Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Жыцьцё цяпер ня тое, каб суботнікі праводзіць"


Ці добраахвотна людзі ўдзельнічалі сёлета ў суботніку? На пытаньне “Свабоды” адказвалі жыхары Магілёва.


Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Магілёве за заробленыя на суботніку грошы зьбіраюцца нібыта набыць мэдычнае абсталяваньне.

Юначка: “Не. Таму што гэта прымус быў. Аддачы ніякай”.

Спадар: “Гэта вяртаецца, як і раней было. У добраахвотна-прымусовым парадку. Я вось іду з суботніка”.

Спадарыня: “Не, не добраахвотна, бо я не разумею, навошта гэта трэба. Гэта бясплатная, рабская праца на дзяржаву. Я думаю, што ў нашай дзяржаве ёсьць грошы без суботніка на дзіцячыя мэдычныя ўстановы. Проста іх трэба правільна разьмеркаваць”.

Спадар: “Не. Шчыра кажучы, гэта ўжо адышло ў мінулае. Ня хочацца. Каля свайго дома – так. А так з плякатамі ня хочацца хадзіць. Наагул усе ходзяць на суботнік, бо загад. А асабіста, са сваёй ініцыятывы, я думаю, што няшмат людзей ходзіць”.

Юначка: “Напэўна, так. З ахвотай. Магілёў прыгожы горад, але дзякуючы каму – людзям”.

Карэспандэнт: “А калі б у вас быў бы выбар: ісьці, альбо ня ісьці? Горад жа прыбіраць можна й без суботніка...”

Юначка: “Ну так, можна. Але гэта будзе неяк дзіўна выглядаць(сьмяецца)”.

Спадар: “З-пад палкі. Прымушае кіраўніцтва. Проста гэта нікому не патрэбна. Калі чалавек працуе сам на сябе, каб працаваць, яму суботнік ня трэба. А дарыць грошы некаму, за нешта, чамусьці... Чаму я мушу бясплатна працаваць? Дзеля чаго? Тое, што кажацца, што заробленае пойдзе ў нейкі фонд дзяцей, альбо яшчэ некуды? Дзе гарантыя, што грошы туды пойдуць?”

Юначка: “Добраахвотна. Я вучуся ў ліцэі. Цяпер у нас таксама праходзіць суботнік. Там усе нечым займаюцца, нешта робяць”.

Карэспандэнт: “А калі б у студэнтаў, школьнікаў быў бы выбар. Яны б пайшлі?”

Юначка: “Думаю, што большасьць не. Я, напрыклад, пайшла б”.

Спадарыня: “Неадназначна стаўлюся. Гэта перажытак мінулага. Час цяпер у нас іншы, і жыцьцё цяпер ня тое, каб суботнікі праводзіць”.

Спадарыня: “Напэўна, не. Я ня бачу сэнсу. Я працую ў бальніцы. Мы прыбіраем тэрыторыю. Яе мы прыбіраем кожныя два тыдні. Які сэнс прыбіраць гэтую тэрыторыю сёньня. Ніхто ня ведае, куды гэтыя грошы пойдуць. Мы здавалі грошы. Нідзе не праглядаецца, куды што ідзе”.

Юнак: “Вольны час гэта адбірае як ніяк, але ўсе ідуць. А так у прынцыпе ўпарадкаваць свой горад трэба”.

Карэспандэнт: “А хіба ня можна ўпарадкаваць горад без суботнікаў? Выйсьці й прыбраць”.

Юнак: “Не, ўсё такі трэба арганізоўваць людзей, бо так яны не зьбяруцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG