Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b>Аляксандар Казулін на волі</b>


Яго дачка Вольга паведаміла, што вызваленьне яе бацькі супала з пахаваньнем цесьця. Ад 25 сакавіка 2006 году Аляксандра Казуліна трымалі пад вартай.

Экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта пакаралі зьняволеньнем на пяць з паловай гадоў, абвінаваціўшы ў арганізацыі масавых беспарадкаў падчас вулічнай акцыі. Днямі Казулін зрабіў заяву, што выйдзе толькі пасьля таго, як выйдуць палітвязьні Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім.

Дачка Аляксандра Казуліна Вольга паведаміла, што бацька паедзе на пахаваньне яе дзядулі ў Дзяржынск. Хаваць цесьця Казуліна будуць заўтра раніцай.

“Сёньня раніцай мы даведаліся пра тое, што ў нас раптоўна памёр дзядуля, мамін тата. Мы патэлефанавалі ў калёнію начальніку калёніі з просьбай перадаць гэта бацьку. Праз нейкі час бацька патэлефанаваў нам і сказаў, што ён едзе ў Менск на пахаваньне, а ўсю іншую інфармацыю ён нам давядзе пазьней. Цяпер мы яго чакаем”.

Сваякі і таварышы па партыі А.Казуліна не выключаюць поўнага вызваленьня палітыка. Пра гэта паведаміў БелаПАН былы адвакат А.Казуліна, сябра БСДП (Грамада) Ігар Рынкевіч. Паводле яго, “зь юрыдычнага гледзішча не засталося іншых мэханізмаў вызваленьня Казуліна, апрача памілаваньня”.

Тым часам БелаПАН адзначае, што 11 жніўня А.Казуліна ў калёніі наведаў кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Ганс-Ёган Шміт. Паводле прэсавай службы офісу АБСЭ, “візыт быў часткай абавязкаў офісу АБСЭ ў вобласьці маніторынгу за разьвіцьцём судовых справаў”.

13 жніўня амбасадар Нямеччыны Гэбхарт Вайс пабываў у Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Паводле паведамленьня амбасады, у яго адбылася “працоўная сустрэча, на якой абмяркоўваўся шырокі спэктар пытаньняў”. Раней, у часе свайго кароткачасовага вызваленьня 26-28 лютага ў сувязі з пахаваньнем жонкі, Аляксандар Казулін адзначаў, што амбасадар Нямеччыны згуляў тады асаблівую ролю і “быў вельмі шчыры ў сваім памкненьні дапамагчы”.

Камэнтуючы перамовы нямецкага дыплямата з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзыдэнта, аналітыкі нагадваюць, што пасьля ранейшых аналягічных кансультацый было вызвалена некалькі палітвязьняў. Аналітыкі выказваюць меркаваньне, што ў часе цяперашніх перамоваў у адміністрацыі абмяркоўвалася магчымасьць вызваленьня А.Казуліна, паведамляе БелаПАН.

Аляксандра Казуліна ад 25 сакавіка 2006 году трымалі за кратамі. Экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія нібыта мелі месца падчас вулічнага шэсьця на праспэкце Дзяржынскага.

Пад ціскам грамадзкасьці яго адпускалі на пахаваньне жонкі Ірыны Казулінай. Але потым А.Казулін вярнуўся ў калёнію.

Краіны Эўразьвязу і ЗША патрабуюць вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Летась, калі вырашалася пытаньне пра гандлёвыя прэфэрэнцыі Беларусі ў краінах Эўропы, беларускія ўлады адпусьцілі некалькі палітвязьняў незадоўга да заканчэньня тэрміну пакараньня.

Назіральнікі лічаць, што цяпер у часе выбарчай кампаніі ўлады могуць зноў пайсьці на такі крок дзеля легітымізацыі новай Палаты прадстаўнікоў і зьняцьця эканамічных санкцый.

Пакуль за кратамі застаюцца Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч.

Андрэй Кім сёньня патэлефанаваў сваёй маці і паведаміў, што зь ім сталі вельмі асьцярожна абыходзіцца. Ён ня ведае ў чым справа. Тацяна Кім спадзяецца, што гэта сьведчыць на тое, што яе сына таксама ў хуткім часе адпусьцяць на волю.

Андрэя затрымалі сёлета 21 студзеня падчас акцыі прадпрымальнікаў. Спачатку ён адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а потым яго абвінавацілі ў пагрозе міліцыянту і на паўтара года пазбавілі волі.

Тацяна Кім непакоіцца, што сын знаходзіцца ў цяжкіх умовах. Пасьля інцыдэнту, калі некалькі чалавек з ліку асуджаных спрабавалі скончыць жыцьцё самагубствам, Андрэя Кіма перавялі ў іншы атрад.

За кратамі застаецца яшчэ й віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч. Яго абвінавацілі ў тым, што ён зьбіў ахоўніка, калі адбываў арышт за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў. Сяргея Парсюкевіча пакаралі зьняволеньнем на два з паловай гады.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG