Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ЦВК паклапацілася пра бясьпеку толькі чыноўнікаў»,— назіральнікі ад апазыцыі пра выбары падчас пандэміі


Прыхільнікі блогера Сяргея Ціханоўскага
Прыхільнікі блогера Сяргея Ціханоўскага

Кампанія назіраньня «Права выбару 2020» абнародавала прамежкавую справаздачу пра пачатак сёлетняй прэзыдэнцкай гонкі.

У ёй зьвяртаецца ўвага на асноўныя складанасьці на першых этапах — ад перасьледу патэнцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты, рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісій ды ўмоваў правядзеньня кампаніі падчас пандэміі каранавірусу.

«Дастаткова эфэктыўна ЦВК паклапацілася пра бясьпеку толькі чыноўнікаў, дазволіўшы ім мінімізаваць кантакты з грамадзянамі, паказаўшы на магчымасьць правядзеньня сумесных пасяджэньняў саветаў дэпутатаў і выканкамаў без назіральнікаў, што парушае Выбарчы кодэкс. Для ўсіх астатніх удзельнікаў выбарчага працэсу нічога не гаворыцца», — адзначаецца ў дакумэнце.

Акрамя таго, старт выбарчай кампаніі суправаджаўся рэпрэсіямі і наступам на свабоду слова, канстатуецца ў справаздачы.

«Выбарчай кампаніі папярэднічалі рэпрэсіі ў дачыненні да YouTube-блогераў і іх падпісчыкаў, журналістаў, праваабаронцаў. Былі затрыманыя берасьцейскія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, слуцкі блогер Уладзімер Няронскі, аўтар каналу MozgON Уладзімер Цыгановіч, а на гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага міліцыя „палявала“ два дні яшчэ за леташнія акцыі. Ягонае затрыманьне ў Магілёве 6 траўня выклікала хвалю пратэстаў па ўсёй Беларусі».

Больш падрабязна з высновамі, прысьвечанымі пачатку выбарнай кампаніі, можна пазнаёміцца ТУТ.

Хто фармуе кампанію «Права выбару 2020»

У кампаніі бяруць удзел АГП, БХД, БНФ, БСДП (Грамада), партыя «Зялёныя», рух «За свабоду», незалежны прафсаюз РЭП і арганізацыйны камітэт Партыі свабоды і прагрэсу.​ Каардынатарамі кампаніі на 2020 год сталі Леў Марголін (Аб’яднаная грамадзянская партыя) і Віталь Рымашэўскі (Беларуская хрысьціянская дэмакратыя).

Дэвіз кампаніі: «Барацьба за сумленныя, адкрытыя і бясьпечныя выбары».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG