай мовы падвышаецца. Людзі не размаўляюць па-беларуску, але з павагай ставяцца да тых, хто гаворыць на роднай мове. І там, у тым асяродку, у якім беларуская мова і культура робяцца сапраўдным адкрыцьцём, нейкай важнай экзыстэнцыйнай падзеяй, там мы і маем такія зьявы, як паэт Хадановіч і празаік Бахарэвіч, альбо шмат іншых нашых сяброў. Ня будзем пералічаць усе прозьвішчы, а толькі два, бо яны проста надзённа паказальныя: Хадановіч стаўся днямі пераможцам міжнароднага паэтычнага фэсту ў Славеніі, а Бахарэвіч дастаткова пасьпяхова рэпрэзэнтуе цяпер беларускую прозу на Захадзе.

А зь іншага боку – гэта прыкмета правінцыйнасьці беларускага грамадзтва, таго, якое мы называем тутэйшым, якое ня ведае пра тое, што ёсьць у Беларусі сапраўдная літаратура, ёсьць сапраўдныя паэты, якіх ушаноўваюць у Эўропе і якія атрымоўваюць стыпэндыі на тое, каб пісаць свае творы. І ў гэты ж час большасьць беларускага грамадзтва захапляецца нейкай папсой альбо мае дастаткова прымітыўныя спажыўныя літаратурныя запатрабаваньні”.

* * *

АЎТАР І ТВОР

ВАСІЛЬ ЯКАВЕНКА: “УДАВА ВІЛЬГЕЛЬМА КУБЭ ЎСПАМІНАЛА І ПЛАКАЛА…”

Васіль Якавенка
“Нячывельле” – пад гэткай нязвыклай назвай выйшла ў сьвет новая кніга публіцыста і празаіка Васіля Якавенкі. Эпіграфы з Аляксандра Лукашэнкі і Анахарсіса, адкрытыя лісты Міхаілу Гарбачову і Яфрэму Сакалову, успаміны пра ўтварэньне Беларускага Народнага Фронту і паэмы пра бурлівыя 90-я – вось няпоўны пералік тых рознажанравых тэкстаў, зь якіх складаецца зборнік. Зь ягоным аўтарам сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Васіль, я зазірнуў у слоўнікі Насовіча, Ластоўскага і братоў Гарэцкіх, у шасьцітомавы Тлумачальны – і нідзе не знайшоў слова, якім названа ваша кніга. Што ж азначае гэтае нячывельле?”

Васіль Якавенка: “Слова “нячывель” літаральна азначае “крытычны стан чалавека”. Карэннае слова тут “чывель” – прытомнасьць, а “нячывель” – без прытомнасьці. У пераносным сэнсе яно азначае няшчасьце, якое невядома адкуль узялося, бяспамяцтва... Літаратурная форма “нячывель” зафіксавана ў тлумачальным беларускім слоўніку, выдадзеным у 1926 годзе. Назва самой кнігі – “Нячывельле” і азначае няўдалы лёс і бяспамяцтва, паласу няўдачаў, насланьнё ў грамадзтве”.

Скобла: “У вашай кнізе – і апавяданьні, і паэмы часоў перабудовы, і публіцыстычныя артыкулы, і інтэрвію… Ці не перашкаджае гэткая мешаніна жанраў чытачу? На маю думку, кожны жанр вымагае пэўнай настройкі душы, а вы праз кожныя пяць старонак змушаеце чытача перанастройвацца”.

Якавенка: “Сапраўды, мастацка-публіцыстычны зборнік “Нячывельле” ў пэўнай меры экспэрыментальны, нечаканы для чытача па сваім напаўненьні. Прызнаюся, “мешаніна” дапушчаная мною сьвядома. У кнізе ёсьць стрыжань ідэйна-маральнага кшталту, на якім, спадзяюся, усё гэта ўтрымліваецца. І, думаю, невыпадкова мастак Алесь Цыркуноў, зь меркаваннем якога нельга не лічыцца, прачытаўшы кнігу, патэлефанаваў, каб выказаць мне сваё ўзрушэньне. “Дзіва, як скампанаваная кніга: усё б’е ў адну кропку!” – ягоныя словы. Падобныя водгукі я ўжо чуў і ад іншых”.

Скобла: “Летась выйшла ваша трылёгія “Пакутны век”, якая складаецца з трох раманаў: “Надлом”, “Кабала” і “Гульня на згубу”. Там – дзясяткі герояў, сярод якіх рэальныя асобы Раман Скірмунт, Вільгельм Кубэ, Сталін, Іван Ермачэнка… Давайце пагаворым пра Скірмунта. Чалавек рабіў усё для свайго Краю і – быў забіты сваімі ж вяскоўцамі. У чым вам бачыцца трагедыя Скірмунта?”

Якавенка: “Памешчык Раман Скірмунт, як дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі, у свой час рашуча выступіў з патрабаваньнем даць аўтаномію Беларусі. Ён першым зь беларускіх дзеячоў у 1917 годзе ў Менску пачаў зьбіраць нацыянальныя сілы, прапагандаваць нацыянальную атрыбутыку, гісторыю, што сталася важным крокам да Першага ўсебеларускага кангрэсу, а потым і да ўтварэньня БНР. Яго трагедыя – гэта трагедыя нацыянальнага волата, забітага сваімі ж люмпенамі з камуністычнай ячэйкі ў Парэччы, што ні ў якім разе не адпавядала настрою сялянаў. Прыгадаем 1939 год – вызваленьне ад палякаў Заходняй Беларусі. Я перакананы ў тым, што за сьпіною ў забойцаў Рамана Скірмунта стаялі савецкія энкавэдысты.

Што тычыцца кнігі, то Скірмунт – не асноўны пэрсанаж. У “Пакутным веку” побач зь ім стаяць гэткія знакавыя постаці, як Барыс Кіт, Пятро Рамановіч (Пісарчук), Ларыса Геніюш, Радаслаў Астроўскі, Данік Плюнгер”.

Скобла: “У рамане “Надлом” вы стварылі даволі нечаканы вобраз генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Ці падмацоўваеце вы сваё бачаньне гэтага чалавека нейкімі дакумэнтамі?”

Якавенка: “Кубэ падаецца мне пэрсанажам найвялікшай трагікамэдыі, прычым, Кубэ трапіў у яе, відаць па ўсім, выпадкова. Адносна дакумэнтаў… Сюжэт трылёгіі “Пакутны век” адсоткаў на 80 грунтуецца на дакумэнтах ды сьведчаньнях удзельнікаў і сьведак падзей. Астатняе таксама ўзятае ня з бухты-барахты. У канструяваньні і мастацкім паказе вобразу Вільгельма Кубэ, як і ў раскрыцьці падзей часоў акупацыі, бясцэнную дапамогу мне аказаў сваімі вышукамі і дасьледаваньнямі гісторык Юры Туронак. Карыстаўся я матэрыяламі з архіваў, у тым ліку і з асабістых архіваў, напрыклад, гісторыка і літаратуразнаўцы Ўладзімера Сакалоўскага, краязнаўца Васіля Бандарэвіча зь Сянно. Вельмі каштоўнымі аказаліся ўспаміны нашых эмігрантаў. Увогуле, за пятнаццаць гадоў працы над трылёгіяй “Пакутны век” мне давялося авалодаць найбагацейшай гістарычнай фактурай”.

Скобла: “Я чуў, што вы зьбіраліся сустрэцца з Анітай Кубэ – удавой гаўляйтэра. Ці адбылася сустрэча?”

Якавенка: “Так. Намер сустрэцца ў мяне ўзьнік, як толькі я даведаўся, што яна жывая. Што праўда, давялося пераадолець нямала цяжкасьцяў, каб трапіць у горад Канстанц на самым поўдні Нямеччыны, дзе яна жыве ў доме для састарэлых. У маіх клопатах сёе-тое палагодзіў Барыс Кіт. Аніта Кубэ чакала мяне. Я быў для яе жаданым госьцем зь Беларусі. Выпетралая, як тая сухадрэвіна, і ня дзіва – тады, у 2004-м, ёй было 95 гадоў. Тварам вельмі нагадвала мне актрысу Стэфанію Станюту, дарэчы, і сама Аніта калісьці была актрысай. Імпульсіўная і жывая, пры сваім розуме і нязгаслай памяці. Нярэдка яе ўспаміны перарываліся плачам. Я запісаў гутарку зь ёю на дыктафон. Мяне зьдзівіла, што фрау Аніта прыхільна і цёпла адзывалася пра Алену Мазанік – забойцу ейнага мужа. Яна даўно даравала Мазанік і нават пісала ёй пра гэта ў лістах, хацела зь ёю сустрэцца.

У час вайны ў рэзыдэнцыі Кубэ працавала яшчэ адна беларуска – лекарка Таня Каліта, дзяўчына з крутым характарам. Яе з-за нястрымнага нораву ў сям’і Кубэ нават празвалі бальшавічкаю. Таня ведала нямецкую мову, займалася зь дзецьмі Кубэ.

Фрау Аніта ўспамінала, што Вільгельм Кубэ імкнуўся паважаць беларускі народ. Праўда, ён непрымірыма ставіўся да камуністаў. У ягоным забойстве Аніта схільная была вінаваціць перш-наперш гестапа”.

Скобла: “А як склаўся далейшы лёс вашай гераіні – згаданай Тацьцяны Каліты?”

Якавенка: “Пакінуўшы сядзібу генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ, яна знайшла дарогу ў партызанскі атрад, дзе лекавала хворых і параненых. Пасьля вайны працавала ў Менскім мэдыцынскім інстытуце. Зразумела, што дужа пільныя і ідэйныя таварышы неаднойчы хадайнічалі перад уладай, каб арыштаваць яе, выслаць зь Менску, цкавалі. За Тацьцяну заступаліся падпольшчыцы-гераіні Мазанік і Траян.”


ВАСІЛЬ ЯКАВЕНКА. ВЯСНА ГАЎЛЯЙТЭРА (урывак з раману “Надлом”)

Фюрэр не хаваў свайго намеру па заканчэньні бліцкрыгу паставіць гаўляйтэра Кубэ рэйхскамісарам Масквы.

Толькі з Масквой пакуль непярэліўкі – не давалася першапрастольная, як тая летуценная агонь-птушка, у рукі драпежнікаў. Зрэшты, Кубэ ня надта і хацелася ў тую Маскву. Пасьля краху сваёй партыйнай кар’еры ён ачуньваў у перадпольлі нямецкага Райху – у Беларусі, дыхаў яе водарам, захапляўся красунямі-беларускамі. і, Гаспадар акупаваных абшараў стараўся зразумець беларускую гісторыю і, маючы па маці карані ў славянскай глебе, знайшоў шмат цікавага і тут – у мове, звычаях, традыцыях.

Яго чалавечы век уздымаўся за поўдзень. Яго сыны ад першай жонкі Маргарэт ужо сталі дарослымі, ваявалі, адзін – пілётам, другі – танкістам. А цяпер у яго ад другой любай жонкі Аніты таксама сыны – пакуль малыя, прынамсі, пакуль не салдаты… Пры ўсім тым ён па-ранейшаму не адчуваў узросту. Ад прыроды ня чэрствы, выхаваны ў атачэньні музаў, Вільгельм раз-пораз перажываў узрушанасьць, калі страчаў прыгожых маладзіцаў. Аднаго разу ў Менску ягоная душа занялася маладым пажарам, на што нават зьвярнула ўвагу служба бясьпекі. Усё сьведчыла пра тое, што генэральны камісар страціў над сабой статутны службовы кантроль, і гэта яго зусім не ўпрыгожвала. Новы начальнік упраўленьня службы парадку і СД ў Менску обэрштурмбанфюрэр СС Эдуард Штраўх не ўтрымаўся, каб не данесьці ў Бэрлін:

“Генэральнаму камісару аднойчы спадабалася сваёй прыгажосьцю лекарка-беларуска. Праўда, потым яна згубілася з поля зроку. Каб адшукаць яе, Кубэ склікаў у Менску нараду беларускіх лекараў, на якой выступіў з прамовай. І там убачыў тую беларуску, якую шукаў. Даручыў свайму ад’ютанту сфатаграфаваць яе і даведацца пра месца працы і жыхарства.

На наступны дзень лекарка была выклікана да кіраўніка Беларускай Народнай Самапомачы Івана Ермачэнкі. Той паведаміў ёй, што генэральны камісар Кубэ запатрабаваў яе ў якасьці сваёй прыслугі. Яна адмовілася, і тады ёй было сказана, што “варта прынесьці сябе ў ахвяру дзеля беларускае справы, якая ў тым, каб знайсьці больш сяброў і разам зь імі аблегчыць жыцьцё свайго народу”. Лекарцы нагадалі пра магчымыя паліцэйскія меры, і толькі тады беларуска пагадзілася служыць гаўляйтэру. Ці мелі месца ў гэтым выпадку інтымныя адносіны, пакуль невядома і цяпер высьвятляецца”.

Штраўх, напэўна, ведаў, пра што пісаў. Таямнічая асоба, якую Вільгельм Кубэ запатрабаваў у сваю рэзыдэнцыю, аказалася Тацьцянай Калітой, жыхаркай Менску. Працавала яна ў першай клінічнай бальніцы, жыла разам з маці за чыгуначным вакзалам, на вуліцы Талстога. Да вайны скончыла Менскі мэдыцынскі інстытут, вучылася ў асьпірантуры, была замужам. Праўда, муж пасьпеў выехаць на ўсход.

Разам з такімі рысамі характару, як сумленьне і годнасьць, Тані былі ўласьцівыя сьмеласьць, прынцыповасьць. Безумоўна, на яе выхаваньне змалку моцны ўплыў зрабілі маці і бабуля – апошняя, між іншым, мела польскі складнік у сваім радаводзе; абедзьве ў розны час вучыліся ў Менскай жаночай гімназіі, дзе набылі добрыя манеры, такт і густ.

На Таню шмат хто заглядаўся – прыгажосьць заўжды прыцягальная, а тут – бляск у крыві, у натуры! І вытанчанасьць формаў, адухоўлены прамяністы позірк з-пад пругкіх броваў, раскінутых крыламі. Мяккі прадаўгаваты авал твару з гожа адкрытым ілбом, валасы зьлёгку хвалістыя, залацістыя. Усё сведчыла, што перад вамі асоба шляхетнага паходжаньня, прынцэса з казкі дый годзе. А яна ж тым часам была ўсяго дачкой паняволенага народу…

Кубэ з нагоды прыбыцьця ў сваю сядзібу на пляцы Волі новай пакаёўкі зладзіў добрую вячэру. Годнасьць адчувалася ў кожным руху Тацьцяны. Яна патрабавала да сябе ўвагі і павагі. І дзіўна, з Кубэ здарылася тое, чаго зь ім даўно не было, – ён, дзяржаўны муж, перад гэтай красуняй пачуваў сябе пажам. І хаця гэта доўжылася нядоўга, тым ня менш, у ягонай менскай кватэры пачаліся ўрачыстыя і пераможныя дні. Сьцены пакояў як бы знутры засьвяціліся, стала ўтульней, пахарашэла. Праўда, працаваць у сядзібе Тацьцяна была непрывучаная, паколькі дома на яе дыхалі, як на анёла, і мама з бабуляй рабілі за красуню ўсю хатнюю працу. Што ж, давялося звыкацца са сваёй новай роляй.

Неўзабаве прыехала фрау Аніта, жонка Вільгельма, разам зь дзецьмі – трыма хлопчыкамі і сабакам. Казалі, прыехала яна ў Менск па загадзе Альфрэда Розэнбэрга. І тады Тацьцяне Каліце, якая ведала нямецкую мову, было прапанавана стаць гувэрнанткаю для малечы.

Жыцьцё ў Менску, відавочна, прыйшлося даспадобы Вільгельму Кубэ, ён ня надта маркоціўся, калі даведваўся пра паразы на франтах. А вось на душы ў гувэрнанткі Тані было неспакойна. Здаралася, яна бунтавала, хадзіла панураю альбо, наадварот, выказвалася непрыхавана дзёрзка, напрыклад, пра сканчэньне вайны не на карысьць Нямеччыны. Падставы для гэтакіх цьверджанняў давалі ёй ведамкі з Масквы пра сытуацыю на франтах. Выпадак дапамог Тацьцяне пазнаёміцца праз ад’ютанта Кубэ, Карла Вільдэнштайна, з Аленай Мазанік, якая была ў блізкіх адносінах з Карлам. Пры начной працы ў казіно, калі не было наведвальнікаў, Алена часам асьмельвалася слухаць радыёпрыёмнік. Потым яна пераказвала Тані апошнія паведамленьні “Совинформбюро”.

Вядомая рэч, начальніку ўсяе Беларусі не хацелася чуць ад служанкі нават намёкі на магчымую паразу ў вайне, ён хмурыў лоб, але ж трываў, не ўшчуваў яе, прыслужніцу, якая мела свой гонар. Увогуле ставіўся да яе цярпліва і нават паблажліва – яна ж пашырыла яго ўяўленьні пра славянскі характар, пра беларускі народ.

Тацьцяна, між тым, неаднойчы спрабавала давесьці генэральнаму камісару сваё перакананьне: яна лекар, і падчас вайны яе сьвяты абавязак – лячыць хворых у лягеры ваеннапалонных, а ня мыць сабак у рэзыдэнцыі Кубэ. Тацьцяну выслухоўвалі, але – вынікаў ніякіх, калі не лічыць таго, што Кубэ паабяцаў ёй працу ў мэдыцынскім інстытуце, калі той адчыніцца. Падобны інстытут ужо дзейнічаў у Віцебску. На тыя абяцанкі гувэрнантка толькі скептычна ўсьміхалася.


* * *

КРЫТЫКА

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ. АБО ЯКАСНА, АБО НІЯК

Янка Купала. Молодая Беларусь: Стихотворения, поэмы, публицистика. – Москва: Советский писатель, 2008.

Анатоль Сідарэвіч
У Маскве выйшла кніга Янкі Купалы “Молодая Беларусь”. Уклаў яе, прадмову і заўвагі напісаў Аляксей Каўка. Вядома, нельга не парадавацца, што кніга выйшла. Добра, што Купалавы паэтычныя тэксты ў ёй надрукаваныя ня толькі ў перакладах, але й на мове аўтара.

Кніга выйшла, і цяпер ужо нічога не паправіш: што атрымалася, тое атрымалася. Па-першае, загаловак амаль цалкам супадае з загалоўкам кнігі Льва Клейнбарта, што выйшла ў 1928 годзе і выклікала гнеў бальшавіцкага Менску. Па-другое, аўтар прадмовы сьцьвярджае, што Купалу ў Пецярбург запрасіў Браніслаў Эпімах-Шыпіла, але ўжо даўнавата Генадзь Кісялёў апублікаваў ліст Уладзімера Самойлы, зь якога мы даведаліся, што гэтая заслуга належыць Вацлаву Іваноўскаму. Ня можа ня выклікаць пэўных пытаньняў і падбор твораў для кнігі. Ды гэта ўсё дробязі ў параўнаньні з глябальнай праблемай – праблемай мастацкага перакладу зь беларускае на расейскую.

У гэтай кнізе я адзначыў бы пераклад паэмы “На Куцьцю”, зроблены Валянцінам Тарасам. Але пры ўсім умельстве Валянціна Тараса, ні яму, ні якому іншаму расейскаму паэту ніколі ня ўдасца больш-менш адэкватна перакласьці зь беларускае гэтыя чатыры радкі Купалавай паэмы:

Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны,
Раз хочуць сонца, славы, песьні;
Заб’юць ім зычныя званы
Прабудным звонам напрадвесьні.


Праблему стварае беларускае “напрадвесьні» і рэдкае ўжываньне ў расейскай мове слова “звон” для абазначэньня гэтага прадмета, інструмэнту. Значна лягчэй гэтыя чатыры радкі перакласьці на ўкраінскую, што і зрабіў у свой час Паўло Гірнык.

Добры ў цэлым пераклад верша “Мужык” сапсавала адно слова. Паслухайма:

Читать, писать я не умею,
Не ходит гладко мой язык,
Ведь только, знай, пашу и сею,
Ведь я мужик, дурной мужик.


На гэтым “дурной” і спатыкаесься, бо ў расейскай літаратурнай мове гэтае слова ўжываецца пераважна ў сэнсе ‘кепскі’, ‘паганы’, ‘дрэнны’, ‘благі’: дурной тон, дурное поведение, дурной вкус, дурной поступок... У перакладзе верша “Мужык” на месца слова “дурной” так і просіцца “глупец”.

Расейская мова настолькі адышла ад іншых славянскіх, што расейцы не разумеюць ня толькі польскае ці чэскае, але нават суседніх моваў – беларускае і ўкраінскае. Да гэтага дадамо тыя “леность” і “нелюбопытство”, якія прымеціў у расейскім характары Аляксандар Пушкін. І нарэшце, расейская звычка звысака глядзець на народы, якія ўдалося заваяваць. Усё гэта разам абумовіла нізкую якасьць перакладаў зь беларускае наагул. Хіба што адзін Якаў Хелемскі мог зрабіць пераклад на ўзроўні арыгіналу, і нават, як у выпадку зь Петрусём Броўкам, зрабіць так, што пераклад чытаўся лепш за арыгінал. На жаль, не Хелемскі перакладаў Купалавы творы для новае кнігі Купалы. Таму і трапілі ў зборнік недаробленыя пераклады, звычайная сырандзя.

У вершы “І вецер, і сокал, і я...” чытаем:

Як вецер, і я б так ляцеў,
Як вецер, аб тым самым пеў,
Як вецер, свабодны мой дух,
Хоць рукі закуты ў ланцуг.


У перакладзе:

И я бы, как ветер, взлетел,
И я бы, как ветер, запел,
Как ветер, свободен мой дух,
Хоть горя таскаю за двух.


Гэтае ‘горя таскаю за двух’ замест ‘рукі закуты ў ланцуг’ паніжае Купалаў вобразны
лад.

Наступная страфа:

Пад зорамі сокал завіс,
Глядзіць па-арлінаму ўніз,
Там сокалу сьвету ня жаль,
Мілей яму небная даль.


У перакладзе:

Под зорями сокол завис,
И смотрит надменно он вниз, –
Ведь соколу землю не жаль,
Милей ему синяя даль.


Купалаўскае ‘па-арлінаму’ – гэта не ‘надменно’, а ‘гордо’. І маецца адрозьненьне паміж сіняю і небнаю дальлю. Такім чынам разбураецца рамантычны лад купалаўскага верша. А ў першым радку відочная абракадабра: купалаўскае ‘зоры’ нельга інакш перакласьці, як ‘звёзды’.

Або вось і прыклад халтуры. У вершы “Годзе!..” Купала пісаў:

З году у год мы жылі, як жывёла,
З году да году чакалі сьвятла...


У перакладзе чытаем:

Из года в год жили мы, как скотина,
Ждали покорно – рассеется мгла...


Слова “покорно” тут відочна не да месца. Яно мяняе сэнс паэтычнага выказваньня. І гэтак ва ўсім вершы. Перакладчык прыпісвае Купалу ня толькі пакорлівасьць, але й сэнтымэнтальнасьць: пад ягоным пяром кроў ператвараецца ў ‘кровушку’, а загоны – у ‘землицу’. Купала піша:

Гаспадары мы ў сябе, а ня госьці,
Час к панаваньню нам сьлед церабіць!


Перакладчык перайначвае:

Мы же же хозяева здесь, а не гости,
Значит, пора и хозяйничать нам!


Па-першае, ‘хозяйничать’ – не ‘панаваць’, не ‘господствовать’; па-другое, ‘хозяйничать’ ужываецца і з адмоўным адценьнем (‘хозяйничать в чужом доме, как в своём’). Іншая справа – слова “хозяйствовать”. Значыць, у перакладчыка нелады з расейскаю моваю.

Мы ведаем, як халтурна перакладалі на расейскую Якуба Коласа. Народны паэт шмат што рабіў за перакладчыкаў. Тое ж было і зь іншымі беларускімі аўтарамі, а Васіль Быкаў махнуў рукою і пачаў перакладаць свае творы сам. Тады, за саветамі, кардынальная крытыка расейскіх перакладчыкаў магла выклікаць палітычныя абвінавачаньні. Думаю, ужо настаў час сказаць расейскім братам: хлопцы, або перакладайце якасна, або не перакладайце ніяк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG