Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі “сьмяротнікам” страляюць у патыліцу


Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе не адмовіліся ад сьмяротнага пакараньня. Прычыны высьвятляў наш карэспандэнт.

Калі беларускія ўлады тлумачаць, чаму ў краіне дагэтуль ужываецца сьмяротнае пакараньне, то спасылаюцца на рэфэрэндум 1996 году, на якім большасьць выказалася за тое, каб яго захаваць. З часу рэфэрэндуму ў Беларусі пакарана сьмерцю ня меней за 196 чалавек. “Цяжкая злачыннасьць за гэтыя гады ня стала меншай”, — адзначае вядомы праваабаронца Гары Паганяйла. На думку Гары Паганяйлы, які раней працаваў судзьдзём, дагэтуль ня выключаны і судовыя памылкі, як было ў 1970-х гадох у Віцебскай вобласьці ў справе сэрыйнага забойцы.

“Некаторыя судзьдзі рабілі памылкі, выносячы сьмяротныя прысуды, як у справе Міхасевіча. Вядома, тады быў асуджаны на сьмерць і пакараны Цярэня, а потым знайшлі сапраўднага забойцу — Міхасевіча.”

У Беларусі асуджаных на сьмерць забіваюць, страляючы ім у патыліцу з адмысловага расстрэльнага пісталета. Дзе гэта адбываецца — у сутарэньнях турмы на Валадарскага ці ў лесе — ведаюць толькі ўдзельнікі расстрэльнай каманды, імёны якіх трымаюцца ў сакрэце. Да такога спосабу выкананьня прысуду ў праваабаронцаў шмат прэтэнзій.

“Таксама не паведамляюць сваякам, калі гэта было зроблена і дзе пахаваны. І целы пакараных сваякам не выдаюць. Камісія правоў чалавека ў ААН, якая разглядала гэтую практыку, прызнала яе відам катаваньня адносна сваякоў”.

У сьнежні 2007 году старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала заявіў у інтэрвію “Советской Белорусии”, што “судзьдзяў псыхалягічна рыхтуюць да адмены сьмяротнага пакараньня”. Аднак ужо праз два месяцы, сёлета ў лютым, афіцыйныя мэдыі Беларусі паведамілі пра выкананьне сьмяротнага прысуду, які Вярхоўны Суд вынес летась тром кіраўнікам так званай групоўкі Марозава з Гомеля. Чаму Беларусь дагэтуль не адмовілася ад пакараньня, якое паўсюдна ў Эўропе або не ўжываецца, або на яго накладзены мараторый, як у Расеі ці Ўкраіне?

Гары Паганяйла мяркуе, што ў прыхільнасьці да сьмяротнага пакараньня выяўляецца сутнасьць беларускага палітычнага рэжыму, які зрабіў стаўку на жорсткасьць у дачыненьні да ўсіх грамадзян.

Былы міліцыянт Алег Алкаеў мяркуе, што адмена сьмяротнага пакараньня ў Беларусі будзе азначаць гатоўнасьць да зьмены палітычнага рэжыму.

“Як толькі Лукашэнка падпіша такі дэкрэт ці ўвядзе мараторый на сьмяротную кару, гэта будзе азначаць, што ён згодны перадаць уладу. Гэта я дакладна ведаю. Бо трэба сваіх зьберагчы, а зь ягонага атачэньня сама меней чалавек 15 мусяць пайсьці туды, у сутарэньні”.

Алег Алкаеў мяркуе, што апазыцыйныя палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі былі забітыя на загад зьверху, і зроблена гэта было пад выглядам выкананьня сьмяротнага пакараньня. “Уся праўда пра гэтыя забойствы абавязкова стане вядомая грамадзтву”, — лічыць Алег Алкаеў, якому давялося эміграваць у Нямеччыну з-за перасьледу з боку беларускіх уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG