Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі караюць па новым кодэксе


Акцыя пратэсту падчас суду над А.Фінькевічам
Акцыя пратэсту падчас суду над А.Фінькевічам

Пасьля ўнясеньня ў Крымінальны кодэкс Беларусі ў пачатку 2006-га года артыкулу аб адказнасьці за ўдзел ў незарэгістраванай арганізацыі ён стаў самым распаўсюджаным ў дачыненьні да актывістаў маладзёвага руху.

Улетку 2006-га года паводле гэтага артыкулу на розныя тэрміны былі асуджаныя чацьвёра актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якая ставіла за мэту незалежнае назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі. Найбольшы тэрмін – 2 гады пазбаўленьня волі, атрымаў лідэр “Партнэрства” Мікалай Астрэйка. На волю ён выйшаў пасьля году зьняволеньня.

Найчасьцей артыкул аб ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі ўжываўся супраць актывістаў “Маладога фронту”. У канцы 2006-га года паводле гэтага артыкулу на паўтара году зьняволеньня быў асуджаны лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, у 2007-ым грашовым штрафам былі пакараныя актывістка зь Нясьвіжу Наста Азарка, а таксама Яраслаў Грышчэня з Баранавіч. У Салігорску прыцягваўся да адказнасьці Іван Шыла. Грашовымі штрафамі пакарана група актывістаў зь Менску. Тады ж, ў 2007 годзе, паўгода калёніі атрымаў актывіст РНЕ.

Улетку 2006-га года, каб спыніць перасьлед, актывісты “Маладога фронту” праводзілі масавую эстафэтную галадоўку, якая доўжылася 20 дзён.

Некаторыя справы да суду гэтак і не дайшлі.

“Артыкул адмысловага прызначэньня”

А як беларускія палітыкі і праваабаронцы ставяцца да артыкулу 1931 Крымінальнага кодэксу Беларусі, якім была ўведзеная крымінальная адказнасьць за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі?

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак мяркуе, што гэта “чыста палітычны артыкул”, бо ён скіраваны на стрымліваньне найперш палітычнай актыўнасьці грамадзян. Практыку ўжываньня гэтага артыкулу праваабаронца параўнаў з такімі адмысловымі сродкамі прызначэньня для разгону акцый апазыцыі, як міліцэйская палка ці сьлезацечны газ.

Алег Гулак лічыць: “Артыкул 1931 не адпавядае Канстытуцыі Беларусі і міжнародным пагадненьням, падпісаным краінай. У прыватнасьці, Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах”. Абмежаваньні на свабоду асацыяцый, якія ўвёў гэты артыкул, мы лічым неабгрунтаванымі і неадпаведнымі палітычнай сытуацыі і настойваем на ягонай адмене. А людзей, якія былі асуджаныя паводле гэтага артыкулу, трэба рэабілітаваць”.

Дэпутат ніжняй палаты беларускага парлямэнту, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч наўпрост не адказаў на пытаньне, падтрымлівае ён ці асуджае згаданы артыкул Крымінальнага кодэксу.

“Ці пра тое пытаецеся? Магчыма, лепш зазірнуць у вытокі? Хто ўжо шмат гадоў таму заявіў у Беларусі і Эўропе, што мы будзем будаваць грамадзянскую супольнасьць і бяром за гэта на сябе адказнасьць, але нічога ня робіць? Жывуць усе ў віртуальным сьвеце. Магчыма, таму і зьяўляюцца такія дакумэнты, што няма людзей, якія б маглі рэагаваць неяк інакш, чым праз інтэрнэт. Калі будуць, прыкладам, арганізацыю падтрымліваць дзясяткі тысяч, сотні тысяч, тады ўсе пытаньні будуць вырашацца”.

Сяргею Гайдукевічу я задаў пытаньне, ці адпавядае, на ягоную думку, артыкул пра адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах? У якасьці прыкладу была прыведзеная сытуацыя з “Маладым фронтам ” і рухам “За свабоду”, якім Міністэрства юстыцыі неаднаразова адмаўляла ў рэгістрацыі.

Сяргей Гайдукевіч адказаў: “Адкуль я ведаю, якія дакумэнты падалі на рэгістрацыю тыя, каму мін’юст адмовіў? Вось нядаўна мы ўносілі зьмены ў статутныя дакумэнты, дык я цэлы месяц быў гэтым заняты. Трэба дакладна ведаць сытуацыю, а не адказваць агулам. Я бачыў на свае вочы, як у Бэрліне паліцэйскія дубінкамі разагналі мітынг брытагаловых, якія як арганізацыя не былі зарэгістраваныя. Альбо калі ў Парыжы моладзь пачала забурэньні — што зрабілі францускія парлямэнтары і паліцыя? Адэкватныя захады”.

Валянцін Стэфановіч, праваабаронца, лічыць:

“Артыкул 1931 супярэчыць і Канстытуцыі Беларусі і міжнароднаму Пакту аб палітычных і грамадзянскіх правах. Ён проста не сумяшчальны з судовай практыкай сёньняшняй Эўропы.

Гэты артыкул парушае права на свабоду асацыяцыяў — людзей перасьледуюць толькі за тое, што яны належаць да арганізацыяў. Апошні раз гэты артыкул выкарысталі на судзе над Кацярынай Салаўёвай. І хаця прысуд ёй быў даволі мяккі, але нас турбуе сама практыка выкарыстаньня гэтага артыкулу, бо ён прадугледжвае санкцыі да двух гадоў пазбаўленьня волі. І мы ведаем, што па гэтым артыкуле некаторыя людзі сядзелі за кратамі — гэта тычылася, напрыклад, Зьмітра Дашкевіча, сяброў арганізацыі “Партнэрства” ў 2006 годзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG