Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Абламейка: Я ня бачу іншай кандыдатуры на тую ролю, на якую гісторыя абрала яго


Сяржук Вітушка выступае на мітынгу ў Менску. Талакоўскія часы

Сяржук Вітушка выступае на мітынгу ў Менску. Талакоўскія часы

Пра Сержука Вітушку і клюб Талака піша былы талаковец, цяпер журналіст Сяргей Абламейка.

Сяргей Абламейка

Сяргей Абламейка

У верасьні 1985 году на гістфаку БДУ я пачуў ад бялявага хлопца беларускую мову і адразу пайшоў да яго знаёміцца. Тым хлопцам быў Сяржук Вітушка. Ад яго я даведаўся пра новаствораны клюб Талака, куды спачатку стаў хадзіць мой малодшы брат Андрусь, а пасьля і я.

З самага пачатку знаёмства ў нас зь Сержуком узьнікла ўзаемная сымпатыя і прыцягненьне, што і абумовіла нашае далейшае сяброўства, якое расьцягнулася на гады. Мне ўжо даводзілася пісаць пра Сержука Вітушку, таму тут паўтарацца ня буду. Сярод галоўных яго якасьцяў у тым тэксьце я назваў працавітасьць, сумленнасьць, адданасьць Беларусі, неверагодную дабрыню і неверагодную мужнасьць. Я лічу яго выбітнай постацьцю апошняга Адраджэньня і спадзяюся, што некалі ў Менску зьявяцца і вуліца ягонага імя, і шыльда, і помнік.

Кім былі талакоўцы і якую ролю адыграла Талака ў найноўшай гісторыі Беларусі? Мне давялося некалькі разоў у сваім жыцьці чуць і бачыць спрэчку пра гэта. Вось мой кароткі адказ.

Клюб Талака стварылі два работнікі менскага заводу «Інтэграл» Сяржук Вітушка і Ўладзімер Бараніч ў 1985 годзе. Уладзімер Бараніч, ня згодны зь некаторымі арганізацыйнымі падыходамі новых членаў, вельмі хутка ад клюбу адышоў, а Сяржук Вітушка застаўся. Кіраўніцтва ў клюбе было калегіяльнае, рашэньні прымаліся большасьцю галасоў, а Сяржук быў нязьменным адміністратарам-арганізатарам, які ўсе гады цягнуў на сабе цяжкі воз арганізацыйнай працы і адказнасьці. Членства ў Талацэ было фіксаванае і падзялялася на два тыпы. Былі правадзейныя сябры — гэта значыць тыя, хто адпрацаваў патрэбную колькасьць талокаў і меў права голасу, і былі кандыдаты ў члены, якія рэгулярна бралі ўдзел у пасяджэньнях клюбу, але патрэбнай колькасьці талокаў не адпрацавалі, і мелі права толькі дарадчага голасу. За час існаваньня Талакі ў яе пасяджэньнях і мерапрыемствах бралі ўдзел сотні маладых людзей, але правадзейнымі сябрамі засталіся, калі не памыляюся, толькі 42 чалавекі.

Практычна ўсе талакоўцы былі да прыходу ў клюб расейскамоўнымі гарадзкімі маладзёнамі. Выключэньне складалі некалькі былых майстроўцаў, і пара-тройка студэнтаў менскіх ВНУ, народжаных у вёсцы. Некаторыя, у тым ліку і я, да прыходу ў клюб ужо былі беларускамоўнымі. Але, па вялікім рахунку, талакоўцаў я б назваў савецкімі расейскамоўнымі маладымі беларусамі, якія раптам адкрылі для сябе кантынэнт сапраўднай беларускай Беларусі, яе гісторыі і культуры. Гэта быў рэальна шок для тагачаснага гарадзкога маладзёна, які ператварыўся ў «сапраўднае каханьне» на ўсё жыцьцё. І сёньня, сустракаючыся з былымі талакоўцамі, я адчуваю агульнасьць нашых падыходаў да ўсіх складных грамадзкіх і нацыянальных пытаньняў цяперашняга часу, у тым ліку і да інтэрнэт-дыскусіяў і таго, што называецца бульба-срачамі. У пэўнай ступені, талакоўцы застаюцца ордэнам беларушчыны, кожны на сваім месцы робячы беларускую справу і ня здраджваючы ёй. І гэта, дарэчы, асабліва важна цяпер, калі ўнутры беларушчыны і беларускамоўнай супольнасьці зьявіліся тыя, хто прапануе скарэктаваць і перагледзець беларускую ідэю. Ніхто з былых талакоўцаў ня выказаўся ў падтрымку такога «рэвізіянізму».

У Празе на рэчцы Вэлтава ёсьць так званы Славянскі востраў, а на ім стаіць стары палац. У гэтым палацы ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя зьбіраліся людзі, якіх цяпер чэхі называюць buditelé národa — будзіцелі народу. Сёньня пра гэта нагадваюць імянныя шыльды на сьценах палацу. Тыя чэскія дзеячы займаліся тым жа, чым займалася і Талака. Таму я думаю, што гэта вельмі дакладнае азначэньне і для талакоўцаў, якія самі прабудзіліся ад нацыянальнай летаргіі і пачалі актыўна працаваць для абуджэньня ўсяго народу.

У спрэчках пра ролю «Талакі» ў гісторыі цяпер таксама можна пачуць розныя вэрсіі і розныя падыходы. Я думаю, што Талака, ні многа ні мала, спрычынілася да нараджэньня новай хвалі нацыянальнага адраджэньня 80-90-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Майстроўня займалася выключна пытаньнямі культуры. У параўнаньні зь ёй Талака стала вялікім крокам наперад, бо на сваіх пасяджэньнях і ў сваёй дзейнасьці закранала ня толькі пытаньні культуры і мовы, але і палітыкі: мы абмяркоўвалі нацыянальную палітыку ў СССР, вяртаньне гістарычнай праўды пра часы БНР і Другой сусьветнай вайны, пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека. Менавіта на пасяджэньнях Талакі, прысьвечаных нацыянальна-дзяржаўнай сымболіцы, упершыню ў Менску і Беларусі зьявіліся і былі прадэманстраваныя ня толькі талакоўцам, але і прыгнаным туды партыйным прапагандыстам бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Нават сам выбар аб’ектаў для талокаў — рэстаўраванае тады Траецкае прадмесьце і будучы музэй Ваньковіча ў Менску, мясьціны, зьвязаныя з памяцьцю паўстанцаў 1863 году — былі ня толькі культурным, але і палітычным выбарам. Нават арганізацыя масавых Купальляў у Вязынцы — мела таксама ня толькі культурніцкае, але і палітычнае значэньне, пра што сьведчыць і вялікая колькасьць міліцыі і шпегаў на гэтых сьвятах.

У другой палове 1980-х гадоў у Менску з гастролямі знаходзілася трупа украінскага тэатру імя Зенькавецкай са Львова, многія маладыя акторы якой былі ўдзельнікамі львоўскага аналягу Талакі — клюбу «Лэва». Яны адразу навязалі з намі сувязь і былі ўражаныя размахам дзейнасьці нацыянальнага моладзевага руху на чале з Талакой, казалі, што зайздросьцяць нам. А гэта ж былі заходнія ўкраінцы з украінамоўнага гораду!

Якія эпізоды ў дзейнасьці Талакі я лічу самымі яскравымі? Па вялікім рахунку ўся дзейнасьць клюбу была яскравай падзеяй у гісторыі Беларусі. Але ўсё ж сапраўды былі ня толькі шараговыя паседжаньні і рутынная праца на раскопках ці рэстаўрацыі помнікаў культуры, але больш важныя падзеі, якія ў значнай ступені прадвызначылі далейшае разьвіцьцё беларускага грамадзтва.

Першай яскравай падзеяй, да арганізацыі якой разам з Таварыствам маладых літаратараў «Тутэйшыя» спрычынілася Талака, сталі Дзяды 1987 году ў парку Янкі Купалы ў Менску. З прамовай на тым, фактычна, першым антысавецкім мітынгу ў гісторыі БССР, калі ўпершыню публічна былі названыя імёны Ластоўскага, Лёсіка, Некрашэвіча, Цьвікевіча і іншых рэпрэсаваных дзеячоў, выступіў Анатоль Сыс, а напісалі яе на папярэднім паседжаньні Талакі Алесь Бяляцкі, Сьвятлана Лобач (Жынкіна) і я. Сотня ўдзельнікаў мітынгу стаяла з кветкамі каля помніка Янку Купалу ў атачэньні таксама сотні партыйных чыноўнікаў і агентаў КДБ, а сам парк уздоўж праспэкту Леніна і вуліцы Купалы быў аточаны чорнымі «Волгамі» і міліцэйскімі «казламі».

Другая падзея — Вальны Сойм беларускіх суполак, праведзены Талакой пры супрацы з ЦК ЛКСМБ ў адным зь піянэрскіх лягераў каля Ракава пад Менскам ў сьнежні 1987 году. У аргкамітэт Сойму ўваходзілі Сяржук Вітушка, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Алеся Сёмуха, Алесь Суша і я. Два месяцы мы як на працу хадзілі на перамовы зь Бюро ЦК ЛКСМБ у будынак ЦК на вуліцы Карла Маркса ў Менску. Камсамольцы патрабавалі, каб мы выкрасьлілі з праектуаў пастановаў сэкцыяў Сойму тыя або іншыя пункты ў абмен на арганізацыйную і матэрыяльную дапамогу ў правядзеньні зьезду. Урэшце ім удалося выкрасьліць амаль усё для нас важнае. Тады мы вырашылі пайсьці на хітрасьць. Дапамогу ад камсамолу прыняць, але падчас працы Сойму прапанаваць яго дэлегатам самім вырашыць, за якія дакумэнты галасаваць — узгодненыя з камсамолам або нашы, талакоўскія. Я кіраваў працай гістарычнай сэкцыі і дагэтуль памятаю паніку двух сустаршыняў сэкцыі — Міхаіла Падгайнага ад ЦК ЛКСМБ і Аляксея Караля ад ЦК КПБ — калі я дастаў стары праект пастановы сэкцыі, за які дэлегаты і прагаласавалі. Тады ўпершыню публічна быў агучаны лёзунг маладых гісторыкаў «Беларусы павінны глядзець на гісторыю сваімі ўласнымі вачыма».

На другі дзень Сойму на агульным паседжаньні перад сотнямі ўдзельнікаў выступіў запрошаны намі Зянон Пазьняк. Думаю, што тады ён упершыню ўбачыў патэнцыйную магчымасьць для стварэньня народнага руху, бо ў залі сядзелі сотні беларускамоўных дэлегатаў з усіх абласьцей рэспублікі. І не памыліўся, бо менавіта ўдзельнікі моладзевых клюбаў па ўсёй Беларусі, так званыя «нефармалы», аб’яднаныя на Сойме ў правобраз БНФ — Канфэдэрацыю беларускіх суполак, і сталі касьцяком груп падтрымкі аргкамітэту Фронту, створанага ўвосень 1988 году.

Таксама важнымі падзеямі ў жыцьці ўсёй Беларусі сталі два водныя ральлі, праведзеныя талакоўцамі. Першае супраць пабудовы Даўгаўпілскай ГЭС у 1987 годзе па Заходняй Дзьвіне, другое ў 1988 годзе па Прыпяці супраць абвалаваньня гэтай рэчкі, якое пагражала экалягічнай катастрофай. Быў таксама мітынг у абарону Верхняга гораду ў Менску ад будаўнікоў мэтро вясной 1988 году і некалькі агульнагарадзкіх круглых сталоў пра патрэбу рэстаўрацыі і рэгенэрацыі гістарычнай часткі Менску, другі Вальны Сойм Канфэдэрацыі беларускіх суполак у Вільні і яшчэ процьма розных культурніцкіх і палітычных акцыяў, падарожжаў і сустрэчаў.

І ва ўсім гэтым самы непасрэдны кіраўнічы і арганізацыйны ўдзел браў Сяржук. Пякуча шкада, што лёс адпусьціў яму так мала здароўя і часу.

І як добра, што Сяржук наогул быў і жыў. Я ня бачу іншай кандыдатуры на тую ролю, на якую гісторыя абрала яго.

XS
SM
MD
LG