Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​Стужкі навінаў раз за разам прыносяць чарговыя тэорыі навукоўцаў пра час. Раней пісалі што ён паскараецца, а цяпер пачалі сьцьвярджаць, што запавольваецца і некалі наогул спыніцца. Я думаю, што ўсё ж паскараецца, прычым няўмольна, для кожнага з нас, асабліва ў другой палове жыцьця. Паскараецца і забірае людзей аднаго за адным, аднаго за адным.

Цяпер вось Хронас узяўся і за пакаленьне адраджэнцаў 80-х. Няма ўжо Анатоля Сыса, Тані Сапач (Дубавец), Арыны Вячоркі. Пайшоў у бясчасьсе і Сяржук Вітушка.

У верасьні 1984 або 1985 году (не магу цяпер дакладна ўспомніць) на гістфаку БДУ зьявіўся бялявы хлопец з блакітнымі вачыма і адкрытым прыязным тварам. Я ў той год чамусьці ня быў пасланы на бульбу, а мыў вокны ў аўдыторыях і вэстыбюлі. І дагэтуль памятаю сваё радаснае зьдзіўленьне, нават шок, калі пачуў, што нехта за сьпінаю гучна і са смакам на ўвесь калідор размаўляе па-беларуску. Я, натуральна, кінуў свой занятак і пайшоў знаёміцца — у нас на гістфаку ўжо быў беларускамоўны гурток.

Гэтым новым студэнтам быў Сяржук Вітушка. Тады якраз арганізоўвалася «Талака», адбываліся першыя паседжаньні, Сяржук стаў яе старшынём, і, дзякуючы яму, туды неўзабаве трапіў і я.

Цяпер часам спрачаюцца пра ролю ў апошнім адраджэньні той або іншай арганізацыі. Хтосьці кажа пра акадэмічны асяродак канца 60-х-пачатку 70-х, хтосьці пра мастакоўскі «Паддашак», хтосьці пра «Майстроўню» ці «Талаку», а нехта наогул усё пачынае з БНФ і яго фракцыі ў Вярхоўным Савеце ХІІ-га скліканьня. Таксама часам даводзіцца чуць, што ў 80-я гады не было беларускай моладзі, што ўсё навокал было расейскае, і што сапраўды адданая нацыянальная моладзь зьявілася толькі цяпер. Гэта, канечне, усё няпраўда. Менавіта з моладзевага руху 80-х гадоў вырас БНФ, які і прывёў краіну да новай хвалі адраджэньня ў канцы 80-х пачатку 90-х гадоў. Калі ў 1987 годзе пад Ракавам мы праводзілі першы Вальны Сойм беларускіх моладзевых суполак, дык туды зьехаліся дэлегаты ад дваццаці або трыццаці беларускіх моладзевых клюбаў з усёй Беларусі, а ў другім Вальным Сойме ў Вільні праз паўтара года ўдзельнічалі ўжо прадстаўнікі ад 60 ці 70 суполак. Калі 19 кастрычніка 1988 году быў створаны аргкамітэт БНФ, дык назаўтра тысячы гэтых маладых людзей стварылі ў сваіх калектывах групы падтрымкі фронту.

І адным зь нязьменных лідэраў усяго гэтага грамадзкага працэсу быў Сяржук Вітушка. Ён — адзін з тых, дзякуючы каму сёньня на мапе сьвету ёсьць незалежная Беларусь. Я разумею, што для гэтага працавалі, ішлі ў турмы і гінулі многія пакаленьні беларусаў. Але ў 80-я гады ХХ стагодзьдзя — адным зь лідэраў беларушчыны быў ён.

Я мог бы прыгадаць шмат чаго асабістага ў нашых дачыненьнях і некалі гэта абавязкова зраблю. Цяпер проста хочацца даць пару штрыхоў да гэтай выбітнай постаці нашай гісторыі ХХ стагодзьдзя.

Усе, хто памятае яго па талакоўскіх вандроўках, «талоках» ці паседжаньнях, ведаюць, наколькі гэта быў сумленны і адданы Беларусі чалавек. Ён любіў Беларусь аддана і далюбіў яе да канца, нічога не беручы і ня просячы ўзамен. У 2010 годзе, адказваючы на пытаньне анкеты «Свабоды», кім з сучасьнікаў вы захапляецеся, ён адказаў: «Усімі, хто арэ на ніве беларушчыны». Гэта вельмі незвычайна, бо з узростам людзі пачынаюць ня толькі даваць, але і браць нешта для сябе, а некаторыя дык і наогул патрапляюць толькі браць. Вітушка аддаваў.

Ад самага моманту нашага знаёмства я зьдзіўляўся і другой Вітушкавай якасьці — бязьмежнай дабрыні. У сваім стаўленьні да людзей вакол сябе ён быў абсалютным хрысьціянінам яшчэ тады, калі нічога ня ведаў пра Хрыста.

І яшчэ мне цяпер думаецца пра яго мужнасьць. Быў ён мужны заўсёды. Напрыклад, на Дзяды 1987 году, калі мы разам стаялі з кветкамі ля помніка Янку Купалу на першым антысавецкім мітынгу ў гісторыі савецкай Беларусі, а парк Янкі Купалы быў увесь аточаны чорным «Волгамі» КДБ, і мы ня ведалі, ці застанемся студэнтамі і куды пасьля мітынгу трапім — дадому ці на вуліцу Камсамольскую... Быў ён мужны і тады, калі мы зьбіралі ў другой палове 80-х у шматкватэрных дамах на менскіх ускраінах подпісы за адкрыцьцё беларускамоўных садкоў і клясаў. Некаторыя плявалі ў твар, некаторыя кідаліся біцца, а ён усё роўна не пераходзіў на расейскую і спрабаваў пераканаць і подпіс той здабыць... Быў ён мужны і ў змаганьні са сваімі хваробамі, якія яго мучылі і зьвялі такі нарэшце ў магілу. Гісторыя яго мужнага змаганьня са сваімі нягодамі — гэта наогул прыклад усім нам.

Я цяпер думаю, чаму менавіта яму, аднаму зь лепшых сыноў Беларусі, былі пасланыя такія выпрабаваньні і пакуты? У 80-я гады ён яшчэ даваў рады сваёй цукроўцы, сам сабе робячы ўколы і падчас паседжаньняў, і падчас вандровак, раскопак і г.д. Калі ж 90-я гады цяжка захварэла яго ўлюбёная дачушка, ён увесь аддаўся яе выратаваньню і якраз тады страціў кантроль над сваёй хваробай. Тады яна і пачала яго ў нас забіраць...

Я часам званіў яму ў Вільню, адзін раз прыяжджаў і жыў у яго два тыдні... Калі ён асьлеп, тэлефонныя размовы сталі для яго практычна адзінай камунікацыяй са сьветам. А я, працуючы і пераадольваючы свае праблемы, званіць часьцей ня стаў. Цяпер ужо і прабачэньня не папросіш...

Я перакананы, што некалі нашчадкі назавуць адну з вуліц менскай Курасоўшчыны, дзе жыў Сяржук Вітушка, яго імем. Я таксама ўпэўнены, што нашчадкі паставяць у Менску і помнік Сержуку.

А можа гэта яшчэ пасьпеем зрабіць і мы...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG