Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дж.Мур: “Думаю, новыя санкцыі будуць хутка”


Джонатан Мур
Джонатан Мур

МЗС Беларусі перадаў часова паверанаму ў справах Злучаных Штатаў Амэрыкі Джонатану Муру сьпіс амэрыканскіх дыпляматаў, якіx абвясьцілі пэрсонамі non grata.



Дыпляматы павінны пакінуць тэрыторыю Беларусі, паведамляе прэсавая служба МЗС.

Прадстаўнікі МЗС патлумачылі спадару Муру: гэтыя дзеяньні – адказ на тое, што амэрыканскі бок не прыняў рэкамэндацыяў афіцыйнага Менску і не скараціў колькасьць супрацоўнікаў амбасады.

Інтэрфакс са спасылкай на супрацоўнікаў амбасады паведамляе, што сёньня у 15.00 скончыўся тэрмін, у часе якога Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША павінен адказаць на патрабаваньні МЗС Беларусі скараціць колькасьць супрацоўнікаў амбасады ў Менску да 5 чалавек. Цяпер ў дыпляматычным прадстаўніцтве іх 15.
Гэта выпадак можа прывесьці да пашырэньня санкцыяў супраць Беларусі

Джонатан Мур паведаміў, што амэрыканскія дыпляматы павінны пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам 72 гадзін.

“Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі дыпляматычных дачыненьняў, які можа прывесьці да пашырэньня санкцыяў супраць Беларусі”, — заявіў часова павераны ў справах Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі.

Спадар Мур не сказаў, калі гэта можа адбыцца, аднак дадаў: “Думаю, што гэта будзе хутка, але я не хацеў бы рабіць прагнозы”.

Спадар Мур заявіў: “Выконваючы Венскую канвэнцыю, амэрыканскі бок зробіць усё магчымае, каб выканаць гэтае патрабаваньне беларускіх уладаў. Але мы болей занепакоеныя колькасьцю палітычных зьняволеных, чым колькасьцю дыпляматаў. Пасьля апошніх палітычна матываваных працэсаў над Кімам і Парсюкевічам колькасьць палітвязьняў у Беларусі складае 3 чалавекі. У размове з прадстаўнікамі МЗС Беларусі я адзначыў, што сытуацыя з палітзьняволенымі прывядзе да вельмі нэгатыўных наступстваў”.
Мы болей занепакоеныя колькасьцю палітычных зьняволеных, чым колькасьцю дыпляматаў

Часова павераны ў справах Злучаных Штатаў Амэрыкі нагадаў прадстаўнікам МЗС Беларусі, што амэрыканскі бок пайшоў насустрач “неабгрунтаваным патрабаваньням” скараціць колькасьць дыпляматаў да 15 чалавек.

“А гэтым разам на патрабаваньне скараціць колькасьць дыпляматаў да 5 чалавек Злучаныя Штаты адказалі адмовай. У выніку дыпляматы былі названыя пэрсонамі нон-грата”, — дадаў кіраўнік місіі.

“Асобная праблема, якая турбуе амбасаду, — здароўе Эмануіла Зэльцэра. Амбасада зноў зьвярнулася да беларускіх уладаў, каб тыя яго вызвалілі, зрабілі захады, каб захаваць жыцьцё грамадзяніна ЗША”, — паведаміў Джонатан Мур.

Дыплямат нагадаў, што за 17 гадоў сваёй дзейнасьці амбасада ЗША паспрыяла, каб у Беларусь была накіравана дабрачынная дапамога на 270 мільёнаў даляраў. Выдадзена болей за 90 тысяч візаў, аказана фінансавая падтрымка больш як сотні розных праектаў.



Палітоляг Дзяніс Мельянцоў: “Гэта -- чарговае пагаршэньне дачыненьняў паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Я сачу за гэтай справай, і мне здаецца, што гэта такая дыпляматычная гульня з боку Беларусі.
Гэта такая дыпляматычная гульня з боку Беларусі

З аднаго боку, яна разьлічаная на ўнутраную беларускую аўдыторыю. А з другога -- мае паказаць нядаўна адкрытаму ў Менску прадстаўніцтву дэлегацыі Эўракамісіі, што калі яно будзе занадта актыўнічаць тут, у Менску, дык зь імі зробяць прыкладна тое ж самае.

Беларускі МЗС хацеў выціснуць амэрыканцаў мякка, праз скарачэньне дыпмісіі да шасьці чалавек. Але паколькі амэрыканцы не пагадзіліся, застаецца толькі адна працэдура – абвяшчэньне часткі дыпляматаў пэрсонамі non grata.

У нас з ЗША ня вельмі шчыльныя сувязі – і палітычныя, і эканамічныя. Таму для Беларусі дастаткова бясьпечна ісьці на такое абвастрэньне
Нельга казаць пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў, а вось дыялёг напрошваецца
”.


Сябра Міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч:

“Цяпер трэба аб’ектыўна паглядзець улева, паглядзець управа. І прыйсьці да адной яснай высновы – павінна абазначыцца нейкая форма дыялёгу паміж бакамі. І трэба шукаць прымальны варыянт, бо ёсьць пытаньні ў беларускага боку. Як цалкам відавочна, ёсьць пытаньні і ў амэрыканскага боку.

Таму тут нельга казаць пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў, бо гэтага проста ня будзе. А вось дыялёг напрошваецца”.


Палітоляг Алесь Лагвінец: ““Я лічу, што гэта вельмі
Вельмі непрадуманы крок беларускіх уладаў
непрадуманы крок беларускіх уладаў. Гэтым пагаршаюцца і без таго не самыя добрыя дачыненьні з самай магутнай дзяржавай сьвету. І не ў беларускім нацыянальным інтарэсе сёньня канфліктаваць са Злучанымі Штатамі Амэрыкі.

Відавочна, што гэта зроблена дзеля ўнутраных спажыўцоў, а таксама спажыўцоў за нашай усходняй мяжой, каб паказаць якая ў нас жорсткая палітыка ў дачыненьнях са Злучанымі Штатамі”.



7 сакавіка, пасьля ўвядзеньня санкцыяў супраць канцэрну "Белнафтахім", з Вашынгтону для кансультацыяў адкліканы беларускі амбасадар Міхаіл Хвастоў.

12 сакавіка па настаяньні беларускага боку Менск пакінула амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт.

МЗС Беларусі параіў скараціць колькасьць супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі. 27 сакавіка з краіны зьехала 17 супрацоўнікаў амбасады.

31 сакавіка афіцыйны Менск вырашыў скараціць пэрсанал беларускай амбасады ў Вашынгтоне. Пасьля гэтага МЗС прапанаваў пакінуць у краіне толькі 5 дыпляматаў ЗША плюс амбасадара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG