Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя адзначыла дзень свабоды друку <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сусьветны дзень свабоды прэсы ў Менску адзначылі вулічнымі акцыямі і пэрформансам у будынку Галоўнага паштамту.


Палітыкі раздавалі мінакам газэты, а моладзь БНФ накіравала міністру інфармацыі сьвіную галаву як іранічны сымбаль перамогі над ворагамі. Міліцыянты перашкаджалі ладзіць акцыі, але абышлося без затрыманьняў.

Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віктар Івашкевіч адзначылі сусьветны дзень свабоды прэсы раздачай недзяржаўных газэт “Народная Воля” і “Наша Ніва”. Спэцназаўцы пачалі выхопліваць газэты і выціскаць людзей з пляцоўкі каля будынку Галоўнага паштамту.

У выніку Лявон Баршчэўскі і Віктар Івашкевіч падалі скаргу міністру ўнутраных спраў на дзеяньні ягоных падначаленых.

Баршчэўскі: “Спачатку спрабавалі ў пракуратуры – там нам не далі ні кнігі скаргаў, ні магчымасьці падаць заяву. Тады мы прыйшлі ў прыёмную міністэрства ўнутраных спраў”.

Пасьля гэтага моладзевыя актывісты партыі БНФ накіраваліся ў будынак Галоўнага паштамту. За імі адразу накіраваліся некалькі спэцназаўцаў і міліцэйскае кіраўніцтва Ленінскага раёну.

Актывісты вялікую сьвіную галаву абгарнулі газэтамі “Советская Белоруссия», паклалі яе ў скрыню і даслалі яе на імя міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча.

Франак Вячорка: “Сьвіную галаву звычайна ўручаюць пераможцам за нейкую выбітную бітву. Уладзімер Русакевіч дамогся таго, што Беларусь апынулася 188-й у індэксе свабоды прэсы. Вось мы яму як змагару зь незалежнай прэсай уручаем гэтую сьвіную галаву, загорнутую ў яго любімую газэту “Советская Белоруссия".

Спэцназаўцы назіралі за пэрформансам і раіліся па рацыі са сваім кіраўніцтвам.

Аляксандра Клімовіч: “Мне падаецца, што гэта ўжо параноя. Яны прыходзяць на кожную акцыю. Прычым з кожнай акцыяй іх усё больш і больш. Я сёньня стаяла і разважала: няўжо ім самім не сумна прыходзіць на гэтыя акцыі, якія ж абсалютна не пагражаюць людзям? Мы не зьбіраемся нікога зрынаць гэтымі акцыямі. Папросту яны самі прыцягваюць увагу,бо кожны раз перастрахоўваюцца”.

У выніку пасылку прынялі. Супрацоўніца пошты паведаміла, што яе даставяць сёньня, альбо 7 траўня.














Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG