На берасьцейскай плошчы Леніна 1 сьнежня сабраліся ня менш за 110 праціўнікаў запуску акумулятарнага заводу, піша БелаПАН са спасылкай на праваабаронцу Рамана Кісьляка.
Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі суды, што адбудуцца ў сьнежні над двума праціўнікамі акумулятарнага заводу. Справу Андрэя Сьліжа будуць разглядаць у судзе Ленінскага раёну 10 сьнежня, Аляксандра Марачэўскага — у гэтым жа судзе 12 сьнежня.
27 лістапада ў Ленінскім РАУС Берасьця ў дачыненьні да Сьліжа і Марачэўскага склалі пратаколы на падставе ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу году). 25 кастрычніка яны ўзялі ўдзел у перадвыбарным агітацыйным пікеце кандыдата ў дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах актывісткі «Эўрапейскай Беларусі» Паліны Шaрэнды-Панасюк на вуліцы Савецкай. Актывісты раздавалі на гэтым пікеце інфармацыйныя матэрыялы з лягатыпам «Стоп завод» аб шкодным узьдзеяньні сьвінцу на арганізм чалавека, бо ў перадвыбарнай праграме Шaрэнды-Панасюк было патрабаваньне закрыць акумулятарны завод.
Марачэўскі сёньня на сустрэчы назваў дзеяньні ўладаў «вакханаліяй». У сваю чаргу актывіст Анатоль Ярмоленка назваў адміністрацыйны перасьлед Сьліжа і Марачеўскага «бязладзьдзем». «Відаць, нас хочуць запалохаць, але гэта ўладам ня ўдасца», — адзначыў ён.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.