Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Гуркоў: Сяржук быў тварам усяго беларускага маладзёвага руху


Талакоўскі «ланцуг». Другая палова 1980-х. Сяржук Вітушка ў цэнтры
Талакоўскі «ланцуг». Другая палова 1980-х. Сяржук Вітушка ў цэнтры

Пра Сержука Вітушку піша прадпрымальнік Алесь Гуркоў, які ў часы Талакі стварыў у Беларускім тэхналягічным інстытуце аб’яднаньне «Сьвітанак».

Алесь Гуркоў
Алесь Гуркоў

У часы Талакі я быў ужо сьведамым беларусам. Пасьля службы ў войску прыехаўшы на Радзіму (1986 ці 1987 год), я адразу распачаў шырэйшую беларускую працу ў сваім інстытуце. Адпаведна я шукаў кантактаў з падобнымі да сябе па-за інстытутам, больш дасьведчанымі ў беларускай працы, каб атрымаць веды, літаратуру, матэрыялы і г.д., з чым я мог потым выходзіць да свайго асяродзьдзя.

Са старэйшымі мне было цяжэй, перад Вінцуком Вячоркам, да прыкладу, я сябе адчуваў як студэнт перад выкладчыкам, з увагі на яго красамоўства і мондрасьць. Сяржук быў майго ўзросту і мне было зь ім прасьцей.

Дык вось гэтай інфармацыйнай пляцоўкай была Талака, на ўсе паседжаньні якой я спраўна хадзіў, і тое было мне цікава. Нейкай актыўнай працай (фізычнай) у Талацэ я не займаўся, не было часу.

Маршалкам тых паседжаньняў быў, як вядома, Сяржук Вітушка. Напэўна ня быў ён мозгам усяго гэтага зьявішча Талака, але вось гэткім нястомным завадатарам, каардынатарам і тварам ўсяго беларускага маладзёвага руху, мне ён запомніўся.

Трэба зразумець, што гэта быў час, калі беларускую патрыятычную інфармацыю зьбіралі па драбніцах, усё было пад уціскам камуністаў. Маглі нешта пачуць на беларускай Сабодзе, прыём якой не заўсёды быў добры, маглі штось прачытаць у ЛіМе, вось бадай і ўсё. Таму паседжаньні Талакі былі ня толькі глытком сьвежага паветра, а і практычнай пляцоўкай, дзе мы маглі атрымаць нейкую беларускую інфармацыю, каб затым шырэй яе несьці ў масы.

Хатні тэлефон Сержука у Менску памятаюм да сяньня. Часам цяжка было дазваніцца, але звоніў у любой патрэбе і ў любы час, вельмі любіў калі падымала слухаўку Ларыса Вітушка (сястра), бо мела і мае надзвычай прыемны тэмбар голасу. Ня ведаю, адкуль гэта ў іх, але ўся радзіна (маці, Сяржук і сястра) стварала вельмі пазытыўнае ўражаньне, былі вельмі інтэлігентнымі і сымпатычнымі людзьмі.

Запомніліся нейкія дробязі, часам неістотныя, але між іншым ўрэзаліся ў памяць. Ну, да прыкладу, капаў пад Маладэчнам Эдвард Зайкоўскі Дзявочую гару, Сяржук запрасіў мяне памагчы. З раніцы, сонейка, лета, усё буяе, прыгажосьць неапісальная, я падымаюся неяк зьнізу і гляджу – на пагорку сядзіць Сяржук, расклаўшы скрыначку са шпрыцамі... У мяне шок! Што гэта? Гэтак даведаўся, што Сяржук хворы на цукрыцу, бо ён ніколі гэтага не афішаваў і не чакаў спагады ці якога іншага да сябе стаўленьня, проста нёс гэты свой крыж.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG