Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Івана Шылы: Улада ваюе са школьнікамі


Лідэра салігорскай філіі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Івана Шылу выключылі са школы. Яму не далі здаць апошні іспыт.


Л.Атакулава: “Іван прыеўся ўладам сваёй актыўнасьцю”

Актывістку МФ Людвісю Атакулаву сёлета спрабавалі адлічыць з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Аднак дзяўчына працягвае навучаньне.

В.Сянькова:”Працаваць у адукацыі немагчыма”


Былая дырэктарка салігорскай школы №4 Вольга Сянькова звольнілася з працы з прычыны выключэньня са школы Івана Шылы.

Яна сказала ў інтэрвію "Эўрапейскаму радыё", што сыходзіць на пэнсію па выслузе гадоў. Яна кажа, што працаваць у адукацыі цяпер немагчыма.


"Яны хочуць забраць яго ў войска”

“Сёлета я сканчаю школу. Мяне не дапусьцілі да іспыту па беларускай мове. Накіравалі здаваць яго ў жніўні”, - паведаміла актывістка “Маладога фронту” Алена Макарэвіч.- “Матывавалі тым, што я спазьнілася на некалькі хвілінаў на іспыт. Мяне дапусьціла школа і прадстаўнікі камісіі маніторынгу. Але начальніца ўправы адукацыі Фрунзенскага раёну Менску Тацяна Захаронак прыйшла ў школу і зьняла зь іспыту. Кажа: “Будзеш здаваць у жніўні”.

П.Батуеў: Шылу змушаюць пакінуць Беларусь


“На маёй памяці такое здараецца ўпершыню. І раней пагражалі актывістам Маладога фронту, але ніколі не даходзіла да такіх радыкальных мераў. Адзінае, дзеля чаго гэта робіцца, каб змусіць Івана зьехаць зь Беларусі. Бо ў такой сытуацыі адзіны шлях, які застаецца ў яго, гэта атрымаць адукацыю за мяжой”, - мяркуе Павал Батуеў, актыіст руху “За Свабоду”, які зараз праходзіць рэгістрацыю.

“Мае знаёмыя, якія працуюць у школах, навучэнцы старэйшых клясаў кажуць, што кантроль звычайна ўзмацняецца напярэдадні вулічных акцыяў у Менску. Адразу ўзьнікаюць пільныя справы ў школе, альбо праводзяць клясную гадзіну. Па часе гэта супадае з тым, што адбываецца ў Менску. Усё гэта робіцца для таго, каб не дапусьціць удзелу вучняў старэйшых клясаў у мітынгах і шэсьцях”, - паведаміў спадар Батуеў.

З.Хведарук: “Улада хоча, каб дэмакраты былі маргінальнымі”

Адзін зь лідэраў Маладога Фронту Зьміцер Хведарук:

“Улада хоча пазбавіць актыўных маладзёнаў магчымасьці навучацца. Хоча, каб Іван стаў чалавекам, які нідзе не навучацца і ня мае рычагоў уплыў на людзей. Думаю, што гэта самая галоўная прычына, чаму так здарылася” – кажа Зьміцер Хведарук.

“Улада хоча, каб дэмакраты былі маргінальнымі, каб жылі толькі сваімі інтарэсамі і былі ізаляваныя ад сытуацыі, бо адукацыя дае магчымасьць цьвяроза ацэньваць сытуацыю і знаходзіць агульную мову зь людзьмі”, - дадаў ён.

Гаворачы пра кантороль над моладзьдзю, палітык паведаміў: “У адной са школаў Ліды на мінулым тыдні апошні дзень навучальнага году зрабілі днём самакіраваньня, калі урокі вялі школьнікі. Вучні вырашылі ўсе прадметы весьці на беларускай мове. На наступны дзень тых, хто вёў гэтыя ўрокі выклікалі да дырэктара”.

І.Шыла: “У школе была міліцыя”

“Сёньня я прыйшоў у школу, каб здаваць іспыт. Аднак да іспыту мяне не дапусьцілі. У школе была міліцыя. На той выпадак, калі я пачну супраціўляцца”, - гаворыць Іван Шыла.

“Мяне ніхто пісьмова не папярэдзіў пра маё выключэньне. Гэта толькі вусная інфармацыя. Уручылі пастанову пра адлічэньне. Яны спасылаюцца на статут школы і на законы. Кажуць, што апошняй кропкай было затрыманьне 30 траўня (калі ўжо адбываліся школьныя іспыты) з налепкамі. А таксама тое, што я прысутнічаў на прэзэнтацыі кнігі “Прага вясны”, фотаздымкі зьявіліся ў інтэрнэце. Гэтыя чыноўнікі зь Менску былі не задаволеныя”, - кажа Іван.


“Зараз я знаходжуся ў школе. У мяне тут аднаклясьнікі здаюць іспыты па ангельскай мове. Што кажуць? Уся школа, усе настаўнікі, якія нават галасавалі за адлічэньне, мяне разумеюць. Падыходзіць цясьляр нашай школы, якога я нават ня ведаю, паціскае мне руку і выказвае словы падтрымкі. Прыкладна такая рэакцыя ўсіх настаўнікаў, зь якімі я размаўляў”.

Іван дзеліцца сваімі плянамі: “Я буду спрабаваць цягам 10-ці дзён абскардзіць гэтае рашэньне. Вялікіх спадзеваў на тое, што маю справу разгледзяць у судзе няма. Але ёсьць і іншыя варыянт: у жніўні ў любым разе я буду спрабаваць пераздаць гэты іспыт”.

"Дырэктар школы звольнілася на знак пратэсту"

Не выдаваць юнаку атэстат загадалі чыноўнікі мясцовага гарвыканкаму і з менскай вобласьці. Дырэктар школы Вольга Сянькова звольнілася на знак пратэсту, а яе намесьніцу звольнілі за кепскую выхаваўчую працу.

Іван Шыла рыхтаваўся да апошняга выпускнога экзамэну па ангельскай мове. Ён здаў экзамэн па расейскай мове на 9 і 8, а таксама на 4 балы матэматыку.

Юнак апавёў, што 2 чэрвеня на пэдагагічнай нарадзе разглядалася пытаньне, каб не выдаваць яму атэстат аб сярэдняй адукацыі і выключыць мясцовага лідэра “Маладога фронту” са школы. Усе настаўнікі прагаласавалі аднагалосна, каб хлопец здаў апошні экзамэн і атрымаў атэстат.

У аўторак сытуацыя зьмянілася. Іван Шыла паведаміў, што на пазачарговай пэднарадзе прынялі рашэньне выключыць хлопца са школы.

Гаворыць Іван Шыла:

“Натуральна, што, калі я ўжо здаў два экзамэны і рыхтаваўся да апошняга па ангельскай мове, то я не чакаў такога рашэньня. Бо яно не зусім лягічнае і юрыдычна незаконнае”.

Івану і ягоным бацькам пакуль не патлумачылі прычыну адлічэньня хлопца. Адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак, калі выпускніка, які пасьпяхова вучыўся, і, якога дапусьцілі да здачы экзамэнаў, за дзень да апошняга экзамэну адлічылі з вучобы.

Адлічэньне вучня пацягнула за сабой кадравыя ператасоўваньні ў адміністрацыі школы.

“Дырэктарка пасьля гэтага напісала заяву аб звальненьні са школы. Яна абгрунтавала гэта тым, што ў любым разе ў яе будуць пасьля гэтага праблемы, бо ідэалягічная праца пастаўленая не належным чынам. Яна казала, што болей удзельнічаць у гэтым ня хоча, бо ў яе ёсьць дзеці і яна ня хоча, каб такія амаральныя рашэньні адбіваліся на яе дзецях. Яе намесьніца добраахвотна заяву не напісала, дык яе саму звольнілі. Яна адказвала за выхаваўчую працу. Такім чынам, тая ж пэдагагічная нарада, якая напярэдадні аднагалосна прыняла рашэньне выдаць мне атэстат і не ануляваць мне экзамэнаў, якія я ўжо здаў, на наступны дзень прыняла супрацьлеглае рашэньне”.

Іван Шыла стаў сябрам “Маладога фронту” ў 9-й клясе. 25 разоў адміністрацыйныя камісіі выканкаму разглядалі міліцэйскія пратаколы, паводле якіх яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях. Летась супраць Івана Шылы распачалі крымінальную справу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. 4 верасьня суд пастанавіў, каб пэдагагічны калектыў належным чынам выхоўваў юнака.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG