Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жана Літвіна: “У рэгіёнах актуальныя праблемы выжываньня, а ня ўстойлівасьці выданьняў”


Жана Літвіна нарадзілася ў адзін дзень, месяц і год з Аляксандрам Лукашэнкам. Яна – прафэсійны журналіст. Працавала галоўным рэдактарам Галоўнай рэдакцыі вяшчаньня для моладзі (да 1994 г.), Генэральным дырэктарам акцыянэрнага таварыства “БМ Інфарм”. “Беларускую асацыяцыю журналістаў” ўзначаліла ў 1995-м, калі незалежныя СМІ ўпершыню мусілі друкавацца за мяжой і фактычна пачаўся пасьлядоўны перасьлед свабоднай прэсы, выцісканьне яе зь інфармацыйнай прасторы краіны. Не выпадкова чарговы грамадзкі рэдактар тыдня замовіла нашым журналістам падрыхтаваць тэматычную перадачу – “Чаму грамадзтва не рэагуе на абмежаваньне свабоды прэсы?”

Вось некалькі цытат-развагаў зь яе інтэрвію беларускай прэсе аб праблематыцы айчыннай журналістыкі

… — Пэрыяд ад развалу СССР да 1994 году быў эпохай Рэнэсансу, росквіту незалежнай журналістыкі. Менавіта тым часам зьявілася абсалютна новая генэрацыя прафэсіяналаў, для якіх асноўнай прыкметай дзейнасьці сталі стандарты журналісцкай работы. Тады ўпершыню мы адкрывалі для сябе, што такое факт і як зь ім трэба абыходзіцца. Я б нават гаварыла не столькі пра журналістыку, колькі пра пашырэньне сфэры публічнасьці.

… – Літаральна празь некалькі месяцаў пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў была ўведзеная жорсткая цэнзура і цэнтральныя газэты выйшлі з “белымі плямамі”. Зь іх распачалася маштабная вайна афіцыйнай улады за ўстанаўленьне ў Беларусі татальнага аднадумства. Для журналістаў гэта азначала канец сьвята непаслухмянасьці.

… – Зь лістапада 2005 году напярэдадні выбараў распачаўся працэс “выпіхваньня” незалежных выданьняў спачатку з падпісных каталёгаў, а пасьля з сыстэмы распаўсюду. Напярэдадні выбараў незалежную прэсу, якая мела ўласную пазыцыю, “прыбіралі” з інфармацыйнай прасторы. Сем выданьняў былі вымушаныя друкавацца за межамі краіны.
Судовыя справы па абароне гонару і годнасьці прыбліжаных да ўлады асобаў, сталіся яшчэ адным мэханізмам, які даводзіў газэты да мяжы банкруцтва.

У траўні 2006-га чыноўнікі высокага рангу пачалі жорстка навязваць сваё бачаньне ролі СМІ ў грамадзтве. Чаго вартыя, напрыклад, словы спадара Чаргінца : “средства массовой информации должны постичь логику власти, соотнести ее с логикой обстоятельств жизни”.


Жана Літвіна: “У рэгіёнах актуальныя праблемы выжываньня, а ня ўстойлівасьці выданьняў”

Уліцёнак: “Якія праблемы мясцовай незалежнай прэсы вам падаюцца найбольш актуальнымі?”

Літвіна: “У першую чаргу – распаўсюд дэмакратычнай прэсы. 13 з прыблізна 30 ацалелых на сёньня незалежных грамадзка-палітычных выданьняў па ўсёй краіне выходзяць цяпер бяз права праводзіць падпіску. А 16 маюць праблемы з продажам праз шапікі “Саюздруку”,

Уліцёнак: “Ну а палітыка эканамічнай дыскрымінацыі, да якой так часта апэлюе БАЖ: ці ёсьць тут зьмены да лепшага?”

Літвіна: “Толькі сёлета з рэспубліканскага бюджэту выдадзена на падтрымку дзяржаўных СМІ 74 мільёны даляраў. Або яшчэ факт: Віцебскі аблвыканкам зьнізіў кошты за арэнду для сваёй прэсы – 15 працэнтаў ад сапраўднага кошту.

Канешне, калі для адных – такія ўмовы, а для другіх забарона на той самы распаўсюд, шалёны рост арэнднай платы, наагул з магчымасьцю арэндаваць памяшканьні пад офіс, узгадненьнем юрыдычнай адрэсы, то гэта вымушае нашых калегаў займацца найперш праблемамі выжываньня, а ня ўстойлівасьці сваіх выданьняў”.

Уліцёнак: “Сытуацыя на месцах складваецца такім чынам, што дзеля таго самага выжываньня дэмакратычныя рэдакцыі на месцах фактычна мусяць займацца палітычнай самацэнзурай. Іх у прыватнасьці да гэтага падштурхоўваюць…”

Літвіна: “З аднаго боку самацэнзуру расцэньваю вельмі ганебнай справай. А з другога – дзесьці глыбока-глыбока ў сьвядомасьці я спрабую знайсьці тлумачэньне гэтаму, бо разумею, наколькі безабароннымі апынаюцца рэгіянальныя выданьні ў сваіх мясцовых умовах.

Самацэнзура яшчэ дыктуецца тым, што журналістам найчасьцыей беспасьпяхова даводзіцца сутыкацца з праблемай прарыву да інфармацыі, пільна кантралюемай уладай. А ўлада закрываецца, пазьбягае кантактаў з прэсай, найперш недзяржаўнай. Калі ж гэтая зьява ў дадатак падмацаваная заканадаўствам, то рэдакцыі мусяць асьцерагацца памылак, якія караюцца вэртыкальлю вельмі жорстка”.

Уліцёнак: “Сытуацыя сёньня складаная, аднак, як кажуць, трэба думаць і пра будучыню – што там, наперадзе?”

Літвіна: “Мы вельмі спадзяемся, што кампанія, якую БАЖ плянуе правесьці да канца году, назва яе “За якасную журналістыку”, падтрымаюць нашыя калегі. У тым ліку і з рэгіёнаў. Я хачу верыць у тое, што яны кіруюцца ў сваёй дзейнасьці высокімі прафэсійнымі стандартамі”.

Жана Літвіна: “Новай журналістыцы будуць давяраць больш, чым палітыкам і ўраду”


Уліцёнак: “Нядаўна адлічаны з журфаку моладзевы актывіст Франак Вячорка “паэкспэрымэнтаваў”: паспрабаваў прайсьці сумоўе для паўторнага паступленьня на журфак і атрымаў вырак: ня здатны там вучыцца! Хоць былыя аднакурсьнікі цьвердзяць пра іншае…”

Літвіна: “Тое сумоўе – сумны, аднак лягічны для цяперашняй улады крок – адгарадзіць яшчэ адным бар’ерам ад журналістыкі маладых іншадумцаў. Не выпадкова, напрыклад, падчас таго “тэставаньня” задавалася пытаньне пра сяброўства ў БРСМ...”

Уліцёнак: “Апошнім часам усё больш відавочным становіцца тое, што аднаго журфаку краіне мала. Як вы ацэньваеце ў гэтым сэнсе альтэрнатыўны рэсурс дзяржаўнаму навучаньню прафэсіі?”

Літвіна: “Адукацыйных праграмаў ня можа быць многа. Я за разнастайнасьць магчымасьцяў падвышаць кваліфікацыю. Менавіта пры гэтай умове журналістыка стане, так бы мовіць, надзейнай. Маю на ўвазе, каб журналістам у народзе пачалі давяраць можа нават больш, чым палітыкам і ўраду”.

Уліцёнак: “Вам даводзілася сутыкацца, размаўляць, мець справу з маладымі журналістамі? Няважна, дзе яны падрыхтаваныя, адкуль прыехалі – зь Вільнюскага ЭГУ ці менскага БДУ: чым адрозьніваюцца ад сваіх папярэднікаў?”

Літвіна: “У першую чаргу – дзёрзкасьць. Захапленьнем функцыяй, якую выконваюць… Зь іншага боку, не хапае разуменьня: свабода слова – не свабода ад чагосьці, а – свабода ў імя чагосьці! У імя магчымасьці зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю”.

Уліцёнак: “Пры ўсім тым я ня чуў, каб рэдакцыі трох дзясяткаў ацалелых дэмакратычных выданьня поўніліся журфакаўцамі – маса іх арыентаваная ўсё ж на дзяржаўныя СМІ, ці ня так?”

Літвіна: “Я думаю, стрымліваюць штучныя забароны на саміх факультэтах дзяржаўных вну. І паступова многія сапраўды абіраюць сабе шлях, дзе менш перашкодаў, праблемаў. Але я ўсё ж аптымістычна гляджу на маладых людзей. Бо ня ўсе падпарадкоўваюцца патрэбе працаўладкавацца выключна зручна і адбудаваць сваю кар’еру ў дзяржаўнай прэсе. Хапае такіх, для каго праца ў вольных СМІ – грамадзянская пазыцыя. Якія не баяцца перашкодаў, нягледзячы на мінімальныя заробкі, далёка не дасканалыя ўмовы працы… І будучыню я бачу менавіта за гэтай часткай маладой генэрацыі журналістаў”.


***

Чаму беларускія журналісты адзначаюць сваё прафэсійнае сьвята ў розныя дні?

Літвіна: “На жаль, на вялікі жаль у нас два сьвяты: адная палова журналістаў сьвяткуе трэцяга траўня Сусьветны дзень свабоды слова, другая частка – пятага траўня, па савецкай традыцыі… Але сутнасьць самой праблемы, зьвязанай з нашай прафэсіяй, па вялікім рахунку не мяняецца”.

Уліцёнак: “А ў чым яна, гэтая сутнасьць?”

Літвіна: “Мы губляем прэстыжнасьць, элітнасьць сваёй прафэсіі. І як вынік – гэта тое, што ўсе, асабліва незалежныя журналісты, становяцца закладнікамі, я б сказала – “вольнага” стаўленьня чыноўнікаў, службоўцаў да заканадаўства”.

Уліцёнак: “Зусім нядаўна галоўны рэдактар “СБ-сегодня” Павал Якубовіч скардзіўся, што ён просіць Жану Літвіну пра ўзаемнае супрацоўніцтва, а канструктыўнага адказу – няма. Чаму?”

Літвіна: “Сапраўды, я вымушаная канстатаваць, што ніколі не ўдалося паставіць подпісы кіраўніцтва дзвюх арганізацыяў пад нейкімі нашымі прафэсійнымі патрабаваньнямі. А няма гэтай кансалідацыі відаць таму, што мы па рознаму разумеем сваё прызначэньне ў грамадзтве”.

Уліцёнак: “Атрымліваецца, трэцяга траўня будуць сьвяткаваць “нячэсныя”, а пятага – “чэсныя”?

Літвіна: “Я б нават не гаварыла пра “чэсных-нячэсных”. Проста Трэцяе траўня – сьвята тых, хто прытрымліваецца стандартаў сучаснай міжнароднай журналістыкі і аднаго з асноўных пунктаў дэклярацыі БАЖу – не абслугоўваць уладу. А нашыя калегі, на жаль, сёньня бяруць на сябе функцыю прапагандыстаў, ідэолягаў”.

Уліцёнак: “Няўжо журналісты-бажаўцы такія бездакорныя?”

Літвіна: “Ёсьць хібы і ў незалежнай журналістыцы. Часьцяком мы бярэм на сябе функцыю палітолягаў, тыражуем свае ўласныя меркаваньні – гэта таксама не бездакорная журналістыка”.

Уліцёнак: “А як у цэлым вы ацэньваеце стан дзяржаўнай журналістыкі: там усё суцэльна дрэнна, там усё суцэльна ідзе на абслугу ўлады?”

Літвіна: “Я больш за ўсё маю на ўвазе тых, хто працуюць у інфармацыйных службах, робяць аналітычныя, палітычны праграмы.

Па вялікім рахунку пазбавіцца ад асноўных нашых болек і праблемаў можна толькі шляхам вырашэньня звышзадачы – гэта адлучэньне прэсы ад улады ці ўлады ад прэсы. Калі мы з гэтым ня справімся, то праблемы нашыя будуць яшчэ больш паглыбляцца і будуць рабіцца яшчэ больш складанымі”.

***

Пра складанасьці, зь якімі сутыкаюцца беларускія інтэрнэт-журналісты

Літвіна: “Інтэрнэт на сёньняшні дзень – адзінае месца, дзе свабоднае абарачэньне інфармацыі мае відавочную перавагу перад дзяржаўнай прапагандай. 21 працэнт дарослага насельніцтва краіны лічыць для сябе інтэрнэт прыярытэтнай крыніцай інфармаваньня”.

Уліцёнак: “Ці ня сьведчыць гэтая лічба найперш пра абмежаваньне свабоды прэсы ў дзяржаве?”

Літвіна: “Так. І небясьпеку, якую нясе для рэжыму Сеціва, улады адчулі. Вось і зьявіўся шэраг захадаў па “ўпарадкаваньні”, а фактычна па наладжваньні кантролю за інтэрнэтам. Цяпер сайты хочуць падвесьці пад статус СМІ. Як толькі гэта адбудзецца, то адразу інтэрнэтчыкі падпадуць пад крымінальны перасьлед”.

Уліцёнак: “Ці задавальняе вас якасьць маладой беларускай вэб-журналістыкі?”

Літвіна: “Людзям, якія займаюцца ёй, пакуль не заўсёды хапае пачуцьця адказнасьці за тое, што распаўсюджваецца. Асабліва гэта тычыцца блогераў”.

Уліцёнак: “З вашага прафэсійнага гледзішча: на якія сайты сёньня варта раўняцца? Што для вас нумар адзін, два, тры?”

Літвіна: “Нумар адзін, зразумела, бажаўскі сайт. А ў прынцыпе свайго роду вымярэньнем актуальнасьці можа стацца карцінка блякаваньня ўладамі такіх сайтаў, як Хартыя-97, Радыё Свабода, Беларускі партызан… Адсюль рэжым як бы адчувае найбольшую небясьпеку”.

Уліцёнак: “Напрыканцы: вашая ацэнка журналісцкай салідарнасьці з заблякаванымі сайтамі?”

Літвіна: “Калі некалькі гадоў таму пачалі масава закрываць газэты, ужо тады журналісты спрабавалі ратаваць адзін аднаго праз прадастаўленьне сваіх старонак для публікацыяў журналістаў з атакаваных рэдакцый, напрыклад, БДГ. І вось тую салідарнасьць на новым, больш высокім узроўні падхапіла цяперашняя грамадзянская супольнасьць. Без такой актыўнай, эфэктыўнай падтрымкі нам і заўтра не адстаяць свабоду інтэрнэту, калі ўказ ці закон аб прававым яго ўрэгуляваньні будзе ўсё ж прасоўвацца”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG