Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржук Вітушка, неваяўнічы змагар


Сяржук Вітушка. Купальле. Другая палова 1980-х

Сяржук Вітушка. Купальле. Другая палова 1980-х

10 красавіка споўніцца 50 гадоў ад народзінаў Сержука Вітушкі. Калі я падбіраю яму дэфініцыі, мне здаецца, складаю жывыя расьліны ў гербарый.

Ягонай постаці больш пасуюць нестандартныя: Купаліш – князь, які вядзе рэй на Купальлі, казачнік Бай «у чырвоным каптане», Ярыла – сонечны вершнік.

Стандартныя выглядаюць так: гісторык, пэдагог, літаратар, тэатральны і грамадзкі дзяяч, лідэр знакамітай менскай «Талакі»... Але ў кожным спалучэньні пералік будзе няпоўны.

Шэраг гістарычных постацяў, побач зь якімі я ўяўляю сабе Сержука Вітушку, пачынаецца імем Францішка Скарыны. Герой, які выявіўся ў мірнай, ніякім бокам не мілітарнай справе. Пазытыўны, няўрымсьлівы, авантурны, здольны ставіць і вырашаць нерэальныя, на першы погляд, задачы, прадуктыўны, усімі любімы…

Звычайна людзьмі Адраджэньня ці Эпохі Адраджэньня называюць унівэрсальных умельцаў, якія ў розных галінах дзейнасьці вызваляюць жывы чалавечы дух і натуру, уздымаюць чалавека па-над догмай і інстытуцыяй. У найноўшай беларускай гісторыі, якую мы таксама называем Адраджэньнем, такім чалавекам і быў Сяржук Вітушка (1965–2012).

У тую менскую «Талаку» сотні маладых людзей прыходзілі часьцяком «на яго». Многія захапляліся, як ён водзіць купальскі карагод і як праводзіць сход на Пляцы Волі за ўратаваньне старога Менску ці антыкамуністычны мітынг у Курапатах. Афіцыйная прэса называла яго «пеной на волне перестройки», а ён адраджаў старажытную батлейку і пісаў вясёлыя вершы пра каханьне, змаганьне і верашчаку. Пільныя чэкісты адсочвалі яго ў Менску, а ён апынаўся ў Вільні, дзе аднавіў дзейнасьць славутага беларускага музэя і адразу стаў любімым настаўнікам для дзяцей беларускай школы. Безьліч ідэяў, прыдумак і мараў Чалавека Адраджэньня – усё гэта адразу захоплівала ягоную аўдыторыю добрай энэргіяй і прыцягвала да яго вялікае мноства людзей.

Ужо цалкам сьляпы Сяржук працягваў працаваць на кампутары, «пад яго» стваралі адмысловыя праграмы, ён вадзіў па Вільні знакамітыя «сьляпыя экскурсіі» – для відушчых і невідушчых, ініцыяваў перавод беларускіх тэкстаў на шрыфт Брайля...

Вітушка для Беларусі – глябальная постаць, якой выпала жыць і дзейнічаць у «безасабовыя» для краіны і нацыі часы. Тым ня менш, справы яго дзейсьняцца, ідэі жывуць, як і ягоная навука, якой ён дзяліўся з маладымі гісторыкамі, што ўвесь час наведвалі яго і ў Вільні і ў Менску. Па ягоных кніжках беларускія дзеці будуць чытаць ягоныя аўтарскія казкі, а таксама развучваць п’есы-батлейкі.

Сёньня ў сеціве можна знайсьці шмат матэрыялаў пра Сержука Вітушку. Ёсьць ягоныя ўспаміны, ёсьць дакумэнтальны фільм пра яго самога.

На гэтым тыдні мы раскажам толькі пра адну сфэру дзейнасьці Чалавека Адраджэньня – пра менскую «Талаку», якой сёлета ўвосені споўніцца 30 гадоў. І зробім гэта з дапамогай саміх талакоўцаў.

Мы запрашаем усіх талакоўцаў, да каго не ўдалося датэлефанавацца ці дапісацца, а таксама ўсіх, хто ведаў Сержука, узяць удзел у гэтым невялікім маратоне, які мы прысьвячаем памяці найбольш яскравага Чалавека Адраджэньня нашага часу.

У пятніцу яму было б толькі 50.

Алеся Сёмуха: Ён літаральна зьзяў гэтым непамысным натхненьнем

Алесь Суша: Сяржук сказаў мне тады – ня трэба было разыходзіцца, яшчэ нічога ня вырашана

Ларыса Вітушка: Сяржук заўсёды ведаў, як і што трэба рабіць

Алесь Гуркоў: Сяржук быў тварам усяго беларускага маладзёвага руху

Сяргей Абламейка: Я ня бачу іншай кандыдатуры на тую ролю, на якую гісторыя абрала яго

Алена Ткачова: Прычынай таго, што ў Талацэ так шмат народу, быў Сяржук

Ірына Дубянецкая: Сяржук ішоў з самым цяжкім заплечнікам наперадзе грамады і яшчэ пры гэтым сьпяваў

Ільля Арыстаў: Талака – тусоўка, у якой заахвочвалі размаўляць па-беларуску, ведаць беларускае, любіць беларускае

Алена Радкевіч: Сяржук быў нібыта ціхі, але яго хацелася слухаць

Юрась Лаўрык: На раскопкі Вітушка зьявіўся зь вялікім натоўпам талакоўцаў

Ганна Барвенава: За Сержука мы б галовы паклалі

Алесь Бяляцкі: Кожны з «магутнай купкi» мог быць старшынём Талакi, але пагадзiлiся на Сержука

Караліна Мацкевіч: Ён укладаў сябе ў людзей, гадаваў дух

Сяргей Харэўскі: Я ахвотна прызнаваў ягоныя вяршэнства і аўтарытэт

Натальля Матыліцкая: Час, які мы правялі ў Талацэ разам зь ім, самы шчасьлівы і ўзьнёслы ў жыцьці

Гэнік Лойка: Але глянеш на яго і бачыш анёла

Сяржук Вітушка – узор беларускага інтэлігента

XS
SM
MD
LG