Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэнік Лойка: Але глянеш на яго і бачыш анёла


Сяржук Вітушка другі справа

Сяржук Вітушка другі справа

Пра Сержука Вітушку і Талаку распавядае скульптар Гэнік Лойка.

Гэнік Лойка

Гэнік Лойка

Неяк я быў у рэдакцыі «Нашай Нівы». Там маладыя хлопцы жартавалі: «У даўнейшыя часы, як казалі нашы дзяды – Сяржук Вітушка…» Я таксама рагатаў, бо ніяк не спалучыць гэтага вечнага юнака Сержука з вобразам продка, дзеда. Так што моладзь адэкватна ўспрымае тую зьяву пад назваю Талака.

Сёньняшнім юнакам і дзяўчатам хачу сказаць, што Талака – гэта такая ж маладзёвая тусоўка, як і цяперашнія, і даўнейшыя і спракаветныя. Спакон вякоў маладыя людзі прыцягваліся адно да аднаго, гуртаваліся на вячорках сі клюбах, тусоўках. І ў нас, на Талацэ, паміж будзённымі сьмехамі, жартамі, сьпевамі, каханьнямі дзесьці ў глыбіні таілася адчуваньне, што мы прыйшлі на гэты сьвет, каб зрабіць яго лепшым, каб зрабіць Беларусь.

Вядома ж, мы таксама, як і вы, хавалі, душылі сьмехам падобную патаснасьць. І Сяржук Вітушка быў такім жа, і жартаваў, і гаварыў па справе. Але глянеш на яго і бачыш анёла... Гэтага не адняць.

Дарэчы, згадаўся адзін сьмешны эпізод. Папрацаваўшы на Траецкім прадмесьці, сабраліся мы ў бытоўцы прараба Жыха ды сталі абмяркоўваць свае клюбныя справы. Вітушка горача нешта казаў. Справы важныя, глябальныя. І тут Сыс як заўсёды цынічна: «Ты хаця ўрокі вывучыў?» Усе ад рогату пакаціліся, а найпершы Вітушка.

Талака адрозьніваецца ад сучасных тусовак тым, што была адзінаю. Дакладней, у дзяржаве адзінаю маладзёжнай арганізацыяй прызнаваўся толькі камсамол. Усё астатняе называлася нефармаламі. Дык у Беларусі ўсе нефармалы – гэта і ёсьць Талака. Былі, вядома ж, і гурткі кактусаводаў, і хуліганы. Напрыклад, па начах на праспэктах байкеры раўлі сваімі матацыкламі. Народ абураўся: «Эту Талаку расстраляць нада! Чыво ані па начам спаць не дают!» Вось такія недарэчнасьці былі з-за браку інфармацыі.

З намі афіцыёз змагаўся такімі артыкуламі, як «Пена на хвалі перабудовы». Але і мы адказвалі сваім самвыдам. Выпускалі ўлёткі, бюлетэні, часопісы. Народ быў галодны, вырываў з рук нашу інфармацыю. Сёньняшнія тусоўкі маюць лепшыя сродкі, але бяда іншая – ваша слова патанае ў моры інфармацыі. Народ ня хоча чытаць. Сёньняшнія ўлёткі на бліскучай паперы валяюцца пад нагамі.

Яшчэ раз вярнуся да слова «адзіная». У часы Талакі ўтваралася вельмі шмат гуртоў. «Тутэйшыя», «Узгор’е», «Нашчадкі», «Брама»… Усіх не зьлічыць. Але ўсё гэта было адзіным, цэльным рухам. Толькі назвы суполак розныя. Таму натуральна аб'ядналіся на Вальным Сойме ў Канфэдэрацыю зь Вітушкам на чале.

Перш, чым узгадаць, як я пазнаёміўся зь Вітушкам, мушу сказаць, як я зь ім разьвітаўся. Ён пакінуў запавет, каб Гэнік зрабіў крыж яму на магілу. А я ня змог. Эскізы зрабіў, а далей... Я вельмі ўдзячны майстрам, якія падхапілі гэтую справу і давялі да канца. Я так ня змог бы.

А сустрэліся мы ў нашым тэатральна-мастацкім інстытуце на сходзе па абароне дойлідзкай спадчыны. Ніколі такіх сходаў у нас не было. А чаму раптам гэты сабраўся? Бо студэнты зрабілі насьценгазэту «Міру – мір!!!» і выказалі такім чынам сваё абурэньне ад пажару ў Мірскім замку. Тады кіраўніцтва, каб заспакоіць бунт, успомніла, што ёсьць ячэйка «Таварыства аховы помнікаў» і сабрала сход гэтай ячэйкі. Падтрымаць студэнцкі бок прыйшлі майстроўцы. Вось тады выступаў і гэты сьветлы хлопчык з ружовымі шчакамі. Такі ж самы, як і мы, выказваў тыя ж думкі, што і ў нас. У тыя часы (калі грамадзтва абуджалася ад камуністычнага сну) было характэрна мысьліць у адзіным рэчышчы. Розныя людзі кожны сваім шляхам прыходзілі да аднаго – тварыць Беларусь. Майстроўня, Талака, Фронт – гэта натуральны поступ. А цяпер найменшыя нюансы разьдзіраюць цэлыя партыі на антаганістычныя бакі. Два беларусы – тры партыі.

Мы ладзілі талокі. Гэта не пустая дзейнасьць, а канкрэтная, матэрыяльная справа. Таму ідэолягі матэрыялізму нас не маглі разагнаць. Наша суполка была шчырая і адкрытая, як сам Вітушка. Былі, напэўна, і стукачы.

Аднойчы была ў нас нейкая рэпэтыцыя. У залю зайшоў і сеў адзін студэнт з палітэхнічнага. Сыс да яго падышоў і ў характэрнай для яго манеры стаў прыставаць: «Цябе сюды кагэбэ прыслаў?» Вітушка абсёк такія нападкі. Той хлопец навучыўся размаўляць па-беларуску і нават узначаліў Талаку поплеч зь Вітушкам, Сушам, Івашкевічам. Адно тое, што чалавек гаворыць па-беларуску, ужо дзейнічае супраць рэжыму. Што тыя стукачы маглі зрабіць супраць беларускае плыні?

Майстроўня сканчалася дзесьці ў 1984 годзе. Летам майстроўцы выйшлі з плякатам пад бульдозэр, каб абараніць будынак першага тэатру. Трапілі ў міліцэйскі пастарунак. Увосень ужо адчувалася, што кагэбісты зацікавіліся намі ўсур'ёз, сталі шукаць зачыншчыкаў і дарослых кіраўнікоў. А іх няма. А можа, існуе таемная арганізацыя ў Акадэміі Навук? Пры гэтым, на чале з Нілам Гілевічам? Ды не, такога быць ня можа. А Зянон Пазьняк? А гэтае імя мы яшчэ ня чулі.

У нашым тэатральна-мастацкім інстытуце таксама адчувалася кіпучая работа. Аднойчы мяне выклікалі ў кабінэт камсамолу, далі нейкі артыкул з газэты «Чырвоная змена». «Вашыя подпісы?» – пытаюцца. А я не магу сьцяміць, рукі дрыжаць. Нарэшце ўспомніў, было такое. «Ну дык дзейнічайце. Што ж вы так? У газэту напісалі, а самі ў кусты?»

А было так. Наша сяброўка ў Майстроўні Віялета Ефіменка падпрацоўвала ў «Чырвонай змене». Ёй трэба было адказваць на лісты чытачоў. Адзін ліст ад імя Сержука Цімохава, майго і, напэўна, Яўгена Валасевіча яна напісала сама. Паказала нам на Майстроўні. Мы тады дружна парагаталі: «О, які штыль! Няўжо гэта мы так напісалі?» І забыліся. А там гаварылася пра суботнікі, што трэба ратаваць спадчыну, удзельнічаць у рэстаўрацыі Траецкага прадмесьця. Знаёмыя, блізкія нашаму сэрцу ідэі.

Вядома ж, нам было важна прапагандаваць свае ідэі любымі спосабамі, асабліва легальнымі. Кагэбістам таксама было важна выявіць нас, каб кантраляваць. Таму яны нас і выпусьцілі з рыдлёўкамі на суботнікі ў Траецкае прадмесьце. Там і пачала кшталтавацца новая суполка з парэшткаў Майстроўні. Выдумлялі назву. У мяне быў старэйшы сябра Алесь Мірончык​. Мы зь ім часам па-летувіску размаўлялі. Я ў яго і запытаўся: «А як па-летувіску будзе суботнік?» – «Талкá» – «Дык і ў нас жа такое слова!» На наступным субутніку кажу: «А давайце назавемся як-небудзь не Маладзёвы клюб «Адраджэньне», а Маладзёвая талака «Адраджэньне». Але назвалася само так, як і маем назаўжды – ТАЛАКА.

XS
SM
MD
LG