Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не магу быць прастытуткай», — Алег Гайдукевіч зьняўся з выбараў, заклікаў падтрымаць Лукашэнку

абноўлена

Алег Гайдукевіч, архіўнае фота
Алег Гайдукевіч, архіўнае фота

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч заявіў 26 траўня, што вырашыў зьняцца з прэзыдэнцкіх выбараў.

Пра гэта Алег Гайдукевіч заявіў на прэс-канфэрэнцыі 26 траўня, піша Tut.by. Гайдукевіч дадаў, што за яго сабралі 30 тысяч подпісаў, якія разам са сваёй праграмай ён перадасьць у штаб Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яго, ён разумее, што на гэтых выбарах не пераможа, а «проста піярыцца» ня будзе.

Ён таксама сказаў, што не ўзгадняў ні з кім рашэньне аб зьняцьці з выбараў, што адмаўляе «ўсе ролі, якія яму прыпісвалі», лічыць сябе «самым сур’ёзным палітыкам» у Беларусі, а сваю партыю — «найбуйнейшай у краіне».

«Я лічу, што нельга дапусьціць злому краіны, — сказаў Гайдукевіч. — Я заклікаю ўсіх пайсьці на выбары і прагаласаваць за дзейнага прэзыдэнта.

Гэта не 2010 год, калі ЛДП зьнялася з выбараў, назваўшы іх цыркам. Я не магу быць прастытуткай, я буду адстойваць свае перакананьні. Я лічу, што мы павінны адстаяць сваю краіну і пасьля выбараў пачаць рэформы.

Усе кандыдаты, якія засталіся, акрамя дзейнага прэзыдэнта, яны ўсе выступаюць за злом краіны. Нам не патрэбны Парашэнка, нам не патрэбны былы чыноўнік, нам не патрэбныя тыя, хто бегае па вуліцах і прапануе адабраць і падзяліць. Мы не падтрымліваем рэвалюцыю, рэвалюцыя — заўсёды кроў. Дзейны прэзыдэнт — адзіны гарант адзінства краіны».

Ягоная ініцыятыўная група — адна з 15 зарэгістраваных, у ёй 4034 чалавекі — яна трэцяя па масавасьці пасьля групаў Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Бабарыкі.

Гайдукевіч падкрэсьліў, што не сыходзіць з выбараў, застаецца на іх, але «будзе выконваць іншую ролю». На пытаньне, ці будзе гэта ролю даверанай асобы Лукашэнкі, Гайдукевіч заявіў, што пакуль ня можа пра гэта казаць.

Ягоны бацька чатыры разы ўдзельнічаў у выбарах

Сяргей Гайдукевіч — былы старшыня ЛДПБ і бацька Алега Гайдукевіча — чатыры разы ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах. Незалежныя СМІ называлі яго «пастаянным спарынг-партнэрам» Лукашэнкі, сам ён віншаваў Лукашэнку зь перамогай. У 2010 годзе ён зьняў сваю кандыдатуру яшчэ да рэгістрацыі кандыдатаў, заявіўшы, што пасьпяхова сабраў 100 тысяч подпісаў. Паводле афіцыйных лічбаў ЦВК, на выбарах 2001 году ён атрымаў 2,48% галасоў, 2006-га — 3,5% 2015-га — 3,32%.

Шрайбман: калі бюлетэнь дакладна запоўніцца, спарынг-партнэр не патрэбны

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман выказаў у сваім Telegram-канале такую думку: кандыдаты кшталту Гайдукевіча «ў нашай сыстэме» маюць толькі адну функцыю: запоўніць сваім імем бюлетэнь на выпадак, калі апазыцыя здымецца. А «калі бюлетэнь дакладна запоўніцца, спарынг-партнэр ужо ня так і патрэбны», і «наверсе» вырашылі «кансалідаваць сваю базу праціўнікаў пераменаў вакол галоўнага кансэрватара сёньняшняй Беларусі».

«А калі яшчэ і рэйтынгі на дне, харызматычны папуліст, які працуе на тым жа электаральным полі, што і Лукашэнка, можа проста не пакінуць прэзыдэнту прыхільнікаў», — разважае Шрайбман.

ЦВК: Ніводзін кандыдат ня можа перадаць свае подпісы іншаму

Ці сапраўды Алег Гайдукевіч можа перадаць свае 30 тысяч подпісаў на карысьць Аляксандра Лукашэнкі, Свабодзе патлумачылі ў ЦВК.

«Ніводзін кандыдат ня можа перадаць свае подпісы іншаму. Гэта па меншай меры несур’ёзна.

Па-першае, на самім падпісным лісьце ёсьць так званая „шапка“ — за каго зьбіраюцца подпісы. І чалавек падпісваецца за канкрэтную асобу. Па-другое, на тым жа падпісным лісьце ёсьць інфармацыя пра сябра ініцыятыўнай групы, які зьбірае подпісы.

Тэарэтычна можа быць, што адзін чалавек уваходзіць у ініцыятыўныя групы двух прэтэндэнтаў — меркавана, ён зьбіраў і за Гайдукевіча, і за дзейнага прэзыдэнта. Але гэта розныя падпісныя лісты. Перадаць свае подпісы іншаму прэтэндэнту ніхто ня можа — гэта незаконна», — сказала Свабодзе юрыстка Цэнтравыбаркаму.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG