Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стымулююць, каб утрымаць алімпійцаў у Беларусі?


Указам Аляксандра Лукашэнкі ўсталяваныя памеры ганарараў пераможцам і прызэрам летніх Алімпійскіх гульняў у Пэкіне, якія перавышаюць прэміі нават “вялікіх” спартовых дзяржаваў.


Уладальнік залатога мэдаля атрымае 100 тысяч даляраў зь дзяржаўнай казны, і дадаткова 10 тысяч даляраў яму выплаціць спонсар нацыянальнай беларускай зборнай, кітайская фірма “Xtep”. Срэбны прызэр атрымае суму ўдвая меншую. За трэцяе месца вызначаныя 33 тысячы даляраў. Апроч таго, кожны спартовец, які ўздымецца на п’едэстал, атрымае кватэру ў Менску. Ці дастатковы гэта стымул, каб беларусы пасьпяхова выступілі на Алімпіядзе?

Сума прэміяльных беларускім алімпійцам, якія здолеюць узьняцца на п'едэстал гонару ў Пэкіне, падвышаная ўдвая. Дарэчы, такія ж ганарары ў прапорцыі 100, 50 і 30 тысяч даляраў (плюс спонсарскія) прадугледжаныя і падчас зімовай Алімпіяды 2010 г. у канадзкім Ванкувэры. На ранейшых Гульнях — у Турыне-2006 і Афінах-2004 — пераможцам спаборніцтваў выплачвалася 60 тысяч даляраў, за другое месца — 30 тысяч, за трэцяе — 20 тысяч. Першы віцэ-прэзыдэнт НАК Генадзь Аляксеенка таксама паабяцаў, што прызэры атрымаюць кватэру ў Менску ці катэдж у прыгарадзе сталіцы.

Ганарары знаныя, посьпехі — сьціплыя

Стымул для беларусаў адчувальны. Нават суседняя Расея, якая цяпер на эканамічным уздыме, сваім залатым мэдалістам абяцае ўсяго 50 тысяч даляраў. На парадак меншыя выплаты закладзеныя ў бюджэце “вялікіх” спартовых дзяржаваў – ЗША, Кітаю, Нямеччыны. Але шмат хто са спэцыялістаў лічаць, што шырокі жэст беларускага кіраўніцтва тлумачыцца досыць проста: прэтэндэнтаў на высокія месцы з кожным годам менее. На папярэдняй Алімпіядзе ў Афінах здабыта 15 узнагародаў рознай вартасьці пры заплянаваных 25. На зімовых спаборніцтвах на п’едэстал трапляюць 1—2 спартоўцы. Вялікіх прызавых выдаткаў пры значным мэдалёвым плянаваньні не чакаюць і сёлета. Як кажа спартовы тэлекамэнтатар Аляксандар Пуціла, да апошняга існавала небясьпека страты галоўных мэдалёвых спадзяваньняў – вясьляркі Кацярыны Карстэн і Натальлі Цылінскай. Падставай – праблемы з выкананьнем фінансавых і арганізацыйных абавязацельстваў дзяржавы:

“Карстэн запрашалі выступаць за Нямеччыну, хоць яна ўрэшце і засталася ў Беларусі. У розных інтэрвію з гэтай нагоды яна тлумачыла, што шмат працавала ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, таму мае права выбіраць сабе каманду (у сьвеце дагэтуль зьдзіўляюцца: як дзяўчына, якая вырасла на Менскім моры, здолела выйграць Алімпіяду і чэмпіянаты сьвету?). Тое ж было і з Натальляй Цылінскай. Калі ўзьніклі арганізацыйныя пытаньні, яна сабралася зьяжджаць з краіны, выступаць за Расею. А Карстэн, паўтаруся, магла ўжо выступаць за Нямеччыну, дзе і жыве, але ўсё ж засталася беларускай. У нас заўсёды так бывае: калі спахопяцца кіраўнікі Міністэрства спорту, Алімпійскага камітэту, тады абяцаюць усё, толькі заставайся выступаць за Беларусь”.

Капрызы спартоўцаў ці крызіс жанру?

Зрэшты, некаторых алімпійцаў утрымаць так і не ўдалося. Гаворыць Вольга Міхайлаўна, маці бронзавай прызэркі гульняў у Сыднэі па стральбе зь пісталета, цяпер аўстралійскай грамадзянкі Лаліты Яўглеўскай:

“Апошні раз у Сыднэі яна выступіла за беларускую каманду. Бо да рэальных справаў тут як пачынае даходзіць – няма з каго спытаць. З тымі ж грашыма праблема пастаянная. Можа, яно так і трэба, каб было – бедная краіна, што тут зробіш? Але ж гэта не пачатковец, каб так ставіцца, праўда? А ў нас усё неяк ня так: падзея прайшла, пару словаў прэса кінула – і ўсё. Вельмі мала пішацца, афішуецца. Там наадварот: настолькі краіна перажывае за сваіх, увесь народ! Яна там вагу мае, заваявала яе, зь ёй там лічацца. Далі грамадзянства – ёй і мужу, ён яе трэнэр і былы збройнік беларускай каманды. Там такія добрыя ўмовы былі зробленыя, дык што яшчэ заставалася? Тым больш, калі яна ў Сыднэі стала бронзавай прызэркай, зусім рэдка сталі яе сюды выклікаць. Два разы толькі прыяжджала на зборы, па Эўропе езьдзілі. Тады якраз у Францыі быў чэмпіянат сьвету, яна там заваявала Кубак...”

Трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні Ўладзімер Парфяновіч таксама лічыць, што грашовы стымул пакуль застаецца слабейшым за чалавечы фактар. Нягледзячы на дэкляраваны клопат пра спорт і спартоўцаў, “мэдалёвае” колісь веславаньне знаходзіцца ў глыбокім крызысе:

“Якая праблема ў гэтым відзе? “Васьмёрку” мужчынскую сабраць ня можам! Я калі яшчэ быў кіраўніком фэдэрацыі веславаньня, першае, што акрэсьліў — зрабіць поўны фінал у “чацьвёрках”, каб быў паўфінал. Мы дакаціліся да таго, што не маглі сабраць “чацьвёрку”, 3—4 “чацьвёркі” выступалі на першынстве краіны. І ў акадэмічным веславаньні мужчынскую “васьмёрку” ня зможам сабраць. Няма людзей! Паглядзіце, дзе спартоўцы трэніруюцца, дзе моладзь трэніруецца ў акадэмічным веславаньні? Аргумэнт чыноўнікаў – вось, маўляў, у нас ёсьць Каця і ёсьць дуэт Бічэк-Гелах. А астатнія дзе? А самая вялікая бяда, якая адбудзецца на Алімпіядзе, ня дай Божа, гэта калі нашых атлетаў зловяць ці на допінгу, ці на карупцыі — у суб’ектыўных відах спорту. Вось гэта будзе бяда”.

Ня радуе пакуль посьпехамі і сэнсацыя Афінаў, алімпійская чэмпіёнка на 100-мэтровай дыстанцыі Юлія Несьцярэнка. Пасьля перамогі ў Грэцыі яна толькі аднойчы брала ўдзел у міжнародных стартах, а сёлета на бегавой дарожцы зьявілася двойчы – на першынстве Берасьця і на спаборніцтвах камандаў ВНУ ў Магілёве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG