Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмянілі паездкі беларускіх дзяцей у Галяндыю і Нямеччыну


Кіраўнік МЗС Нідэрляндаў
Кіраўнік МЗС Нідэрляндаў

Учынак беларускай школьніцы Тані Казыры паўплываў на арганізацыю паездак за мяжу іншых беларускіх дзяцей. Днямі пра тое, што беларускія групы не прыбудуць на заплянаваны на бліжэйшыя тыдні адпачынак, паведамілі арганізатары чарнобыльскіх праграмаў у Нідэрляндах і Нямеччыне.

Як падаюць галяндзкія інфармацыйныя агенцтвы з гэтай нагоды кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Каралеўства Нідэрляндаў Максім Фэрхаген выклікаў на размову амбасадара Беларусі ў Гаазе Алену Грыцэнку.

Мяркую, што дзіцячыя інтарэсы павінны быць на першым месцы. Дзеці зь нецярплівасьцю чакаюць гэтага сьвята. Адмена паездкі можа стаць для іх вялікім расчараваньнем
У сувязі з адмовай беларускіх уладаў накіраваць на аздараўленьне групу чарнобыльскіх дзяцей міністар Фэрхаген заявіў, што “ігнараваць інтарэсы дзяцей нельга”. Міністар адзначыў, што арганізатары адпачынку чакаюць беларускіх дзяцей і што яны зрабілі шмат, каб гэта аздараўленьне стала для беларускіх дзяўчатак і хлопчыкаў сапраўдным сьвятам.

“Мяркую, што дзіцячыя інтарэсы павінны быць на першым месцы”, — заявіў міністар. — “Дзеці зь нецярплівасьцю чакаюць гэтага сьвята. Адмена паездкі можа стаць для іх вялікім расчараваньнем”.

У часе сустрэчы Фэрхаген заявіў, што чарнобыльскія ініцыятывы Нідэрляндаў маюць шырокую і шчырую падтрымку з боку свайго ўраду і грамадзкасьці.

Пра праблемы з далейшым аздараўленьнем беларускіх дзяцей у Нямеччыне заявіў Гісбэрт Гірынг, адзін з кіраўнікоў чарнобыльскай праграмы ў горадзе Ена. Ён паведаміў, што 14 верасьня саксонскія ініцыятывы меліся прыняць у сябе дзяцей з Краснапольскага раёну. Аднак літаральна днямі ў тэлефоннай гутарцы зь беларускімі чыноўнікамі нямецкія арганізатары пачулі пра пэўныя цяжкасьці.

Паводле Гірынга, прычыны гэтых цяжкасьцяў удалося высьветліць толькі з дапамогай англамоўнага інтэрнэту. У часе нядаўняга аздараўленьня ў ЗША адна зь беларускіх дзяўчатак — Таня Казыра — адмовілася вяртацца дадому. Пасьля гэтага беларускія ўлады вырашылі прыпыніць чарнобыльскія праграмы за мяжой.

“Самі мы ніякага канкрэтнага тлумачэньня ад беларускага боку не атрымалі. Падобная сытуацыя прымусіла нас цалкам адмовіцца ад прыёму беларускіх дзяцей”, — кажа Гірынг. — “Мы разумеем іх расчараваньне, а таксама расчараваньне тых немцаў, якія іх чакаюць. Цягам доўгіх месяцаў мы праводзілі розныя рэклямныя акцыі, зьбіралі ахвяраваньні. Аднак цяпер нічога зрабіць ня можам”.

Тым часам у амэрыканскім горадзе Пэталума, дзе ў сям’і Дэбры і Мануэля Запатаў цяпер жыве 16-гадовая беларуска Таня Казыра, працягваюцца спрэчкі наконт яе ўчынку.

“Яна павінна вярнуцца дадому”, — кажа Кэры Борба, чыя сям’я штогод прымала ў сябе іншую беларускую дзяўчынку. — “Учынак Тані і Запатаў цалкам эгаістычны, бо ставіць пад сумнеў усю праграму — наш адзіны шанец ва ўмовах дачыненьняў зь недэмакратычнай Беларусьсю прымаць у сябе дзяцей, якіх мы любім. Ганьба Запатам! Яны не павінны больш трымаць гэтую дзяўчынку”.

“Калі Запаты кладуцца спаць, хай яны падумаюць пра тыя сотні беларускіх дзяцей, якія плачуць з-за таго, што больш ніколі ня ўбачаць сваіх амэрыканскіх маму і тату”, — кажа каардынатарка амэрыканскай чарнобыльскай праграмы Цэцылія Калхоўн.

Пазыцыі жыхароў Пэталумы, аднак, падзяліліся. Днямі па горадзе пачаў гуляць ліст “Падтрымаем Таню!” У ім падрабязна апісваецца складанае жыцьцё дзяўчынкі ў Барысаве і робіцца выснова, што праблемы з чарнобыльскім адпачынкам зьвязаныя ня з Таняй, не з Запатамі, а з палітыкай беларускіх уладаў. З-за адзінкавага выпадку яны гатовыя пазбавіць радасьці тысячы беларускіх дзяцей, а таксама заходнія сем’і, якія ставяцца да гэтых дзяцей як да сваіх родных і замяняюць ім маму і тату, гаворыцца ў лісьце ў падтрымку Тані Казыры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG