Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК адхіліла скаргі Бабарыкі, здымаць з выбараў Лукашэнку адмовілася


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі сабралася 4 чэрвеня на паседжаньне для разгляду «некаторых зваротаў», якія паступілі ў ЦВК. Гайдукевічу дазволілі зьняцца з выбараў, на ўсе скаргі Бабарыкі адказалі адмовай.

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

На паседжаньні прысутнічалі 11 з 12 чальцоў ЦВК.

Першай разглядалі заяву ад Алега Гайдукевіча, які зьняўся з выбараў. Спыненьня працы ініцыятыўнай групы няма як працэдуры, адзначыла старшыня камісіі Лідзія Ярмошына, але заяву «прынялі да ведама».

Ніводнай скаргі на прымусовы збор подпісаў не прынялі

Далей разглядалі заяву Віктара Бабарыкі (яго не было, быў ягоны прадстаўнік Эдуард Бабарыка, сын Віктара і кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы), які заклікаў адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам Аляксандру Лукашэнку або вынесьці ягонай групе папярэджаньне.

За тое, каб прызнаць скаргі Бабарыкі неабгрунтаванымі, чальцы камісіі прагаласавалі аднагалосна. Закон не прадугледжвае абскарджаньня пастановы.

У Эдуарда Бабарыкі папыталі, ці ініцыятыўная група правярала паведамленьні выданьняў, на якія спасылаецца, і як ставіцца да ананімных паведамленьняў. У ЦВК адзначылі, што паведамленьні аб парушэньнях з большасьці рэсурсаў не адносяцца да паведамленьняў СМІ — са згаданых зарэгістраваны як СМІ толькі партал Tut.by.

Ярмошына адзначыла, што юрысты ЦВК цяпер працуюць амаль толькі на групу Бабарыкі. Заявы Бабарыкі Ярмошына яшчэ да прыняцьця рашэньня ЦВК назвала «ўкідамі».

Сакратарка ЦВК Алена Дмухайла заявіла, што праверылі скаргі Бабарыкі, але «правяралі неправяральнае» — найперш адзначылі, што ў большасьці выпадкаў прозьвішчаў тых, хто заяўляў пра парушэньні, ня выявілі.

Аб цэнтралізаваным зборы подпісаў у БДУ Дмухайла адзначыла, што невядома, «хто каму што сказаў». Ніводзін з пунктаў не пацьвердзіўся, сьцьвярджае яна.

Так, «па выніках праверкі» высьветлілася, што ў БДУ нібыта зьбіралі подпісы за Лукашэнку па месцы працы зьбіральнікаў подпісаў у непрацоўны час. Пра пагрозы супрацоўнікам школы за адмову зьбіраць подпісы за Лукашэнку Дмухайла адзначыла, што незразумела, хто пагражаў. Наконт сацыяльнага пэдагога школы, якая зьбірала подпісы з сацыяльна небясьпечных сем’яў, у ЦВК адзначылі, што «невядома, каму верыць», і пацьверджаньня парушэньняў ня выявілі. Пра мазырскую школу адзначылі, што на прэміі за зьбіраньне подпісаў не маглі б знайсьці грошай. Пра шклозавод «Нёман» атрымалі пісьмовыя тлумачэньні ад кіраўніцтва — гэтыя тлумачэньні ў ЦВК прынялі, далейшай праверкі не праводзілі.

Падобныя тлумачэньні Дмухайла дала і да іншых скаргаў: праверкі паказалі, што ўсё было законна і прымусу не было, або што немагчыма высьветліць, аб кім ідзе гаворка, або задаволіліся тлумачэньнямі адміністрацыяў установаў. Выкладчыкі ВНУ не адносяцца да адміністрацыі ВНУ, дадала Дмухайла, таму і пра ціск з боку адміністрацыі казаць нельга.

Датэрміновай агітацыі ў словах Лукашэнкі не было, мяркуе ЦВК

Што тычыцца скаргаў на словы Лукашэнкі, якія можна было расцаніць як заўчасную агітацыю, Дмухайла заявіла, што заканадаўства рэгулюе агітацыю кандыдатаў, але кандыдаты ў прэзыдэнты яшчэ не зарэгістраваныя. Дыскрымінацыйнасьць выказваньня пра «Канстытуцыю не для жанчын» не разглядалі асобна. Адносна гэтых выказваньняў ЦВК давала на сайце тлумачэньні днём раней.

Словы Лукашэнкі пра Бабарыку, якія патэнцыйны кандыдат расцаніў як паклёп, не разглядалі дэталёва — Дмухайла проста сказала, што гэта «надумана».

Паклёп і абразы непрымальныя, незалежна ад статусу кандыдата, дадала Дмухайла, але «ёсьць пэўнае ўспрыманьне» словаў, а «агітацыя супраць заўсёды прадугледжвае пэўны нэгатыў», таму ўспыманьне словаў Лукашэнкі суб’ектыўнае.

«Прававых і фактычных» падставаў задаволіць скаргі Бабарыкі на ўсё гэта ў ЦВК не пабачылі.

Адносна выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу групай Лукашэнкі Дмухайла адзначыла, што не зразумела, дзе пабачылі парушэньне. На патрабаваньне даць роўныя ўмовы для збору подпісаў у арганізацыях Дмухайла параіла Бабарыку «зьвяртацца ў арганізацыі», у якіх хочуць зьбіраць подпісы, бо гэта не ў кампэтэнцыі ЦВК.

Што адказаў Бабарыку кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі

На паседжаньні даў тлумачэньні кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Міхаіл Орда — спаслаўся на тое, што зьбіраць подпісы ў працоўны час не забаронена. Кіраўнікі прафсаюзаў, дадаў ён, не адносяцца да кіраўніцтва прадпрыемстваў. У заяваў пра парушэньні, казаў ён, няма вызначаных асобаў — паведамленьні ананімныя. Ён таксама заявіў, што здымкі парушэньняў бяз згоды тых, каго здымаюць, незаконныя, а скрыншоты паведамленьняў можна падрабіць.

Заявы пра парушэньні ён назваў «фэйкамі» і прапанаваў увесьці за іх адказнасьць распаўсюднікаў паведамленьняў. Ярмошына сказала, што гэта «ня вельмі магчыма».

Старшыня ЦВК дадала, што нібыта ёй вядомыя факты, калі патрабавалі выкуп у дзясяткі тысяч даляраў, іначай разьмесьцяць «фэйкі» пра Лукашэнку. Доказаў заявы яна не прад'яўляла.

Групам апанэнтаў Лукашэнкі Орда параіў не пісаць скаргаў і не правакаваць «збору скажонай інфармацыі», а зьбіраць подпісы — прыгразіў, што іначай гэта будуць разглядаць як «­маніпуляцыяй грамадзкай думкай».

Ярмошына зьвярнулася ў Сьледчы камітэт, пабачыла пагрозы сабе

Ярмошына заявіла, што ўсе скаргі Бабарыкі — «сплянаваная кампанія дыскрэдытацыі кіраўніка дзяржавы», і стала разважаць пра «прывабнасьць заганы» для апанэнтаў улады. «Палітыкі і змагары», сказала яна, «уводзяць у зман» грамадзянаў. Цяперашнія выбары яна назвала «самымі цяжкімі яшчэ на пачатковым этапе».

На пікеце Ціханоўскай Ярмошына пачула пагрозу сабе — слова «прыхлопнуць» і эпітэт адносна яе. Гэта можна ўспрыняць як пагрозу забойства, дадала яна. Таксама яна пабачыла пагрозу ў тым, што каля ейнага дома зьбіраліся зладзіць пікет для збору подпісаў за Ціханоўскую і закліку «зайсьці ў госьці» да яе. Ярмошына падрыхтавала зварот у Сьледчы камітэт з просьбай праверыць, ці не ўкладваюцца гэтыя дзеяньні ў «перашкоду ажыцьцяўленьню выбарчых правоў» (арт. 191 КК).

На што скардзіўся Бабарыка і іншыя

Раней патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка падаў у ЦВК заяву аб парушэньні заканадаўства на выбарах. Ён адзначаў факты прымусу людзей да подпісу за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі, пагрозы пры зборы подпісаў, удзел адміністрацыяў установаў у зборы подпісаў за падначаленых, агітацыйныя заявы Лукашэнкі, паклёп Лукашэнкі на кандыдатаў і дыскрымінацыйныя выказваньні адносна жанчын.

Адносна выказваньня Лукашэнкі пра «Канстытуцыю не пад жанчыну» у ЦВК прыйшло больш за дзесяць скаргаў. ЦВК вырашыла не дасылаць адказы заяўнікам, а на сайце апублікавала тлумачэньне аб правілах агітацыйнай дзейнасьці, не зьвязаных з дыскрымінацыйнымі выказваньнямі.

Скаргі ў ЦВК таксама падавалі патэнцыйная кандыдатка Сьвятлана Ціханоўская і Аб’яднаная грамадзянская партыя (старшыня якой Мікалай Казлоў таксама зьбірае подпісы за вылучэньне кандыдатам) — у сувязі з затрыманьнем блогера Сяргея Ціханоўскага, аўтара каналу «Страна для жизни», мужа патэнцыйнай кандыдаткі і кіраўніка ейнай ініцыятыўнай групы.

Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным. ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабуюць вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў, пагражаюць новымі санкцыямі. У падтрымку Ціханоўскага выказаліся таксама патэнцыйныя кандыдаты Віктар Бабарыка, Валер Цапкала, Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Андрэй Дзьмітрыеў, Уладзімер Няпомняшчых.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG