Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму скасавалі “залатую акцыю”?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.


4 сакавіка прэзыдэнцкім указам была скасавана “залатая акцыя”. Чаму яна была ўведзена і якую ролю выконвала ў эканамічнай палітыцы? Пра што сьведчыць скасаваньне “залатой акцыі”? Як гэта паўплывае на прыток замежных інвэстыцый у беларускую эканоміку?

Удзельнікі: эканамісты Леанід Злотнікаў і Міхась Залескі.

Чаму ўвялі “залатую акцыю”?

Валер Карбалевіч: “Залатая акцыя” была ўведзена ў Беларусі ў 1997 годзе. Яна была неабходнай часткай той сацыяльнай мадэлі, якая стваралася ў краіне шмат гадоў. Чаму яна была ўведзена і якую ролю выконвала ў эканамічнай палітыцы?”

Леанід Злотнікаў: “Калі зыходзіць з сусьветнай практыкі, то “залатая акцыя” ўводзіцца пры правядзеньні прыватызацыі. На прадпрыемстве, якое прыватызуецца, прадстаўнік дзяржавы назірае, каб яго не банкруцілі штучна і інш. Але ў гэтага прадстаўніка няшмат паўнамоцтваў, ён ня можа ўмешвацца ў апэратыўнае кіраваньне прадпрыемствам. Да таго ж “залатая акцыя” там уводзіцца на 2—3 гады, а потым усё касуецца.

Але ў Беларусі ўсё інакш. Увядзеньне “залатой акцыі” азначала, што прадстаўнік дзяржавы мае права на апэратыўнае кіраваньне і на любое ўмяшаньне ў працу прадпрыемства.

Больш за тое, дзяржава ўводзіла “залатую акцыю” і на прыватным прадпрыемстве, якое ніколі не было дзяржаўным. Найбольш скандальны выпадак — гэта выкарыстаньне “залатой акцыі” на мазырскім прадпрыемстве “МНПЗ+”, каб перадзяліць маёмасьць на карысьць дзяржавы.

“Залатая акцыя” ўводзілася на прадпрыемствах, якія знаходзіліся ў дрэнным фінансавым стане, дзе па тры месяцы не выплачвалі заробкі і інш. І гэта пужала замежных інвэстараў”.

Міхась Залескі: “У 80-я гады мінулага стагодзьдзя прэм’ер Вялікай Брытаніі Маргарэт Тэтчэр выкарыстоўвала “залатую акцыю” падчас прыватызацыі як інструмэнт абароны дзяржаўных і грамадзкіх інтарэсаў.

І калі мы параўноўваем беларускую практыку з сусьветным досьведам, то прыходзім да высновы, што галоўнае — ня што рабіць, а як рабіць. У 1997 годзе “залатая акцыя” была ўведзена ўказам № 591. А ў 2004 годзе ўказ № 125 пашырыў сфэру прымяненьня “залатой акцыі”. Прыватызацыя згортвалася, а выкарыстаньне “залатой акцыі” пашыралася. І гэта насьцярожвала інвэстараў”.

Чаму “залатая акцыя” тармазіла прыцягненьне замежных інвэстыцый?

Карбалевіч: “Дзяржаўныя чыноўнікі ўвесь час цьвердзілі, што “залатая акцыя” існуе ва ўсім сьвеце, яна амаль не ўжываецца беларускімі ўладамі, таму нельга казаць, што яна перашкаджае інвэстыцыям. І гэта сапраўды так, яе выкарыстоўвалі вельмі рэдка. Аднак экспэрты і інвэстары лічылі, што гэты інструмэнт у руках уладаў моцна перашкаджае разьвіцьцю бізнэсу, інвэстыцыям у беларускую эканоміку. Ці сапраўды “залатая акцыя” была тормазам прыцягненьня інвэстыцый, асабліва замежных?”

Злотнікаў: “Трэба разглядаць ролю “залатой акцыі” ў комплексе зь іншымі чыньнікамі. Я памятаю 20—30 выпадкаў прымяненьня ўладамі “залатой акцыі”. Ніводзін прадпрымальнік ня быў застрахаваны ад такіх захадаў адносна яго”.

Залескі: “Людзі ж ня паўлаўскія сабачкі. Іх ня трэба шмат біць, каб яны зразумелі небясьпеку. Былі зачэпленыя досыць буйныя інтарэсы.

Возьмем той прыклад з “МНПЗ+”, які быў узгаданы спадаром Злотнікавым. Тады Беларусь прадала частку дзяржаўнага пакету Мазырскага НПЗ расейскай кампаніі “Славнефть”. Кошт пытаньня быў 210 мільёнаў даляраў. Гэтыя грошы былі ўнесеныя расейскай кампаніяй. А потым аднекуль зьяўляецца “МНПЗ+” зь невялікай доляй акцыяў. Там беларуская дзяржава ўводзіць “залатую акцыю” — і мяняе балянс акцыяў на НПЗ на сваю карысьць”.

Пачатак эканамічнай лібэралізацыі?

Карбалевіч: “Можна казаць, што апошнім часам беларускія ўлады ўзялі курс на пэўную эканамічную лібэралізацыю. Уведзены заяўны прынцып рэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня. Зьявіліся льготы для інвэстараў у малых гарадах, свабодных эканамічных зонах і інш. Скасаваньне “залатой акцыі” таксама сьведчыць пра разьвіцьцё новай тэндэнцыі ў эканамічнай палітыцы. Пра што сьведчаць гэтыя захады ўладаў?”

Злотнікаў
: “Яны сьведчаць пра тое, што дзяржаве патрэбныя грошы. Дзяржаўным прадпрыемствам пастаўлена задача прыцягваць не крэдыты, а прамыя інвэстыцыі. Бо калі браць шмат крэдытаў, можна стварыць фінансавую піраміду. А прамыя інвэстыцыі не ідуць, калі ў краіне няма спрыяльных умоў для гэтага. Таму і скасавалі “залатую акцыю”.

Залескі: “Насьпела пільная патрэба паказаць сьвету, што мы не такія страшныя, як некаторым уяўляецца. Адмена “залатой акцыі” — гэта сымбалічны акт. Бо інвэстыцыйная прывабнасьць праз гэтую адмену не ўзрастае імкліва.

Прычына такіх захадаў улады палягае ў пагаршэньні плацёжнага балянсу. Бо маем адмоўнае сальда замежнагандлёвага балянсу. І каб яго перакрыць, патрэбныя замежныя інвэстыцыі. Але, акрамя “залатой акцыі”, існуе яшчэ цэлы комплекс прычынаў, з-за якіх не ідуць інвэстыцыі ў Беларусь”.

Як паўплывае скасаваньне “залатой акцыі” на аб’ём замежных інвэстыцый?

Карбалевіч: “У афіцыйных камэнтарах выказваецца думка, што скасаваньне “залатой акцыі” будзе спрыяць прытоку замежных інвэстыцый у беларускую эканоміку. А незалежныя экспэрты, у прыватнасьці Леанід Заіка, выказваюць скепсіс. Дык як паўплывае адмена “залатой акцыі” на аб’ём замежных інвэстыцый?”

Злотнікаў: “Я таксама выказваю скепсіс. Бо існуе шмат іншых перашкод для замежнага капіталу. Напрыклад, у Беларусі вялікі падатковы прэс. 50% валавога ўнутранага прадукту дзяржава забірае ў свае рукі. А ў Расеі — менш на 10%, у Літве — на трэць менш.

Існуюць і іншыя чыньнікі. Вялікія мыты Так, інвэстар павінен заключыць інвэстыцыйную дамову зь дзяржаўнымі чыноўнікамі. А гэта заўсёды стварае ўмовы для карупцыі, хабару. А інвэстары ў такую краіну ідуць неахвотна. Акрамя таго, у Беларусі за год выходзіць каля 2 тыс. нарматыўных актаў, якія мяняюць правілы гульні.

Каб сюды прыйшло шмат інвэстыцый, павінна быць адкрытая эканоміка. А беларуская эканоміка ня вельмі адкрытая. Таму ня варта спадзявацца толькі на адну, няхай і добрую меру, прынятую ўладамі. Трэба рабіць шмат іншага”.

Залескі: “Цяжка спадзявацца, што за першым крокам зьявяцца наступныя. Напрыклад, ня вырашана пытаньне пра ўласнасьць на зямлю. Вось, напрыклад, быў рэстаран “Макдоналдс” каля вакзалу. Было падпісанае пагадненьне на 99 гадоў. І дзе цяпер гэты рэстаран?

Праблема ў тым, што ўласнасьць у Беларусі не зьяўляецца недатыкальнай і дамовы могуць мяняцца падчас гульні. Пакуль гэтыя пытаньні ня будуць вырашаныя, сур’ёзныя інвэстары сюды ня прыйдуць. Пакуль сюды ідуць экзатычныя рызыканты”.

Злотнікаў: “У 2007 годзе прамыя замежныя інвэстыцыі ў беларускую эканоміку склалі менш за 1% ад агульнага аб’ёму інвэстыцый. А ў сьвеце гэты паказчык складае ў сярэднім 16%”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG