Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасуй, а то не народзіш


Перамога Дзьмітрыя Мядзьведзева на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі амаль перадвызначаная, але дзяржаўны апарат робіць усё магчымае, каб яна была як мага больш упэўненай. Пра тое, як адміністратыўны рэсурс выкарыстоўваецца на карысьць аднаго з кандыдатаў, распавядае наш маскоўскі карэспандэнт.


Нават па самых песымістычных прагнозах сацыёлаягаў, Дзьмітры Мядзьведзеў набярэ у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў ня менш за 69 адсоткаў галасоў. Такая прадказальнасьць перамогі уплывае і на вядзеньне перадвыбарчае кампаніі.

На фэдэральным узроўні яе цяжка назваць актыўнай. Прывяду толькі адзін прыклад – першая агітацыя за кандыдата Мядзьведзева на вулічных рэклямных плякатах зьявілася меньш чым тыдзень таму. Прычым у неафіцыйных размовах прадстаўнікі некаторых рэгіянальных штабоў Мядзьведзева прызналі, што нават на буйныя гарады было выдзелена ўсяго па два-тры вялікія агітацыйныя плякаты.

Аднак, адсутнасьць візуальнае рэклямы кампэнсуе выкарыстаньне адміністратыўнага рэсурсу. Цяжка сказаць, чаго тут больш – выкананьня патрабаваньняў з Масквы ці дэманстрацыі ляяльнасьці з боку вертыкалі з уласнай ініцыятывы. Хутчэй нават другі варыянт.

Расейская губэрнатары, канечне, памятаюць, што пасьля выбараў ў Дзяржаўную Думу сваей пасады пазбавіўся, напрыклад кіраўнік Смаленскай вобласьці Віктар Маслаў, дзе адсотак галасоў у падтрымку “Адзінай Расеі” быў адным з самых нізкіх па ўсёй краіне.

"Кіраўніцтва абаронных прадпрыемстваў Кіраўскага раёну загадала зрабіць 2-е сакавіка працоўным днём"

Выкарыстаньне адміністратыўнага рэсурсу выглядае па-рознаму. Так, днямі я размаўляў з чыноўнікам ураду Саратаўскае вобласьці. Ён, на ўмовах ананімнасьці распавеў, што кожнае міністэрства прызначылі адказным за вынікі выбараў у двух ці трох раёнах вобласьці. Праўда, ён не раскрыў сакрэт, якімі мэтадамі ўрадоўцы зьбіраюцца забясьпечыць добрыя для сябе вынікі.

Газэта “Ведомости” сёньня распавяла пра тое, што кіраўніцтва абаронных прадпрыемстваў Кіраўскага раёну загадала зрабіць 2-е сакавіка працоўным днём, усім рабочым зьявіцца на працы і галасаваць пад наглядам мэнэджмэнту заводаў.

У Ліпецку паступілі больш дэмакратычна, калі так можна сказаць. У дзень выбараў на выхадзе з выбарчых участкаў грамадзяне змогуць бясплатна атрымаць праяздныя квіткі на ўсе віды муніцыпальнага транспарту.
А ў інтэрнэце сёньня цытуецца паведамленьне, якое зьявілася ў прыёмным пакоі аднаго з радзільных дамоў Валгаграду. Цяжарных жанчын папярэджваюць, што тыя зь іх, хто прыедзе без пасьведчаньня, якое дазваляе галасаваць у бальніцы, а не па месцы жыхарства, прыймацца ў роддом ня будуць.

Цяжарных жанчын папярэджваюць, што тыя зь іх, хто прыедзе без пасьведчаньня, якое дазваляе галасаваць у бальніцы, а не па месцы жыхарства, прыймацца ў роддом ня будуць
Прычына такіх дзеяньняў тлумачыцца даволі проста – зрабіць яўку на выбары як мага вышэйшай. Сацыёлягі прадказваюць, што чым вышэйшай будзе гэтая лічба, тым больш адсоткаў галасоў набярэ Дзьмітры Мядзьведзеў. Акрамя таго, прадстаўнікі штабу Мядзьведзева ў неафіцыйных размовах называюць яшчэ адну мэту – каб колькасьць галасоў, якія аддадуць за іх кандыдата перавісыла 50 адсоткаў усіх людзей, якіх ўнесьлі ў сьпісы для галасаваньня. Гэта мусіць надаць перамозе Дзьмітрыя Мядзьведзева яшчэ большую легітымнасьць.

Адзінага, ад чаго варта перасьцерагчыся рэгіянальным уладам – каб не здарылася так, што яўка будзе вышэйшай за 100 адсоткаў. На апошніх парляманцкіх выбарах у Расеі такія факты былі зафіксаваныя адразу ў некалькіх рэгіёнах. А напрыклад у Інгушэціі афіцыйна на выбарчыя участкі прыйшло 98 адсоткаў людзей.

Але потым мясцовая апазыцыя ў межах акцыі пад назовам “Я не галасаваў” сабрала подпісы амаль паловы выбаршчыкаў рэспублікі, якія падцьвердзілі, што ў дзень выбараў заставаліся дома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG