Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як краіны СНД рэагуюць на расейска-грузінскую вайну?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 8 жніўня).


З пачаткам канфлікту з Грузіяй Расея апынулася ў міжнароднай ізаляцыі. Як ацаніць пазыцыю краін СНД у гэтай сувязі? Якія геапалітычныя наступствы для постсавецкай прасторы можа мець гэтая вайна? Чым адметная пазыцыя Беларусі ў дачыненьні да расейска-грузінскага канфлікту? Удзельнікі: палітычны аглядальнік расейскага выданьня “Газета” Вадзім Дубноў з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

Стаўленьне краін СНД да расейска-грузінскага канфлікту

Валер Карбалевіч: “Падаецца, што пачаўшы вайсковую апэрацыю ў Грузіі, Расея апынулася ў міжнароднай ізаляцыі. Адзінай краінай, якая падтрымала Маскву, стала Куба. З самага пачатку было зразумела, што Захад стане на бок Грузіі. Але якую пазыцыю зоймуць краіны СНД, было незразумела. Фармальна Расея мае саюзьнікаў па ваенна-палітычнай Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), якія ў крызіснай сытуацыі павінны выступіць у падтрымку сябра арганізацыі. Тым больш што праціўнік Расеі — Грузія — уваходзіць у іншую палітычную арганізацыю, ГУАМ, зь іншай геапалітычнай арыентацыяй. Як бы вы ацанілі пазыцыю краін постсавецкай прасторы ў гэтым канфлікце?”

Вадзім Дубноў: “Сябры АДКБ павялі сябе так, як і павінны былі сябе павесьці. Бо гэтая арганізацыя ня стала дзейснай ні ў ваенным, ні ў палітычным сэнсе. Яна і не магла такой стаць. Краіны-сябры АДКБ даўно маюць іншую матывацыю, якая не прадугледжвае стварэньня нейкіх міждзяржаўных ці наддзяржаўных структур. Я зь цяжкасьцю сабе ўяўляю, каб, напрыклад, Расея выступіла ў падтрымку Армэніі ў выпадку яе канфлікту з Азэрбайджанам. Тое ж самае можна сказаць і пра СНД.

Зь іншага боку, мае сэнс разглядаць рэакцыю краін СНД як былых сатэлітаў Расеі. Яўнай падтрымкі Расеі не было. Кіраўніцтва кожнай дзяржавы прымярала на сябе сытуацыю ў Грузіі і міжнародную рэакцыю”.

Андрэй Фёдараў: “Сапраўды, АДКБ — слаба ўфармаваная арганізацыя. Але нават фармальнай падставы для ўмяшаньня АДКБ у гэты канфлікт няма. Бо паводле дамовы аб стварэньні гэтай арганізацыі напад на адну з краін-сябраў АДКБ азначае напад на ўсіх астатніх.

Але ў дадзеным выпадку нападу на Расею не было. Апэрацыя Грузіі тычылася Паўднёвай Асэтыі, тэрыторыі, якая паводле міжнароднага права зьяўляецца часткай Грузіі”.

Якія геапалітычныя наступствы для постсавецкай прасторы можа мець гэтая вайна?

Карбалевіч: “Мусіць, Расея сваімі дзеяньнямі ў Грузіі напужала сваіх суседзяў па СНД. Яны баяцца паўтарыць лёс Грузіі. Ці ня думаеце вы, што гэтая вайна можа мець сур’ёзныя наступствы для постсавецкай прасторы? Ці можа яна дэстабілізаваць сытуацыю? Магчыма, постсавецкія краіны пачнуць шукаць моцных саюзьнікаў па-за межамі СНД?”

Дубноў: “Адным з наступстваў гэтай вайны стала пашырэньне самой Расеяй уяўленьняў пра тое, што яна можа, а што не. Падаецца, што ў сьвеце недаацанілі ўсьведамленьне расейскім кіраўніцтвам сваёй нечаканай велічы. А Масква паверыла ў сваю веліч і пачала пашыраць зону дазволенага. Расея капіюе паводзіны НАТО і іншых міжнародных структур.

Гэтая сытуацыя стала нечаканай для партнэраў Расеі па так званай “сыстэме міжнароднай бясьпекі”. Захад апынуўся ад дзеяньняў Расеі ў нейкай прастрацыі. Бо добрай гульні ў гэтым канфлікце не было і ў Захаду. Думаю, у Вашынгтоне нядобрым словам памінаюць Саакашвілі, які паставіў ЗША ў складанае становішча.

Цяпер усе краіны СНД будуць ня столькі дыстанцыявацца ад Масквы, колькі павінны ўзяць пад увагу новае самаадчуваньне Расеі і рэагаваць на яго кожная па-свойму”.

Фёдараў: “Найперш, шмат будзе залежаць ад таго, чым скончыцца гэтая вайна. Ці будзе Расея дамагацца зьмены кіраўніцтва Грузіі? Вось прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў даў загад спыніць ваенныя дзеяньні.

У любым выпадку СНД у сёньняшнім складзе існаваць ня будзе. Ня толькі Грузія, але, магчыма, і Ўкраіна выйдзе з СНД. Усе постсавецкія краіны возьмуць пад увагу новую сытуацыю і будуць рыхтавацца да таго, што нешта падобнае можа адбыцца і зь імі”.

Пазыцыя Беларусі

Карбалевіч: “Падаецца, што пазыцыя Беларусі ў гэтым пытаньні такая ж, якой яна была падчас “аранжавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне. Афіцыйныя асобы, МЗС прытрымліваюцца неўтралітэту, заклікаюць да мірнага вырашэньня канфлікту, а дзяржаўныя мэдыі цалкам падтрымліваюць пазыцыю Расеі. Чым тлумачыцца такі падзел працы?”

Фёдараў: “Ніхто ня ведаў, чым скончыцца справа ва Ўкраіне падчас “аранжавай рэвалюцыі”. Ніхто ня ведае, чым скончыцца справа цяпер. У Беларусі не было дрэнных дачыненьняў з Грузіяй у той час, калі Расея ўвяла візавы рэжым, прыпыніла закуп грузінскага віна і вады “Баржомі”. У гэтых кроках Менск не пайшоў сьледам за Масквой.

У мяне няма сумненьняў, што сымпатыі кіраўніцтва Беларусі ў гэтым канфлікце цалкам на баку Расеі. Але яно ня хоча псаваць дачыненьні і з Грузіяй.

Думаю, Беларусь чакае, што Масква зьвернецца да яе зь нейкай просьбай аб падтрымцы. Тады Менск можа выказаць за гэтую падтрымку сустрэчныя просьбы, найперш у пытаньні цэнаў на газ.

Дубноў: “Думаю, Лукашэнка згуляў у дзьве рукі. Афіцыйна Беларусь, як і іншыя краіны СНД, дэманструе нэўтралітэт. А ў Расеі гэта ўспрымаюць як празаходнюю пазыцыю. А вось неафіцыйна, праз мэдыі Беларусь выказала ляяльнасьць Расеі. Такім чынам, Лукашэнка выкарыстаў усе варыянты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG