Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт у Беларусі “апрануць” у заканадаўчыя рамкі


Уладзімер Русакевіч
Уладзімер Русакевіч

У Беларусі прафэсійнае сьвята журналістаў незалежных СМІ супала з заявамі ўладаў паставіць пад кантроль пакуль адзіную, да канца не падцэнзурную сфэру – інтэрнэт.


Пра гэта падчас адкрыцьця ў Менску спэцыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі” казалі і міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч, і кіраўнікі дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў.

Як заявіў міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч, міністэрства працуе над удасканаленьнем закону “Аб друку і іншых СМІ”. Перадусім ведамства зьбіраецца ўпарадкаваць беларускі сэктар інтэрнэту. Новай вэрсіяй закону маецца заканадаўча ўрэгуляваць дзейнасьць інтэрнэт-СМІ. Будзе вызначана, ці зьяўляюцца самастойнымі СМІ інтэрнэт-вэрсіі друкаваных выданьняў.

Як зазначыў Русакевіч, надышоў час даведацца, колькі якіх інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі. “Я хачу, каб інтэрнэт-вэрсіі друкаваных выданьняў зьяўляліся сродкамі масавай інфармацыі, – прызнаўся Русакевіч. – Цяпер інтэрнэт выступае ў якасьці тэхнічнага сродку камунікацыі, ня больш таго”.

Чыноўнік удакладніў, што гаворка не вядзецца аб рэгуляваньні інтэрнэт-СМІ ў Беларусі, а проста шукаюцца падыходы “садзейнічаньню ў разьвіцьці такіх СМІ”. Намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч кажа, што беларускім досьведам фармаваньня ўніфікаванай інфармацыйнай палітыкі зацікавіліся нават у замежжы:

“Сёньня Рэспубліка Беларусь фармуе сваю нацыянальную інфармацыйную палітыку з пазыцыі гуманізму і з пазыцыі пабудовы моцнай і квітнеючай Беларусі. Гэта выклікае непадробную цікавасьць у нашых замежных калегаў, і, паводле іхных ацэнак, сёньня Беларусь паказвае прыклад сьвету ўва ўсіх сфэрах жыцьця грамадзтва, у тым ліку і ў тым, як вядзецца ў краіне дзяржаўная інфармацыйная палітыка”.

Генэральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзьмітры Жук бачыць неабходнасьць рэвізіі інтэрнэт-сфэры ужо зараз, не чакаючы, калі зьявіцца нарматыўны дакумэнт, якім будзе адрэгуляваная віртуальная прасторы. Ён заклікаў да стварэньня Асацыяцыі адказных інтэрнэт-выдаўцоў, сябры якой павінны трымацца двух умоваў: няўхільна выконваць артыкул 5 закону «Аб друку», дзе гаворыцца пра недапушчальнасьць злоўжываньня свабодай інфармацыі, і друкаваць поўныя дадзеныя пра сябе. Паводле Жука, спажывец павінен ведаць, хто нясе адказнасьць за інфармацыю, якая распаўсюджваецца праз інтэрнэт.

Што да артыкулу 5, то, як лічаць экспэрты, пад яго можна штучна падвесьці і потым пакараць практычна любы незалежны інтэрнэт-рэсурс. У артыкуле, у прыватнасьці, гаворыцца пра недапушчальнасьць выкарыстаньня СМІ для разгалошваньня зьвестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу, заклікаў да захопу ўлады, гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу і г.д. Менавіта такія матывы летась беларуская Фэміда вынайшла ў артыкуле палітыка Андрэя Клімава. За публікацыю ў інтэрнэце Клімава асудзілі да 2 гадоў турмы.

Сытуацыю з намерам усталяваць над беларускім сэктарам інтэрнэту татальны кантроль камэнтуе намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

«Ужо відавочна, што гэтыя нормы будуць прынятыя. Гаворка ідзе дастаткова доўга, і тое, што яна ў апошні час стала больш інтэнсіўнай – паказьнік таго, што ў хуткім часе нейкія акты, якія рэгулююць дзейнасьць інтэрнэт-прасторы, зьявяцца. Зразумела таксама і тое, што гэтыя акты наўрад ці створаць больш спрыяльныя ўмовы для дзейнасьці ў інтэрнэт-прасторы. Як у нас звычайна і адбываецца: усе нарматыўна-прававыя акты накіраваныя ў першую чаргу на абмежаваньне свабоды выказваньняў, абмежаваньне свабоды інфармацыі. І вось менавіта гэтая практыка вымушае дастаткова зь вялікай насьцярогай ставіцца да гэтых уладных ініцыятываў».

Карэспандэнт: «То бок, можна чакаць, прагназаваць, што адзіная пакуль непадцэнзурная сфэра можа быць таксама манапалізаваная?»

«Сёньня інтэрнэт-прастора – гэта сапраўды тая частка мэдыя-сфэры, дзе незалежныя крыніцы інфармацыі маюць значную перавагу над дзяржаўнымі. Ну і дзяржава, магчыма, паспрабуе гэту сытуацыю неяк зьмяніць. Але я ня думаю, што можна будзе казаць пра цалкам цэнзураваны інтэрнэт. Я трымаюся погляду, што гэта хутчэй створыць умовы для кропкавага ўзьдзеяньня на выдаўцоў інтэрнэт-інфармацыі, для нейкіх сайтаў, каб на іх ціснуць у першую чаргу».

Паказальна, што ў беларускіх судах дэ факта інтэрнэт ужо прызнаны сродкам масавай інфармацыі. 25 сакавіка гаспадарчы суд Менска прыняў рашэньне на пазоў юрыдычнай групы «Аргумэнт» супраць АГП. Нагодай стаў матэрыял на сайце ucpb.org, што адзін з заснавальнікаў групы, сын лідэра Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Андрэй Козік, нібыта «лябіруе інтарэсы прыватнага бізнэсу ў дзяржаўных структурах». Суд абавязаў АГП абвергнуць інфармацыю на рэсурсе ucpb.org, які партыі не належыць. Юрыст АГП Сяргей Альфер кажа, што партыя насамрэч супрацоўнічае з сайтам ucpb.org, але адміністрацыя рэсурсу не жадае друкаваць абвяржэньне. Як бы там ні было, судовае рашэньне ёсьць, прэцэдэнт з абавязкам прабачэньня праз інтэрнэт, што дагэтуль тычылася ў асноўным газэт, створаны. А гэта ўжо рэальны крок для прызнаньня інтэрнэт-рэсурсаў у якасьці СМІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG