Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падведзены вынікі цэнтралізаванага тэставаньня


Сёлета кожны абітурыент меў магчымасьць здаць тэсты толькі па абраных прадметах. У ВНУ адмененыя ўсе ўнутраныя профільныя экзамэны.

Такім чынам, менавіта ад сумы набраных на тэстах балаў, да якіх прыплюсоўваецца яшчэ сярэдні бал атэстату, залежыць прахадны бал у навучальных установах. Сёньня дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў распавёў пра вынікі цэнтралізаванага тэставаньня.

Галоўнай адметнасьцю сёлетняга тэставаньня было тое, што літаральна па ўсіх прадметах пасьля іспыту быў зьніжаны парог, пачынаючы зь якога адзнака па прадмеце лічыцца станоўчай. Міністэрства адукацыі ў разгар тэставаньня зьнізіла гэты парог па матэматыцы і фізыцы да 8 балаў, па беларускай і расейскай мовах — да 13, па хіміі, замежных мовах, прадмеце “Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава” — да 16. Бальшыня абітурыентаў не набрала нават паловы з магчымых балаў. Але вынік тэставаньня — гэта не ацэнка ўзроўню ведаў абітурыента, а ранжыраваньне, рэйтынг яго ў параўнаньні зь іншымі, патлумачыў дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Мікалай Фяськоў:

Тая адзнака, якую атрымоўвае абітурыент па тэсьце, не зьяўляецца вынікам працы вучня.
“Наша адзнака не зьяўляецца выніковай адзнакай за курс навучаньня. Тая адзнака, якую атрымоўвае абітурыент па тэсьце, не зьяўляецца вынікам працы вучня. 35 балаў — гэта ня значыць — тры з паловай балы па дзесяцібальнай сыстэме, ці 25 — гэта ня два з паловай. Трэба глядзець, як адносна другіх ён выглядае. Калі б мы хацелі вынік у 80—90 балаў, можна было б так і паказаць”.

Такім чынам, сэнс цэнтралізаванага тэставаньня — не ацэнка школьных ведаў, а менавіта якасны конкурсны адбор найлепш падрыхтаваных абітурыентаў у ВНУ, кажа Мікалай Фяськоў:

“Мы не падводзім вынік па засваеньні матэрыялу па рускай ці беларускай мовах. Я магу сказаць, які ўзровень, але гэта не мая задача. Мая задача — паказаць: адзін адносна другога займаюць такія месцы. Я паказваю рэктарам вынікі, падсумоўвайце, калі ласка, ці неяк інакш вызначайце, каго вы прымаеце”.

Абсалютны вынік — 100 балаў — атрымалі 77 удзельнікаў тэставаньня са 179 тысяч. Летась такіх было ўсяго 18. Гэта сьведчыць пра рэалістычнасьць патрабаваньняў да ведаў абітурыентаў і пра істотнае спрашчэньне тэстаў у параўнаньні зь мінулым годам, кажа Мікалай Фяськоў:

“Ідэальны тэст быў бы, калі б вынікі знаходзіліся ў дыяпазоне ад 40 да 60 балаў, і не абавязкова звыш 80 і да 100. Але наяўнасьць вынікаў у 100 балаў сьведчыць пра тое, што яны даступныя для нашых выпускнікоў і яны рэальна выканальныя за адведзены час. Нас гэта задавальняе”.

На пытаньне — ці задавальняе тое, што бальшыня абітурыентаў не набрала нават паловы з магчымых балаў, Мікалай Фяськоў адказаў так:

“Вы хочаце, каб я адказаў, якая ў нас сыстэма адукацыі, што такія вынікі. Я прыйшоў не для таго, каб адказваць пра сыстэму адукацыі, а каб расказаць пра вынікі, як прайшло цэнтралізаванае тэставаньне”.

Найлепшую падрыхтоўку, як відаць з вынікаў тэставаньня, дэманструюць выпускнікі гімназій і ліцэяў, а таксама тыя, хто займаўся з рэпэтытарамі —такія абітурыенты маюць перавагу ў сярэднім 15—20 балаў. Катэгорыю аўтсайдэраў (абітурыенты, якія набралі менш за 10 балаў) складаюць у асноўным выпускнікі мінулых гадоў і выпускнікі ПТВ — такіх тут 70%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG